Да прыёму гасцей у дзіцячым доме сямейнага тыпу ўжо падобраму прывыклі: вось і на мінулым тыдні да яго выхаванцаў завіталі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму І.Ф.Сыроўчанка і дырэктар сацыяльнапедагагічнага цэнтра г.п.Ушачы Н.В.Мялешка, а пасля іх візіту “сямейны скарб” гаспадароў дома папоўніўся новым веласіпедам, посудам і інвентаром. Дабрачынную дапамогу для набыцця падарункаў аказала “Фірма МОКА” – гандлёвавытворчае прадпрыемства, якое на працягу апошніх гадоў займаецца нарыхтоўкай вінаграднай уліткі на тэрыторыі нашага раёна.
Абкатку новага транспарту Віка (старэйшая з прыёмных дачок Надзеі Ігнатаўны Трэмбач) правяла адразу ж і ацаніла яго вартасці на выдатна.
– Веласіпед для вясковых падлеткаў – рэч неабходная, – заўважае мацівыхавальніца. – Адзін у нас ужо быў, другі нядаўна набылі за ўласны кошт, так што старэйшыя хлопчыкітёзкі Валодзі двухколавым транспартам забяспечаны, цяпер будзе на чым катацца і Вікі, а таксама Сашы, які летась паступіў вучыцца ў Лепель, але практычна на кожныя выхадныя прыязджае да нас у Арэхаўна.
У самой жа Надзеі Ігнатаўны зараз гаспадарчыя планы найперш звязаны з работамі на прысядзібным участку. Правесці добраўпарадкаванне падворка пасля зімовага сезона сям’і дапамаглі работнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму, якія ў мінулую пятніцу правялі тут суботнік. Ну а наступнымі гасцямі на іх падворку будуць рабочыя, што прывязуць і ўстановяць на ўчастку сучасную полікарбанатную цяпліцу, якая таксама будзе набыта за сродкі дабрачыннай спонсарскай дапамогі.
Наталля БАГДАНОВІЧ.