Человек со вкусом. В Ушачах прошёл конкурс профмастерства среди поваров дошкольных учреждений

Общество

Штодня мы, устаючы з­за стала, гаворым “дзякуй” таму, хто прыгатаваў для нас сняданак, абед ці вячэру. Гэтак жа робяць і нашы дзеці, якіх вучаць культурным паводзінам з малых гадоў, яшчэ ў дзіцячым садзе. “Дзякуй нашым паварам, што вельмі смачна кормяць нас!” – гэтая фраза, напэўна, знаёма многім. Аднак далёка не ўсе бацькі ведаюць, хто канкрэтна гатуе ежу для іх маленькіх сыноў і дачушак. Пазнаёміцца з некаторымі паварамі дашкольных устаноў Ушаччыны на мінулым тыдні можна было падчас фінальнага этапу раённага конкурсу “Лепшы па прафесіі”.

Яшчэ задоўга да пачатку мерапрыемства ў яслях­садзе №4 г.п.Ушачы, на базе якога яно праводзілася, было ажыўлена. Канкурсанткі – а гэта Таццяна Уладзіміраўна Санько, Святлана Уладзіміраўна Кіслова, Наталля Аляксандраўна Контарава і Кацярына Аляксандраўна Кучаронак з ясляў­садоў №1, №2, №3 і №4 г.п.Ушачы адпаведна – старанна дапрацоўвалі загадзя прыгатаваныя фірменныя стравы. Жанчыны прыкметна хваляваліся: не прывыклі яны, як кажуць, на гледача працаваць – ля пліты ім значна камфортней. Вакантныя месцы ў зале займалі групы падтрымкі з ліку калег павароў. Апошнія рэпетыцыі праводзілі дашкольнікі, якія разам з педагогамі падрыхтавалі для запрошаных насычаную культурную праграму.

Пад урачыстыя гукі быў дадзены старт конкурсу прафесійнага майстэрства. Камісіі ў складзе начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама І.Ф.Сыроўчанкі, яе намесніка С.У.Аўдошкі, інжынера­тэхнолага А.В.Мацкевіч, загадчыка і метадыста вучэбна­метадычнага кабінета Н.В.Стрыжонак і А.В.Касіч, а таксама загадчыка эпідэміялагічнага аддзела раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі А.С.Халецкай прадстаяла няпростая задача – выбраць лепшага повара сярод лепшых.

Першы этап конкурснай праграмы – візітоўка. Знаёмства з канкурсанткамі праходзіла па­рознаму. Повар з двухгадовым стажам Святлана Кіслова ў вершаванай форме расказала пра свае захапленні – чытанне, вязанне, ну і, канечне ж, гатоўку смачных страў. Разгуляўся апетыт ва ўсіх прысутных падчас прагляду відэароліка пра рабочыя будні Таццяны Санько, повара з 11­гадовым стажам. Так, ацаніць смак прыгатаваных ёю страў у нас магчымасці не было, аднак па тым, як малышы за абедзве шчакі ўпляталі духмяныя катлеткі з залацістым пюрэ, ніякіх сумненняў наконт іх якасці не было. Пустая талерка дашкалят – лепшая ўзнагарода за работу для Наталлі Контаравай, якая поварам працуе зусім нядоўга – усяго год. Між тым, пра гэту прафесію марыла з дзяцінства, не супраць яна, і каб дачушка пайшла па яе слядах. Напэўна, крыху прасцей за іншых паказаць сябе было Кацярыне Кучаронак: повара з шасцігадовым стажам падтрымлівалі не толькі сцены роднай установы, але і калегі, якія разам з жанчынай спявалі пра яе няпростую прафесію.

Вельмі яркім этапам конкурснай праграмы стала прэзентацыя фірменных страў, а дакладней, салатаў, якімі павары перыядычна радуюць не толькі сваіх маленькіх дэгустатараў, але і гасцей у сябе дома. Цяжка перадаць, наколькі прыгожым, неардынарным быў знешні выгляд усіх страў: ці то смешны трус у выкананні Таццяны Санько, ці рэалістычныя фігуркі качак з сыру, якія нібы праплывалі па салаце Наталлі Контаравай. Членам журы можна было толькі пазайздросціць: усё гэта яны яшчэ ацэньвалі і на смак.

Цікаўнасць у прысутных выклікаў і кулінарны паядынак. Падчас яго канкурсанткам трэба было хутка і тэхналагічна правільна нарэзаць бульбу, улічваючы тое, якую страву пазней з яе неабходна будзе гатаваць. Трэба адзначыць, што ўсе павары справіліся з пастаўленай задачай на выдатна. Самай жа аператыўнай стала Святлана Кіслова.

Не разгубіліся канкурсанткі і падчас правядзення конкурсу “Пытанні з кошыка”. Як прыгатаваць суп са свежай капусты, чым адрозніваецца амлет ад яечні і многае іншае павары ведаюць выдатна, могуць яшчэ і парады слушныя адна адной даць. Між тым, менавіта гэтым жанчыны і займаліся, пакуль члены журы падлічвалі балы і вызначалі пераможцу.

У выніку лепшым поварам дашкольнай установы стала К.А.Кучаронак з ясляў­сада №4 г.п.Ушачы. Жанчына ўзнагароджана Ганаровай граматай і памятным падарункам. Астатнія канкурсанткі атрымалі дыпломы лаўрэата ў розных намінацыях. Старшыня Ушацкай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” І.Ф.Сыроўчанка павіншавала пераможцу і ўручыла ёй памятны прыз з пажаданнямі поспехаў і прафесійнага росту.

– Шчыра кажучы, не разлічвала на перамогу, – падзялілася з намі ўражаннямі Кацярына Аляксандраўна. – Ніколі не была асаблівым гурманам, не імкнулася ўразіць некага незвычайнымі кулінарнымі здольнасцямі – проста штодня стараюся радаваць смачнымі стравамі дашкалят і, канечне, сваіх блізкіх.

Дарэчы, К.А.Кучаронак – мнагадзетная маці, якая выхоўвае двух сыноў і дачушку. Поварам жа ў яслі­сад №4 г.п.Ушачы жанчына працаўладкавалася пасля трэцяга дэкрэтнага адпачынку для таго, каб бліжэй быць да сваёй малодшай “кветачкі” жыцця.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *