Как поддерживается порядок на производственных территориях и возле домов ушачан?

Благоустройство

Адзін раз навесці парадак – недастаткова, трэба падтрымліваць яго пастаянна. Гэтая аксіёма павінна адкласціся ў свядомасці кожнага – як домаўладальнікаў, так і кіраўнікоў і работнікаў прадпрыемстваў. Падчас апошніх аб’ездаў гарпасёлка старшыня райвыканкама В.В.Родзіч разам з кіраўнікамі зацікаўленых службаў паглядзеў, як падтрымліваецца парадак на вытворчых тэрыторыях і ля сядзіб жыхароў гарпасёлка.

На вытворчых тэрыторыях

Адным з пунктаў агляду стаў забойны пункт райспажыўтаварыства. Падчас наведвання старшынёй райвыканкама гэтага аб’екта ў мінулым годзе тут было выяўлена мноства недахопаў, зроблена шмат заўваг. За прайшоўшы час тут зрабілі неабходны рамонт, устанавілі спецыяльныя шафы для захоўвання адзення, больш парадку назіраецца на прылягаючай тэрыторыі. Але змяніўся, як аказалася, толькі выгляд, а вось адносіны працаўнікоў да справы засталіся тымі ж. З раніцы ў падсобным памяшканні ўжо стаяла пустая бутэлька пладова-ягаднага “Экспромта”, работнікі дазваляюць сабе курыць на рабочых месцах, а ў новенькіх шафах амаль ніхто не пакінуў сваё адзенне. На спецыяльна адведзеным могільніку адходы непадбуртаваны і “красаваліся” на паверхні разам з іншым смеццем.

Не абмінулі ўдзельнікі рэйдавага аб’езду размеркавальныя склады райспажыўтаварыства, каб высветліць, як выправілі тут заўважаныя раней недахопы. Калі тэрыторыя стала чысцей, то курыць на рабочым месцы тут не перасталі. Да таго ж у шафе падсобнага памяшкання зноў жа знайшліся пустыя бутэлькі. Праўда, работнікі адразу растлумачылі, што яны не п’юць, а збіраюць іх на здачу.

У час нядаўняга наведвання рэйдавай групай тэрыторыі былога “Ленга-Вест” там тварыўся поўны беспарадак. Падчас другога візіту пераканаліся, што знайшліся ўладальнікі. “Твестуба” і “Малдаўбуд” адправілі працаўнікоў наводзіць парадак, які пакуль яшчэ далёкі ад ідэальнага.

На ўчастках прыватнікаў

Пакуль не ўсе жыхары ўзяліся за добраўпарадкаванне сваіх тэрыторый. У адных чысціня і прыгажосць, а ў другіх масава складзіруюцца прама пад агароджай дровы, дошкі, адходы будматэрыялаў і шмат чаго іншага. Жыхар вуліцы Кветкавай, напрыклад, пераўтварыў свой участак і тэрыторыю, прылягаючую да яго, у вялікі склад металалому, аб’ёмы якога ўразілі ўсіх удзельнікаў рэйду. Між тым, за падобнае парушэнне санітарных нормаў спецыялісты цэнтра гігіены і эпідэміялогіі спачатку выносяць папярэджанні і рэкамендацыі, а калі праз два дні не назіраецца ніякіх зрухаў па навядзенні парадку, прымяняюцца “меры стымулявання” – штрафныя санкцыі ад 5 базавых велічынь.

Новы асфальт і тратуары (хоць яшчэ і не да канца зробленыя) карэнным чынам змянілі выгляд у мікрараёне вуліц Е.Лось-Дуброўскага, аднак месцамі псуе гэты выгляд зноў жа выкінутае смецце. Напрыклад, прама насупраць аднаго з дамоў у кустоўі валяліся пластыкавыя і шкляныя бутэлькі, іншае бытавое смецце. Дапаўнялі “пейзаж” старыя трактарныя прычэпы, якія ўжо выйшлі са строю.

– Прычэпы абавязкова прыбяром, а вось смецце тут усе кідаюць! – канстатавала гаспадыня з бліжэйшага дома, недалёка ад якой знаходзяцца кантэйнеры для смецця. І хоць у той момант яны былі перапоўнены, гэта не нагода выкідваць смецце пад бліжэйшы куст.

Як аказалася, не надта ламаюць галаву, куды выкінуць смецце і асобныя жыхары вуліцы Піянерскай, выносячы будаўнічыя адходы і іншае праз дарогу бліжэй да рэчкі.

Ужо даўно псуе выгляд гарпасёлка закінуты дом без вакон і дзвярэй з зарослай тэрыторыяй па Кастрычніцкай, што адразу за магазінам “Заходні”. Месца не проста зарослае, а і забруджанае смеццем. Сюды часта прыходзяць прыхільнікі спіртнога – купіўшы бутэльку-другую далёка ад магазіна адыходзіць не трэба. “Прытон” не пуставаў і ў час рэйду. Навядзенне ж парадку тут ускладняецца тым, што ўласнік дома знаходзіцца ў Расіі. Старшыня райвыканкама на працягу рэйду даваў даручэнні па выпраўленні сітуацыі адпаведным службам.

* * *

Калі асобныя работы па добраўпарадкаванні патрабуюць грашовых укладанняў, то прыбраць смецце, вынесці бытавыя адходы, знайсці прымяненне раскіданаму металалому можа кожны, знайшоўшы для гэтага зручны час. Больш складана, але рэальна прывіць у кожнага звычку несці ў сметніцу нават самую дробную паперку ці акурак ад цыгарэты.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *