Тракторный парк Ушачского района пополнился девятью новыми тракторами МТЗ

Сельское хозяйство

Гэта на сучасным аўтамабілі з Мінска да Ушач вопытнаму вадзіцелю даехаць не праблема, а вось пераадолець гэты шлях на новым трактары, за руль якога сеў упершыню, з’яўляецца задачай складаней ў разы. Больш сутак без сну і гадзіны доўгай дарогі – такі нематэрыяльны кошт намаганняў, якія давялося прыкласці механізатарам і спецыялістам інжынерных службаў некаторых гаспадарак раёна ў мінулыя выхадныя. Хаця, па словах механізатараў, ім намнога цяжэй было чакаць заканчэння працэдуры атрымання неабходных папер, чым непасрэдна гнаць “Беларусы” да месца будучай пастаяннай “прапіскі”.

Пераадолеўшы за ноч больш двух соцень кіламетраў дарогі, трактарысты ААТ “Ільюшынскі”, “Дземенец” і КУСГП “Вялікадолецкае” з гэтай задачай хоць і не без прыгод, але справіліся паспяхова, у выніку чаго машынна-трактарны парк раёна ў нядзелю раніцай папоўніўся дзевяццю адзінкамі тэхнікі. Яна прыйдзецца вельмі дарэчы, бо пасяўная кампанія толькі стартавала і трактары, прайшоўшы неабходныя рэгістрацыю і тэхагляд, яшчэ паспеюць папрацаваць на ўраджай сёлетняга года. Хоць і дзіўным здаецца праходжанне працэдуры дзяржаўнага тэхнічнага агляду новымі машынамі, але гэта з’яўляецца абавязковай ўмовай, бо выпуск амаль усіх “жалезных каней” датуецца мінулым годам. Гэтую асаблівасць мне паведаміў начальнік раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляда Іван Мікалаевіч Пухальскі, калі на досвітку сустракаў калону ўшацкіх механізатараў у Лепелі. Тут іх шляхі разышліся – адзін МТЗ-952 Аляксандр Спірыдовіч накіраваў на мехдвор “Дземенца”, тры такія ж трактары і адзін МТЗ-1221 працягнулі шлях на Ільюшына, па два МТЗ-1221 і МТЗ-952 адправіліся ў “Вялікадолецкае”.

Трэба сказаць, што менавіта гэтыя тры гаспадаркі не так даўно ўжо папоўнілі парк тэхнікі, атрымаўшы па новым МТЗ-1221. Між тым, астатнія сельгаспрадпрыемствы раёна ні ў мінулым годзе, ні тым больш у бягучым паступленнямі новых трактароў пахваліцца не могуць. Такую выбіральнасць тлумачыць галоўны спецыяліст райсельгасхарча Міхаіл Аляксандравіч Шук:

– Магчымасць набыць новую тэхніку прадстаўляецца ў першую чаргу гаспадаркам, якія змогуць забяспечыць фінансавыя ўмовы яе пастаўкі. На сённяшні дзень, скажам КУСГП “Кублічы” або “Арэхаўна” зрабіць гэта не ў стане. “Дземенцу”, “Вялікадолецкаму” і “Ільюшынскаму” за новыя трактары неабходна будзе пералічыць да кастрычніка бягучага года чвэрць кошту, а астатняя сума будзе выплачвацца роўнымі часткамі яшчэ на працягу двух з паловай гадоў.

Цікава і тое, што на палеткі гаспадарак новую тэхніку выведуць нямногія з тых механізатараў, што забіралі яе з трактарнага завода. “На месцы будзем глядзець, каму трактары даверыць, – расказвае загадчык мехмайстэрні “Ільюшынскага” Уладзімір Пятровіч Аўсіевіч. – Можа каму з моладзі, а можа вопытным механізатарам, трактары якіх ужо выпрацавалі свой мотарэсурс. Галоўнае – каб тэхніка ўдалая трапілася, не падводзіла і апраўдала немалыя сродкі на яе набыццё! А догляд за ёй адпаведны будзем кантраляваць”.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *