На жаль, у апошні час усё часцей можна ўбачыць маладога чалавека з бутэлькай піва ў руках. Многія падлеткі памылкова лічаць, што ўжыванне гэтага напою – моднае веянне, яно стварае прыязную атмасферу, дапамагае адпачыць, расслабіцца. У той жа час нельга забываць, што піва – хоць і слабы, але алкагольны напой, які негатыўна ўздзейнічае на арганізм чалавека, тым больш неакрэплага. Шкода ёсць нават ад так званага “безалкагольнага” піва, паколькі алкаголь у ім усё ж прысутнічае, хоць і ў вельмі невялікай (да 0,5 працэнта) колькасці. Да таго ж смакавыя адчуванні такога напою могуць справакаваць цягу да сапраўднага піва.
Пастаяннае спажыванне пеннага спрыяе развіццю атлусцення. Як вядома, піва – малакаларыйны напой (40-50 ккал у 100 г), але ў ім утрымліваюцца горкія рэчывы, этылавы спірт, вуглякіслы газ, якія стымулююць апетыт, а гэта ўжо пагражае пераяданнем. Па-другое, піва засвойваецца вельмі лёгка, бо яго пажыўныя рэчывы падвергліся апрацоўцы падчас падрыхтоўкі соладу і варэння сусла. Па-трэцяе, гэты напой звычайна ўжываюць з каларыйнымі прадуктамі – вэнджанай рыбай, кальмарамі, арэшкамі, якія арганізм амаль стопрацэнтна засвойвае.
Да паўнаты далучаюцца адышка, зніжэнне працаздольнасці, з’яўляюцца праблемы са здароўем і, як следства, жыццё становіцца непаўнацэнным, рэзка змяншаецца яго працягласць. У жанчын прапарцыянальна выпітаму піву расце верагоднасць захварэць на рак грудной залозы.
Парог і хуткасць узнікнення і прагрэсіравання піўнога алкагалізму ў розных людзей адрозніваецца ў разы, што залежыць найперш ад устойлівасці абмену рэчываў. Відавочна, што рызыка павялічваецца пры раннім (раней за 18 гадоў) пачатку алкагалізацыі, пры сістэматычным ужыванні піва, а таксама пры звычцы за раз выпіваць больш літра пеннага.
На сённяшні дзень ва Ушацкім раёне на ўліку ва ўрача-нарколага знаходзіцца 521 чалавек, 81 з якіх пастаўлены ў 2014 годзе. Каб не папоўніць іх рады, будзьце ўважлівыя да сябе, атрымлівайце ад жыцця, у тым ліку і ад піва, радасць – але не трапце ў пастку. Пры ўзнікненні ж праблем неадкладна спыніцеся, самастойна ці з дапамогай медыкаў.
В.НАЎЦЭНЯ, урач-нарколаг Ушацкай ЦРБ.