Гонки по вертикали в центре Ушач. Некоторым автомобилистам не писаны правила и законы

Читатель поднимает проблему

На працягу двух месяцаў, лютага і сакавіка, на галоўнай  вуліцы гарпасёлка, Ленінскай, а дакладней, на прамежку ад музея да вуліцы Віцебскай (тое, што трапляе ў поле зроку), даводзіцца назіраць, як на вельмі вялікай хуткасці праносіцца іншамарка цёмнага колеру, не зважаючы ні на пешаходныя пераходы, ні на “спячых паліцэйскіх”, ні на знакі абмежавання хуткасці. Не магу сцвярджаць: адна гэта і тая ж машына або розныя, бо хуткасць такая, што не паспяваеш заўважыць ні нумара, ні вадзіцеля. Калі я такое ўбачыла ўпершыню, а здарылася  гэта на плошчы перад будынкам райвыканкама ў той час як вярталася з работы, мяне проста ахапіў жах і валасы падняліся дыбам, а ў ногі ўдарылася паветраная хваля. Само сабой узнікла пытанне: “Ці бачыць такое ДАІ?” Але потым падумалася: да кожнага міліцыянера не прыставіш. Хаця, зараз столькі прыбораў кантролю хуткасці існуе, няўжо ў нашым  райцэнтры няма ніякага, хаця б на галоўных вуліцах.

Потым такая ж карціна паўставала  яшчэ не раз. Прычым, незалежна ад часу сутак: і раніцай, і ўдзень, і вечарам. Апошні раз 28 сакавіка ў 20.40, што і прымусіла ўзяцца за паперу і ручку.

Я знаходзілася на тратуары каля парка, што насупраць раённага Дома культуры, калі з боку моста літаральна вылецела машына. Не прытарможваючы каля “спячага паліцэйскага”, яна проста ўзнялася на паўметра ад штуршка, маланкава апусцілася і такім жа чынам панеслася праз скрыжаванне па плошчы і знікла ў шэрым змроку.

А быў жа суботні вечар, па вуліцах прагульвалася моладзь і падлеткі. У такой сітуацыі абчапіся ты з галавы да ног флікерамі – нішто не ўратуе, не дай Божа пераходзіць дарогу ў такі момант.

Не ведаю: будуць сярод чытачоў газеты вадзіцелі (або вадзіцель) тых аўтамабіляў, але хачу да іх звярнуцца. Калі вы маладога ўзросту і вам хочацца адрэналіну, а вашымі ўчынкамі кіруе яўна не розум, то пракладзіце сабе дарогу ў чыстым полі або ў лесе і там “лётайце” хоць да страты пульсу.

А на дзяржаўным узроўні трэба падумаць, ці варта выдаваць вадзіцельскае пасведчанне ў 18-20 гадоў, можа, лепей пасля 25-ці або 30-ці, як у галаве з’явіцца разважлівасць і памяркоўнасць. Калі ж вы людзі больш сталага ўзросту, то, напэўна, жывяце па прынцыпе: “Грошы ёсць – розуму не трэба”. А вялікія штрафы і жорсткія пакаранні вас не пужаюць – вам усё па кішэні. Тады купіце сабе ракету, там хуткасці яшчэ большыя. А горкія людскія слёзы па знішчаных вамі ахвярах (а яны з вялікай верагоднасцю з’явяцца) не акупяцца ніякімі грашыма, калі нават ваша сумленне дазволіць глядзець людзям у вочы.

Я пішу гэты артыкул, бо не хачу, каб падобныя з’явы ў нашым невялікім пасёлку сталі заканамернасцю. А так як словы “закон” і “заканамернасць” – роднасныя, то асабліва я супраць такіх законаў, калі па вуліцах раз’язджаюць вар’яты.

Г.С.ДАНІЛЁНАК.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *