Дзявяты год працуе ў родным Кубліцкім лясніцтве мясцовы хлопец А.П.Арцюх (на здымку). За гэты час з лесніка “Артура” дарос да памочніка ляснічага “Пятровіча”, бо менавіта па імені бацькі ў нас традыцыйна называюць чалавека пры пасадзе, нават калі ён і маладзей большасці падначаленых. За гэты час многае змянілася ў лясной гаспадарцы, а вось тэхналогія нарыхтоўкі бярозавага соку застаецца нязменнай на працягу дзясяткаў гадоў.– Здабываць яго можна толькі ў насаджэннях, якія вызначаны для далейшых высечак галоўнага карыстання, – расказваў Артур Пятровіч па дарозе да месца нарыхтоўкі бярозавіка. – Можна і на іншых участках, але таксама з бяроз, прызначаных для высякання.
Сёлета да нарыхтоўкі соку ў гэтым лясніцтве прыступілі першымі з усіх структурных падраздзяленняў лясгаса. Нарыхтоўваць яго плануюць таксама ў Плінскім і Ушацкім лясніцтвах, а менавіта ў Кублічах ужо зараз (хоць сок зза пахаладання і замаруджваў ход) могуць прапанаваць яго насельніцтву ў значных аб’ёмах. Тут загадзя паклапаціліся пра нарыхтоўку: атрымалі лесасечны білет, падрыхтавалі латкі і набылі поліэтыленавыя мяшкі – 300 штук стаяць зараз ля падсочаных бяроз.
Набыць карысны лясны напітак, які многія ўжываюць і ў свежым выглядзе, і нарыхтоўваюць з запасам, у лясніцтвах можна па 1500 рублёў за літр. Як паведамілі ва Ушацкім лясгасе, грамадзяне таксама могуць здабываць бярозавы сок самі. Для гэтага ім неабходна звярнуцца ў бліжэйшае лясніцтва, дзе яны атрымаюць інфармацыю аб участках лесу, дзе можна весці нарыхтоўку, разам з тлумачэннем аб тэхналогіях і правілах здабычы бярозавіка.
Дзмітрый Раманоўскі.