На апошнім пасяджэнні райвыканкама прысутнічалі не толькі кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, але і галоўныя інжынеры і аграномы. Паколькі разглядалася адно з асноўных пытанняў года – аб падрыхтоўцы сельскагаспадарчых арганізацый да палявых работ і стварэнні трывалай кармавой базы ў 2015 годзе. Здавалася б, звычайная цыклічная кампанія – пасяўная. Аднак зусім незвычайная. Яна, як і наогул увесь вытворчы год, пацвердзіць дзеяздольнасць сельгаспрадпрыемства ці прывядзе да яго ліквідацыі. Паспрыяць жа прыбытковай рабоце і фінансаваму аздараўленню гаспадарак павінна прадастаўленая на два гады адтэрміноўка даўгоў.
Не праверыўшы ўзровень масла, механізатар выехаў на поле – і вывеў са строю рухавік… Гісторыя, на жаль, нявыдуманая, каранямі не з іншых раёнаў, а наша, ушацкая і што самае крыўднае – не адзінкавая. Падобныя адбываліся ў розных гаспадарках – псавалі і рухавік, і каробкі перадач, рвалі счапленне…, а МТЗ82 каштуе сёння 300 мільёнаў рублёў, 3032 – 1,8 мільярда. Камбайны і таго даражэй. На паліва бяруцца крэдыты. Да чаго я гэта – зразумела. Сродкі – велізарныя. Страты – усёй гаспадаркі, аднак яны могуць і павінны стаць індывідуальнымі, калі будзе ўстаноўлена, што выведзена тэхніка са строю ў выніку халатнасці ці некампетэнтнасці канкрэтнага спецыяліста, а салярка пераліта ў сваю каністру. Гэта настолькі ж рэальна і правільна, як з вартаўніка вылічаць суму цяляці, што знік за яго змену ці з кладаўшчыка – матэрыяльных каштоўнасцей, якіх не далічыліся ў складзе. Гэта значыць, што вы не выканалі сваіх непасрэдных абавязкаў і дарма атрымлівалі зарпалату.
Скажаце, нічым не напалохаць працаўніка, які і так атрымлівае мінімалку? Дык сэнс зусім у адваротным. Тым больш што наўрад ці сапраўды дапаможаш гаспадарцы, калі пачнеш вылічаць штомесячна 30 працэнтаў заробку, каб вярнуць 2 мільярды. Аднак ніколі не вырвацца гаспадаркам з замкнёнага кола: малыя заробкі – нядбайныя спецыялісты – нізкая вытворчасць – малыя заробкі, калі не зменяцца адносіны да таго, што адбываецца ў тваім “калгасе” кожнага, літаральна кожнага спецыяліста. І пад спецыялістамі маю на ўвазе літаральна ўсіх яе членаў, бо інакш і не можа быць, інакш не трэба. Бо даярка, механізатар, лабарант, як і заатэхнік, інжынер, аграном – спецыялісты, ад якіх вельмі многае залежыць, ад кожнага на сваім працоўным месцы.
Усё кругом калгаснае, усё кругом маё. Як часта мы вымаўляем стаўшы прымаўкай выраз, які атрымаў пераносны сэнс – значыць нічыё, значыць можа быць маім. А яно і так маё – кожнага, літаральна кожнага акцыянера ці члена калектыву, паколькі ад гэтага залежыць тое, што непадробна цікавіць – зарплата. Тэхніка, атрыманая ў лізінг – гэта крэдыты, якія выплачваюцца з продажу прадукцыі. Угнаенне, сродкі апрацоўкі раслін, паліва – таксама, зарплата зноў жа – з атрыманай прадукцыі. Выплат многа, крыніца адна – прадукцыя. Тая, якая і зараз дае магчымасць закрываць зарплату “Дземенцу”. Тая, якой беспрасветна не хапае “Райаграсэрвісу”. Адзін раён, адны землі і ўмовы. Розныя – толькі адносіны да сваёй гаспадаркі. Калі ў першай і да тэхнікі як да сваёй уласнай, і адзін спецыяліст можа замяніць трох, бо ўсё кругом – маё, то ў другой… са склада знікае 7 акумулятараў, з матырынскай фермы – тры цяляці, з трактароў “выпарваецца” нічога не зрабіўшы, паліва, а на гектары зямлі вырастае не 50, як у першай, а 16 цэнтнераў зерневых. Людзі сабе такім чынам выплачваюць зарплату? Не – гэта тупік. Гэта як у магазіне, дзе брыгада закрывае нястачу, якая ўтвараецца зза крадзяжу некага аднаго.
– З каго ўтрымліваюць за ўкрадзеныя акумулятары і цялят? – запытаўся ў прадстаўнікоў “Райаграсэрвіса” на пасяджэнні райвыканкама начальнік аддзела міліцыі С.А.Алабін.
Пакуль ні з каго. Ні з рэальна вінаватых, ні з пасадных асоб, якія ў першую чаргу павінны адказваць за тое, каго бяруць на работу і каго трымаюць на ёй. А між тым супрацоўнікі РАУС і “Аховы” толькі за тры месяцы прыцягнулі да адказнасці 12 вартаўнікоў, якія знаходзіліся на рабочым месцы нецвярозымі. А сведчыць гэта ў першую чаргу пра адсутнасць кантролю на месцах.
Ужо неаднойчы старшыня райвыканкама В.В.Родзіч гаворыць пра неабходнасць правядзення атэстацыі спецыялістаў усіх звенняў, бо лепш няхай не будзе іх, чым будзе пустое месца, на якое налічаецца зарплата.
Сёлетняя пасяўная павінна распачаць не толькі сельскагаспадарчы год, а і перамены ў сумленні. Якасць, тэхналогія, тэрміны. Толькі пры ўсіх складальніках колас парадуе ўраджаем, які дасць магчымасць і зарабіць, і закласці фураж з насеннем, і частку даўгоў спісаць. На наступны год зноў. Але давядзецца папрацаваць. Не як заўсёды. Намнога лепей.
На пасяджэнні старшыня райвыканкама падымаў інжынераў гаспадарак і задаваў тэхналагічныя пытанні. І для таго, што іх трэба ведаць, а галоўнае, каб паказаць, што не толькі аграном у адказе за ўраджай, што няма ў сельгаспрадпрыемствах падзелу на тваё і маё, вельмі моцна ўсе залежаць адзін ад аднаго. І таму кантроль – за тэхналогіяй, якасцю, выкарыстаннем гаручазмазачных матэрыялаў сёлета будзе паўсямесным. Адказныя асобы райвыканкама, рабочыя групы, а галоўнае спецыялісты гаспадарак і будуць сачыць за гэтым. У сельгаспрадпрыемствах будуць складзены дагаворы аб поўнай матэрыяльнай адказнасці. А таксама заведзены ўліковыя лісты трактарыста. Падпісаць яго аграном можа толькі прыняўшы работу, значыць гарантуе (ручаецца), што Іваноў, Пятроў ці Сідараў яе выканаў як след, што не зліў салярку, а прайшоў у тры сляды. Паколькі запыт потым будзе з іх дваіх. Па факце ж любой паломкі, не толькі новай тэхнікі, будзе выязджаць спецыяліст дзяржтэхнагляда. І выйшаўшы са строю рухавік зза незалітага масла ляжа на плечы і таго, хто забыўся заліць, і таго, хто выпусціў такую тэхніку ў поле.
Дарэчы, нічога новага. Элементарны ўлік і налічэнне за заробленае. Тут жа, на пасяджэнні райвыканкама, дырэктар прадпрыемства меліярацыйных сістэм В.С.Спірчонак расказаў пра сістэму поўнай матэрыяльнай адказнасці ў дзеянні. Яна ў меліяратараў працуе даўно.
Дарэчы, у брыгадзе магазіна рана ці позна вылічаюць і пазбаўляюцца ад такога члена калектыву. Ну вынесці незаўважана 7 акумулятараў, пагадзіцеся, вельмі складана.
Вольга КАРАЛЕНКА.