Народный клуб «Адраджэнне» приглашает ушачан к сотрудничеству

Культура

У апошні час узрастае цікаўнасць у асноўным жаночай часткі насельніцтва Ушацкага раёна да дзейнасці народнага клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў “Адраджэнне” Ушацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Хтосьці цікавіцца супрацоўніцтвам з нашым калектывам, хтосьці нашымі выставамі.

Аматарскі клуб майстроў і мастакоў пачаў сваё існаванне ва Ушацкім раённым Доме культуры ў 1993 годзе. Арганізатарам і першым кіраўніком клуба  стала майстар лозапляцення і фларыстыкі Алена Паўлаўна Каваленка. Ужо ў 1996 годзе калектыў атрымаў пачэснае званне “народны”, якое неабходна пацвярджаць кожныя тры гады. Якраз у ліпені бягучага года адбудзецца чарговае пацвярджэнне, ужо ў 6­ы раз.

Майстры і мастакі нашага клуба вядуць актыўную работу па прапагандзе народнай творчасці, праводзяць розныя мерапрыемствы па захаванні народных традыцый і па падтрымцы народнай творчасці. Цесна супрацоўнічаем з Ушацкім  раённым Домам рамёстваў.

З ліпеня 2012 года калектыў правёў 85 выстаў рознага ўзроўню. Яны праходзілі як ва Ушачах, так і па­за межамі раёна. Апошняя выстава дэкаратыўна­прыкладнога мастацтва была прысвечана Дню жанчын і вельмі спадабалася наведвальнікам, хоць на ёй і была прадстаўлена толькі сувенірная прадукцыя. Найбольш важнымі і значнымі для нашых майстроў лічацца выставы, якія праходзяць у час міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў – “Славянскі базар у Віцебску”, “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах, “Вянок дружбы” ў Бабруйску, “Дняпроўскія галасы” ў Дуброўне. Нашы майстры з задавальненнем прымаюць удзел у рабоце “Горада майстроў” падчас правядзення абласных “Дажынак”, святах гарадоў Полацка, Наваполацка, Лепеля, Глыбокага, Віцебска, Мінска. Практыкуем мы і персанальныя выставы вядучых майстроў клуба, якія праводзім у раённых Дамах рамёстваў гэтых гарадоў. Часцей за ўсё выстаўляліся мастацкія работы ўшачан у Полацкім цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур: тут ужо адбыліся персанальныя выставы М.А.Багдановіча, Д.У.Крупені, сям’і Мурашовых, а ў сакавіку палачане ўбачылі работы майстра многіх народных  і сучасных відаў творчасці Ганны Бабянок. Прымаем удзел мы і ў шматлікіх выставах дэкаратыўна­прыкладнога мастацтва і конкурсах, якія праводзіць абласны метадычны цэнтр народнай творчасці. За гэта майстры і народны клуб былі ўзнагароджаны 26 дыпломамі толькі за 3 гады! Апошні з іх быў атрыманы ў лютым на абласным свяце “Масленічны разгуляй” у рамках агляду­конкурсу гісторыка­культурнай спадчыны, фальклору і рэдкіх традыцыйных рамёстваў “Букет Паазер’я” ў Гарадку.

Зараз мы збіраем матэрыял аб майстрах Ушаччыны ў агульную базу даных. Тыя, каго зацікавіла гэтая інфармацыя,  могуць пазваніць па тэлефоне 2­70­30, даслаць матэрыялы аб сваёй мастацкай дзейнасці (фотаздымкі майстра і яго работ). Упэўнена, што ў раёне знойдуцца жадаючыя далучыцца да нашага творчага калектыву, людзі, неабыякавыя да творчасці, народных традыцый і іх адраджэння.

А.КУЗУСЁНАК, кіраўнік народнага клуба народных майстроў і самадзейных  мастакоў “Адраджэнне”.

На здымку: на персанальнай выставе Г.Бабянок у Полацку



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *