На мінулым тыдні ў Нацыянальным выставачным цэнтры “Белэкспа” ў Мінску прайшоў XVIII Міжнародны вясновы кірмаш турыстычных паслуг “Адпачынак-2015”. У ім прыняло ўдзел больш за 200 кампаній з Беларусі, Расіі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Балгарыі, Турцыі, Ізраіля і іншых краін. Прыемна, што на мерапрыемства, арганізаванае Нацыянальным агенцтвам па турызме Рэспублікі Беларусь, былі запрошаны і прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму Ушацкага райвыканкама. Пра турыстычны патэнцыял раёна ўдзельнікам кірмашу і яго гасцям расказаў багаты раздатачны матэрыял, а таксама рэкламная прадукцыя санаторыя “Лясныя азёры”. Прыйшліся ўсім да спадобы і напоі, выпушчаныя нашым агароднінасушыльным заводам.
Эксперты турыстычнай галіны падзяліліся з беларусамі, у тым ліку ўшачанамі, перадавым вопытам па прыцягненні кліентаў. Адной з самых абмяркоўваемых тэм стала папулярызацыя экалагічнага турызму, а таксама дапамога ў ажыццяўленні ўнікальнага праекта “З варагаў у грэкі”.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.