У Беларусі з’явілася новая форма падтрымкі мнагадзетных бацькоў – сямейны капітал. Гэта значыць, з 1 студзеня 2015 года пры нараджэнні (усынаўленні, удачарэнні) трэцяга і наступнага дзіцяці, з бюджэту краіны выдзяляюць 10 тысяч долараў. Падрабязней пра нюансы дапамогі, афармленне неабходных дакументаў расказвае начальнік аддзела назначэння пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама К.А.ГАБЛАЯ.
– Сапраўды, права на сямейны капітал маюць грамадзяне Беларусі пры нараджэнні або ўсынаўленні трэцяга і наступных дзяцей. Аднак варта ўдакладніць: дапамога назначаецца толькі адзін раз, адзін з бацькоў і ўсе дзеці павінны пастаянна пражываць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, кожнаму з малых не павінна быць больш за 18 гадоў. За такой падтрымкай трэба звяртацца маці (мачасе) у поўнай сям’і, аднаму з бацькоў у няпоўнай, усынавіцелю (удачарыцелю). Калі ў поўнай сям’і маці (мачаха) не мае права на прызначэнне сямейнага капіталу, яно перадаецца бацьку (айчыму).
– Кацярына Аляксандраўна, што трэба найперш зрабіць, каб аформіць сямейны капітал?
– Напісаць адпаведную заяву ў нашым упраўленні. З сабой трэба прынесці пашпарты бацькоў (ці дакумент, які пацвярджае паўнамоцтвы прадстаўніка); пасведчанне аб нараджэнні ўсіх непаўналетніх дзяцей; пасведчанне аб шлюбе – для поўных сямей; пасведчанне аб смерці жонкі (мужа), копія рашэння суда аб скасаванні шлюбу або адпаведнае пасведчанне – для няпоўных сямей; копію рашэння суда аб усынаўленні (удачарэнні); дакумент, які пацвярджае факт выхавання дзяцей адным з бацькоў. На працягу пяці дзён з даты паступлення заявы мы самастойна запросім даведку аб месцы жыхарства, складзе сям’і і іншыя неабходныя дакументы. У такі ж тэрмін вам будзе даслана апавяшчэнне аб прынятым рашэнні, якое прымаецца ў месячны тэрмін з даты падачы заявы. Само рашэнне (афармляецца ў двух экземлярах) выдаецца ў рукі заяўніку або яго прадстаўніку ва ўпраўленні.
– Потым з гэтым рашэннем трэба ісці ў банк?
– Так. На працягу шасці месяцаў трэба звярнуцца ў падраздзяленне Беларусбанка з заявай аб адкрыцці дэпазітнага рахунку “Сямейны капітал”. З сабой трэба прынесці пашпарт і рашэнне аб прызначэнні сямейнага капіталу. Рахунак павінны адкрыць у той жа дзень, а Мінфін пералічыць на яго з бюджэту сродкі, на якія пасля будуць налічаць працэнты.
– Канечне, не дай Бог, але як быць, калі грамадзянін, якому прызначаны сямейны капітал, памрэ ці, скажам, будзе прызнаны прапаўшым без вестак, недзеяздольным?
– Дэпазітны рахунак адкрыецца на іншага члена сям’і з унясеннем змяненняў у рашэнне аб прызначэнні сямейнага капіталу. Для гэтага адзін з паўналетніх членаў сям’і ці законны прадстаўнік непаўналетняга звяртаецца ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган, які прыняў адпаведнае рашэнне.
– Як забраць грошы з рахунка?
– Права на распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу ўзнікае пры спаўненні дзіцяці, у сувязі з нараджэннем (усынаўленнем, удачарэннем) якога сям’я атрымала права на дапамогу, 18 гадоў. Варта памятаць, што гэта безнаяўныя грашовыя сродкі і траціць іх можна толькі на тэрыторыі Беларусі. Каб атрымаць іх, трэба будзе зноў звярнуцца ва ўпраўленне з заявай. Распараджацца ж грашыма можна парознаму. Напрыклад, сям’я можа аддаць такое права аднаму члену сям’і – усе павінны засведчыць згоду натарыяльна. Калі ж да такой дамоўленасці не прыйшлі, сямейны капітал размяркоўваецца паміж усімі членамі сям’і ў роўных долях, для чаго ім трэба звярнуцца ў Беларусбанк для адкрыцця асобных дэпазітных рахункаў “Сямейны капітал”.
– Ведаю, што сродкі сямейнага капіталу ў поўным аб’ёме і часткова можна выкарыстаць датэрмінова…
– Сапраўды, аднак толькі на аплату пэўных медыцынскіх паслуг. Зразумела, што для гэтага спатрэбіцца спецыяльнае заключэнне ўрачэбнакансультацыйнай камісіі дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя. Адзначу, што датэрміновае выкарыстанне сямейнага капіталу таксама не прадугледжвае выдачу наяўных грошай – банк пералічвае суму на рахунак арганізацыі аховы здароўя.
– Дзякуй за тлумачэнні.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.