Соборование — излечение души и тела

Общество

Мама цяжка хварэла. Без шанцаў – як кажуць медыкі, калі перад табой адкрываецца адразу IV група анкалогіі. І менавіта тады спадзяешся на выратаванне больш чым калі. І на Бога таксама. Толькі на Бога. Матуля спачатку паспавядалася, расказаўшы пра грахі, якія памятала. А ў такі ж, як і зараз, час паста да Вялікадня вырашыла саборавацца. “Абавязкова дапаможа, – абнадзеіла мяне тады матушка Любоў. І, сапраўды, на маіх вачах матулю адпусціў боль, няхай не на працяглы час, але яе твар перастаў быць напружаным, пасвятлеў, а меней чым праз суткі яе не стала. Кажуць, гэта самая вялікая літасць для праваслаўнага – пайсці на той свет абсалютна чыстым ад грахоў.

Сабораванне, або елеасвячэнне, – адна з сямі таямніц Праваслаўнай Царквы і тэма нашай сённяшняй гутаркі з благачынным Ушацкага раёна, протаіерэем Вячаславам.

– Бацюшка, Вы правялі ўжо некалькі елеасвячэнняў. У чысты чацвер пройдзе чарговае. Гэта таямніца адбываецца толькі падчас Вялікага посту ?

– Не. Калі чалавек цяжка хварэе, ён можа пасаборавацца і на працягу года. А ўсе вернікі імкнуцца прайсці таямніцу менавіта падчас посту да Вялікадня. У даўніну агульнае сабораванне праводзілася ў вялікі Чацвер і Вялікую суботу. Падкрэсліваю, што агульнае, у царкве, бо таямніца саборавання пачыналася як зняцце ўсіх грахоў над хворымі людзьмі, якія па стане здароўя не маглі прыйсці ў царкву і пакаяцца ў грахах. Зараз саборуюцца і фізічна здаровыя людзі, каб вылечыцца духоўна. Саборуецца звычайна вернік адзін раз на працягу года.

– Атрымліваецца, што аснова елеасвячэння – гэта пакаянне ў грахах.

– Безумоўна. Чалавек павінен перш за ўсё раскаяцца ў сваіх благіх учынках, жадаць пачаць новае жыццё ў адпаведнасці з запаведзямі Божымі. Падчас таямніцы гэта робіцца з дапамогай малітвы, у якіх мы просім Бога дараваць грахі і аб выздараўленні. Просім дараваць і тое, што памятаем, і даўнія забытыя грахі. Сабораванне – гэта поўнае вылечванне душы і цела. Прычым вылечванне цялеснае залежыць ад душэўнага, у якім галоўнае – менавіта пакаянне. «Болен ли кто из вас, пусть призовет пресвитеров Церкви, и пусть помолятся над ним, помазав его елеем во имя Господне. И молитва веры исцелит болящего, и восставит его Господь; и если он соделал грехи, простятся ему. Признавайтесь друг пред другом в проступках и молитесь друг за друга, чтобы исцелиться: много может усиленная молитва праведного”. Працэдура ж лячэння чалавека праз памазанне асвечаным ялеем – яшчэ больш даўняя.

– Як трэба рыхтавацца да таямніцы?

– Спачатку пажадана прайсці таямніцу пакаяння: прыгадаць свае грахі, папасціцца хаця б тры дні да пакаяння. Што датычыцца самой працэдуры, то адзенне павінна быць такім, каб лоб, шыя, кісці рук былі адкрытымі, паколькі сабораванне – гэта малітва і памазанне асвечаным ялеем, змешаным з чырвоным віном. Пасля саборавання таксама пажадана паспавядацца і прычасціцца Святых Хрыстовых таямніц.

– Елеасвячэнне – зразумела, а адкуль другая назва – сабораванне?

– Таму што праводзілася саборам – некалькімі свяшчэннікамі. У нашых выпадках, калі ў прыходах проста няма такой колькасці, спраўляецца і адным. І таму што свяшчэннікі моляцца ўсёй нябеснай Царкве, а яна саборна моліць аб гэтым Бога і ўсіх святых.

– Ці абавязкова заказваць сабораванне для паміраючага чалавека?

– Канечне, паколькі ў яго проста не будзе іншай магчымасці пазбавіцца ад усіх сваіх грахоў. Ды і фізічна ён не можа прыйсці паспавядацца. Хаця нярэдка Бог прадаўжае жыццё, дае магчымасць падрыхтавацца да дастойнага адыходу, і не трэба баяцца выклікаць да цяжкога хворага свяшчэнніка для саборавання, маўляў, як для апошняй пажыццёвай працэдуры. Тэрмін чалавечага жыцця залежыць толькі ад Бога.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *