Работники «тёплой» профессии. 40 лет назад начал свою работу Ушачский филиал «Витебскоблтоп»

Общество

Рашэннем Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў ад 7 лютага 1975 года ў гарадскім пасёлку Ушачы было ўтворана новае прадпрыемства – райпаліўзбыт, а працаваць яно пачало роўна 40 год таму – з 1 красавіка. За гэтыя часы арганізацыя перажыла шэраг структурных змяненняў, але заўсёды паспяхова спраўлялася з не вельмі разнастайнымі, але разам з тым важнымі задачамі – бесперабойным і якасным забеспячэннем насельніцтва і арганізацый палівам, аказаннем паслуг па распілоўцы і дастаўцы драўніны.

Для гэтага на сённяшні дзень ва Ушацкім філіяле Віцебскага абласнога ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскаблпаліва” маецца неабходная тэхніка і абсталяванне. Канечне, складанасці сучаснага эканамічнага становішча іх не абмінулі. Але не пагаршэнне пакупніцкай здольнасці насельніцтва стала асноўнай прычынай зніжэння аб’ёмаў вытворчасці. Галоўныя фактары – незалежачыя ад прадпрыемства “мяккія” апошнія дзве зімы, а таксама газіфікацыя населеных пунктаў, што лагічна прывяло да змяншэння заказаў: калі за 2013 год прадпрыемства абслугоўвала 1381 домаўладанне грамадзян, то ў мінулым іх паслугамі скарысталіся толькі 1212 гаспадароў. Нягледзячы на гэта, выканаўшы задачу забеспячэння насельніцтва палівам на 100 працэнтаў, прадпрыемства змагло павялічыць выручку ад рэалізацыі на 9 працэнтаў і атрымаць прыбытак на 12 працэнтаў больш чым у мінулым годзе.

Для павялічэння продажу працуюць з сельвыканкамамі, старэйшынамі вёсак. Скаргі на няякаснае абслугоўванне тут вялікая рэдкасць, хіба што якасцю прадукцыі грамадзяне не заўсёды бываюць задаволены. Між тым, кожнае такое пытанне разглядаецца неадкладна з выездам на месца і паўторных зваротаў пасля вырашэння пытанняў не паўстае.

Па свабоднай цане дровы і торфабрыкет у райпаліўзбыце можна заказаць у любых аб’ёмах. Ільготная ж норма на адно домаўладанне складае 4,9 метра кубічнага драўніны або 3,5 тоны торфабрыкету, за выключэннем дамоў з цэнтральным ацяпленнем. Дзякуючы аператыўнасці выканання заявак чаргі на паліва ў апошні час не назіраецца, перыядычна яна можа ўзнікаць толькі на колатыя дровы.

Трэба адзначыць, што за апошнія два гады значна абнавіліся асноўныя сродкі: набыты пагрузчык, трактарны прычэп, 2 новыя бензапілы. Кліентаў прадстаўнікі адміністрацыі сустракаюць ва ўтульным адрамантаваным памяшканні, тэрыторыя абнесена новай агароджай. “Немалаважным з’яўляецца і тое, што работы па мадэрнізацыі праведзены за ўласныя сродкі”, – расказвае Генадзь Рыгоравіч Чабатар, які зараз кіруе прадпрыемствам.

Змяншэнне аб’ёмаў прывяло і да непазбежнага скарачэння колькасці працуючых, але працэс гэты прайшоў бязбольна – проста на месца тых працаўнікоў, якія выйшлі на пенсію, новых не бралі. На сённяшні дзень тут працуе ўсяго дзесяць чалавек, а касцяк калектыву склаўся даўно. За 40 гадоў існавання райпаліўзбыта змянілася восем дырэктараў. З іх найбольш працяглы час, з 1998 па 2012 год, прадпрыемства ўзначальваў Уладзімір Максімавіч Мядзелец. Сярод шэрагу іншых заслужаных работнікаў прадпрыемства сённяшнія працаўнікі вылучаюць Зінаіду Іванаўну Пранік, якая пачынала сваю дзейнасць у арганізацыі з моманту яе стварэння, а пасля выхаду ў 2009 годзе на заслужаны адпачынак і па сённяшні дзень цікавіцца і жыве справамі калектыву, а пры неабходнасці можа падмяніць захварэўшага вартаўніка!

У невялікім калектыве ўклад кожнага работніка асабліва бачны. Г.Р.Чабатар расказвае, што пасля таго як былі агавораны пытанні дысцыпліны і ўдасканалена арганізацыя працы, асаблівых заўваг да членаў калектыву ў яго няма.

– Раз людзі трымаюцца за працоўнае месца, значыць умовы працы і яе вынік іх задавальняюць, – справядліва разважае кіраўнік. – Наогул, хачу сказаць, што зараз побач са мной працуюць людзі, якія бачаць перавагі добрасумленнай працы і на якіх я заўсёды магу пакласціся.

Акрамя дырэктара ў адміністрацыі прадпрыемства ўжо значны час працуе вопытны вядучы эканаміст Ніна Сяргееўна Бакан, а некалькі гадоў таму, як кажуць, пераманілі да сябе з іншай арганізацыі галоўнага бухгалтара Святлану Ігараўну Харак.

– Зарплата ў нас няхай і не самая высокая сярод прадпрыемстваў райцэнтра, але выплачваецца заўсёды ў вызначаны калектыўным дагаворам тэрмін. – Генадзь Рыгоравіч паказвае на аўтамабілі, выстраеныя ля ўезду на вытворчую тэрыторыю. – Вось уласны транспарт нашых працаўнікоў.

Кожнага з іх дырэктар характарызуе асобна. Трактарыст Аляксандр Пятровіч Шэўчанка – чалавек вельмі адказны, беражліва адносіцца да тэхнікі. Як і вадзіцель Іван Пятровіч Маскаленка, адзін са старажылаў арганізацыі. Гэты чалавек можа рашыць любую тэхнічную праблему, а свой “ЗіЛ”, амаль равесніка гаспадара, заўсёды падтрымлівае ў спраўным стане. Г.Р.Чабатар прыпамінае выпадак, калі аднойчы напярэдадні выхадных да іх завітаў генеральны дырэктар галаўнога прадпрыемства і быў вельмі заклапочаны сур’ёзнай паломкай тэхнікі: “Як вы ў панядзелак працаваць будзеце?” Але дзякуючы таму, што Іван Пятровіч ахвяраваў уласным часам, аўтамабіль да пачатку рабочага тыдня быў гатовы – і гэта не адзінкавы выпадак.

Рабочыя Вячаслаў Леанідавіч Красноў і Юрый Мікалаевіч Міхаль старанна працуюць на распілоўцы драўніны. Прычым, калі раней адзін з працаўнікоў пілаваў, а другі адкідваў, то зараз у кожнага з іх асабістая новая бензапіла, працуюць паасобку, з­за чаго і з вылічэннем аб’ёмаў выпрацоўкі не ўзнікае праблем, і прадукцыйнасць працы ўзрасла. На механічным калуне задзейнічаны Уладзімір Васільевіч Філімонаў – са сваімі манатоннымі і вельмі няпростымі абавязкамі мужчына спраўляецца паспяхова, нягледзячы на немалады ўзрост і зношанасць абсталявання. Гатовыя дровы насельніцтву адпускае прадавец Наталля Іванаўна Міхаль, якая таксама зарэкамендавала сябе з найлепшага боку.

У сваю чаргу і кіраўніцтва ідзе насустрач працаўнікам у вырашэнні асабістых пытанняў. Дапамагалі ў набыцці агародніны на зіму, выдзялялі тэхніку для апрацоўкі прысядзібных участкаў, трэба прывезці ўгнаенні на агарод вясной, аказаць транспартныя паслугі – таксама няма праблем. З­за таго, што калектыў невялікі, людзі выдатна ведаюць пра справы і клопаты адзін аднаго, дапамагаюць калегам і парадай, і справамі не толькі на працы, але і ў паўсядзённым жыцці, якое для многіх жыхароў Ушаччыны дзякуючы дзейнасці работнікаў гэтай арганізацыі становіцца цёплым і камфортным.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *