Ранняя вясна для дбайнага гаспадара азначае і ранняе адкрыццё сезона работ па добраўпарадкаванні, а людзям, якія прывыклі да чысціні на ўласным падворку, непрыемна рэжуць вока і непрыбраная агульная тэрыторыя, прылягаючая да іх сядзіб. Такім месцам для жыхароў вуліцы Маладзёжнай у вёсцы Двор Пліна да нядаўняга часу была “нічыйная” тэрыторыя плошчай каля паловы гектара ля штучнага вадаёма, які паступова зарастаў хмызняком. Знайшліся і нядобрасумленныя жыхары, якія, карыстаючыся прыроднай заслонай, пачалі выкідваць сюды смецце і адходы будаўнічых матэрыялаў. Але ж большасць уладальнікаў дамоў па Маладзёжнай не згадзілася жыць па суседстве са стыхійна ўзнікшай звалкай і ў мінулую суботу выйшлі на яе ліквідацыю. Узначаліла працоўны дэсант старшыня мясцовага самакіравання вёскі Надзея Восіпаўна Дунец, а ініцыятыву старэйшыны падтрымалі людзі розных пакаленняў: апраўдваючы назву вуліцы, з маладзёжным запалам у талаку сабраліся і пенсіянеры, і людзі нясталага ўзросту. Побач з маці працаваў Сяргей Дунец, таксама разам з сынамі Алегам і Уладзімірам выйшлі на суботнік Валянціна Васільеўна Падгол і Ганна Мікалаеўна Ярмош. Дзеля грамадскай адклалі ўласныя справы Таццяна Уладзіміраўна Нажэева, Міхаіл Ягоравіч Грак, Уладзімір Уладзіміравіч Літвін, Тамара Уладзіміраўна Калачова, Андрэй Аляксеевіч Смык. І нават Марыя Міхайлаўна Таргонская, якая жыве на суседняй вуліцы, па яе словах “з задавальненнем” прыйшла на дапамогу жыхарам Маладзёжнай.
Удзельнікі суботніка ўдзячны ляснічаму мясцовага лясніцтва Аляксандру Станіслававічу Баратынскаму за тое, што ў гэты дзень ён нягледзячы на запатрабаванасць на асноўнай рабоце ўсё ж адпусціў на дапамогу вяскоўцам У.Ярмоша з бензапілой. Са сваёй мотакасой выйшаў на суботнік М.Грак, таксама свой інструмент выкарыстоўваў для выдалення кустоўя А.Падгол, а С.Дунец на ўласным трактары вывез 6 прычэпаў кустоўя і чароту, паўтара – смецця.
Але аказваецца, што на гэтым справа не скончылася. Наведаўшы падчас суботніка вёску, старшыня Ушацкага сельвыканкама Васіль Іванавіч Шнітко пад уражаннем ад выкананых аб’ёмаў паабяцаў жыхарам Маладзёжнай дапамагчы тэхнікай для ачысткі вадаёма. У сваю чаргу жыхары вуліцы да Першамая плануюць пасадзіць на ачышчанай тэрыторыі дрэўцы, усталяваць лавачкі ды іншыя элементы добраўпарадкавання. Гэта той выпадак, калі працоўнае свята людзі плануюць адзначыць агульнай працай на агульную карысць.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.