Віцебская абласная інспекцыя Дзяржстандарту ў студзені-лютым правяла праверку Ушацкага райспажыўтаварыства, падчас якой быў выяўлены шэраг парушэнняў. Так, вырабленыя прадпрыемствам тарты “Бісквітны з бялковым крэмам” і пірожныя “Бісквітнае” не адпавядалі патрабаванням тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза “Аб бяспецы харчовай прадукцыі” па мікрабіялагічных паказчыках – утрыманне мікраарганізмаў і дражджэй у названых вырабах перавышала норму. Для вырабу тартоў і пірожных выкарыстоўваліся сталовыя курыныя яйкі замест дыетычных, што, разам з нездавальняючым санітарным станам вытворчых памяшканняў, з’явілася прычынай выпуску нядобраякаснай прадукцыі.
Устаноўлены таксама парушэнні ў маркіроўцы харчовай прадукцыі 13-ці найменняў, у тым ліку сярод тавараў уласнага вырабу, якія рэалізоўваліся ў магазіне “Кулінарыя”. Выяўлены факт неадпаведнасці фасаваных макаронных вырабаў “Ролтан” (вытворца: ААТ “Маравен Фуд Сэнтрал”, РФ) па заніжанай колькасці тавару – 436,5г пры ўказанай на ўпакоўцы норме 450г.
Па выніках праверкі прадпрыемству выдадзена прадпісанне аб ухіленні парушэнняў; складзены пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях на юрыдычную асобу, чатыры пасадныя асобы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Н.БАРАВІКОВА, начальнік Полацкага аддзела дзяржнагляду.