Брага текла рекой…на землю. Рейд по ушачским самогонщикам

Закон - один для всех

Падчас нядаўняга рэйду з супрацоўнікамі райаддзела міліцыі па дамах магчымых “вытворцаў” і рэалізатараў алкагольных напояў давялося сутыкнуцца з такой сітуацыяй. У першай палове дня ў доме жыхаркі адной з вёсак Жарскага сельсавета, рассеўшыся вакол стала, ужо дастаткова нецвярозыя мясцовыя жыхары актыўна нешта абмяркоўвалі. Як пазней высветлілася, нагодай для застолля стала тое, што нехта з прысутных напярэдадні дапамог гаспадыні абрэзаць яблыні ў садзе. Пілі ўжо другі дзень. “Драбязніцца” тарай прысутныя на гэтым свяце жыцця не сталі – брагу ўжывалі адразу паўлітровымі слоікамі. Бідон з названай вадкасцю стаяў побач (на здымку).

Візіту ўчастковага інспектара міліцыі ні гаспадыня, ні яе госці яўна не чакалі. Пакуль рабіўся агляд дома, а ў адносінах пенсіянеркі складаўся адміністрацыйны пратакол за незаконны выраб брагі, яе сабутэльнікі чакалі працягу застолля – нехта, каб не мазоліць вочы праваахоўнікам, ціха сядзеў у адрыне, хтосьці “наразаў кругі” вакол дома. Непрыемнай навіной для ўсіх іх стала тое, што “жыватворны” напой будзе выліты. Што, дарэчы, і было зроблена. Але перад гэтым гаспадыня, якую не спыняла прысутнасць побач супрацоўнікаў міліцыі, яшчэ некалькі разоў падыходзіла з кружкай да бідона і мусіла зачарэпнуць брагі, каб наталіць смагу. Калі ж жанчыну папрасілі паставіць подпіс у складзеным пратаколе, яна не змагла нават утрымаць ручку. “Давай, мілок, распішамся разам, – прапанавала выйсце ўчастковаму інспектару нецвярозая пенсіянерка. – Ты трымай маю руку, а я подпіс паспрабую вывесці”. Назіраць такую карціну без смеху было проста немагчыма. Але ж смех гэты быў з доляй суму, бо ў такім стане, на жаль, штодня знаходзяцца многія жыхары раёна.

Па другім адрасе на тэрыторыі Вяркудскага сельсавета, дзе з праваахоўнікамі мы былі ўжо не ўпершыню, на прапанову добраахвотна выдаць незаконны алкаголь муж і жонка толькі разводзілі рукамі, маўляў, падобнай вадкасці ў іх няма: ранейшы горкі вопыт навучыў. Калі ж падчас агляду памяшканняў была знойдзена бутэлька самагону, а супрацоўнік міліцыі пачаў складаць адміністрацыйны пратакол, гаспадары патлумачылі: “Дык гэта ж не на продаж, а для ўласных патрэб!” У праўдзівасць гэтых слоў паверылася слаба: мутная вадкасць з плаваючым у ёй смеццем даверу, мякка кажучы, не выклікала. Між тым, ад адказнасці гэта грамадзян у любым выпадку не выратуе, матэрыялы па справе накіраваны ў суд.

Самагонны апарат знайшлі ў доме жыхаркі адной з вёсак Ушацкага сельсавета. Па словах грамадзянкі, выкарыстоўваць яго па прамым назначэнні яна не збіралася, а ад вырабу брагі і самагону даўно адмовілася. І ўсё ж адказаць перад законам за захоўванне забароненай прылады жанчыне давядзецца.

“Героі” нашага аповеду ўжо атрымалі заслужанае пакаранне. Не станавіцеся наступнымі!

Для таго, каб няведанне “антыалкагольнага” заканадаўства не прывяло іншых жыхароў раёна да сур’ёзных непрыемнасцяў, мы папрасілі расказаць пра існуючыя забароны і меры адказнасці ўчастковага інспектара райаддзела міліцыі Сяргея Мікалаевіча ТАРГОНСКАГА:

Згодна з дзеючым заканадаўствам выраб моцных алкагольных напояў (самагону) і паўфабрыкатаў для іх вырабу (брагі) нават для ўласнага ўжытку забаронены і прадугледжвае папярэджанне або штраф да 5 базавых велічынь. Калі ж у вас будзе выяўлены факт захоўвання больш 5 літраў самагону ці больш 30 літраў брагі, то сума штрафу павялічыцца – ад 5 да 30 базавых. Такія ж санкцыі чакаюць грамадзян, якія здзейсняць аналагічнае правапарушэнне паўторна на працягу года. Наяўнасць самагоннага апарата – таксама падстава для прыцягнення чалавека да адказнасці. Як, дарэчы, і набыццё самагону або брагі ў іншых асоб (папярэджанне або штраф у памеры да 5 базавых велічынь). Ва ўсіх узгаданых выпадках напоі, паўфабрыкаты і апараты падлягаюць канфіскацыі. Да ведама: самагонам лічацца алкагольныя напоі з аб’ёмнай доляй этылавага спірту 28 і больш працэнтаў, вырабленыя фізічнымі асобамі шляхам браджэння сыравіны і наступнай перагонкі.

Для тых, хто хоча дапамагчы супрацоўнікам міліцыі і сем’ям, якія церпяць ад самагоннага прэсінгу і трапілі ў алкагольнае рабства, нагадаю: па нумары 102 можна ананімна паведаміць пра факты незаконнага захоўвання, рэалізацыі спіртаўтрымліваючай вадкасці.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *