У Браслаўскім раёне ёсць вельмі прыгожая вёска Замошша. Яе акружаюць лес, балоты. А жывуць у населеным пункце выдатныя людзі. Тут у далёкім 1898 годзе ў звычайнай сялянскай сям’і нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Іванам. Ён стаў шостым дзіцем у сям’і. Гэта і быў мой прадзед Іван Вікенцьевіч Лакевіч.
У школе ён правучыўся толькі адзін год, таму што трэба было дапамагаць родным у пасільных сельскагаспадарчых работах. Але верш, які вывучыў у першым класе, прадзед расказваў і ў дзевяностагадовым узросце.
Працуючы разам з бацькам на зямлі, асвоіў нялёгкую сялянскую навуку. Умеў араць, сеяць, касіць, малаціць… Прынамсі, яму па плячы была не толькі работа земляроба – навучыўся цяслярыць, займаўся кавальскай справай. А яшчэ быў выдатным шаўцом: мог зрабіць і прыгожыя мужчынскія боты, і вытанчаныя жаночыя туфлікі. За вырабам новага абутку ці рамонтам старога ўсе ў акрузе звярталіся да Івана Вікенцьевіча.
Вялікая Айчынная разбурыла планы мірнага жыцця… У першыя ж дні вайны Браслаўскі раён аказаўся акупіраваным фашыстамі. Пра жыццё ў акупацыі прадзеду пазней не хацелася ўспамінаць, бо гэта быў вельмі страшны час. У вёсцы не засталося ніводнай уцалелай хаты: усё спалілі. Жылі, дзе прыйдзецца, па некалькі сем’яў у адным доме ў суседніх населеных пунктах.
Як толькі вызвалілі Беларусь ад фашысцкіх захопнікаў, Іван Лакевіч пайшоў на фронт. Было гэта 17 ліпеня 1944 года. Асаблівых подзвігаў мой прадзед не здзейсніў, дарогамі вайны прайшоў радавым салдатам, доўгі час служыў на санітарным цягніку, вывозіў параненых у тыл. Добрасумленна выконваючы свой вайсковы абавязак, ён набліжаў Вялікую Перамогу.
Дадому прадзед вярнуўся ў лістападзе 1945-га. І адразу ж узяўся за аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі: будаваў дамы, араў зямлю, збіраў ураджай, а па начах яшчэ займаўся шавецтвам. З 1951 года Іван Вікенцьевіч стаў працаваць у калгасе. Так да старасці і заставаўся земляробам. Радавым салдатам прайшоў вайну, радавым калгаснікам працаваў на зямлі.
Мой прадзед Іван Вікенцьевіч Лакевіч любіў сваю Радзіму, на якой сумленна пражыў да 1989 года. Яго я, на жаль, бачыў толькі на фатаграфіях, але мая бабуля, яго дачка, Сільвія Іванаўна Войніч часта расказвае пра тое, якім ён быў. Так што часам мне здаецца, быццам мы з маім прадзедам бачыліся і нават гутарылі.
Бывае, што мы з бабуляй Сільвіяй дастаем узнагароды майго прадзеда. А паглядзець, сапраўды, ёсць на што. Іван Вікенцьевіч Лакевіч за адвагу, стойкасць, мужнасць, праяўленыя ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, знакам “25 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне” і іншымі юбілейнымі медалямі. Трымаючы іх у руках, я адчуваю хваляванне і гонар ад таго, якім Вялікім чалавекам быў мой прадзед, просты беларускі селянін. Я пастараюся быць падобным на яго!
Кірыл ВОЙНІЧ, вучань 5 класа Касарской школы.
Ад рэдакцыі. Прыемна атрымліваць такія лісты, бо адзінае, што мы можам зрабіць для нашых ваяваўшых дзядоў і прадзедаў – гэта захаваць памяць пра іх. Цудоўна, што так дэталёва даведаўся пра лёс свайго прадзеда Кірыл. Цудоўна, што дзейнічае акцыя “Дзякуй дзеду за Перамогу” і нашчадкі выцягваюць з фотаальбомаў пажоўклыя фотаздымкі і цікавяцца лёсам сваіх гераічных продкаў. І не толькі таму, што сёлета мы адзначаем 70-годдзе Перамогі. А таму – што так і павінна быць. І рэдакцыя чакае лістоў унукаў і праўнукаў пра сваіх ваяваўшых дзядоў.