Элитная картошка с неэлитным видом. Как не купить «кота в мешке»?

Общество

На пачатку тыдня ў рэдакцыю звярнуўся жыхар Арэхаўна Аляксей Уладзіміравіч Шарыпа, які прадэманстраваў набытыя на мінулым тыдні на рынку гарпасёлка пяць кілаграмаў насеннай бульбы сорту “Здабытак”, заплаціўшы за яе 85 тысяч рублёў. У прадпрымальніка, які, па яго словах, прадаваў насенне вытворчасці спецыялізаванага навукова­практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па бульбаводстве, дакументаў не запытаў – спяшаўся. Калі ж дома жонка высыпала бульбу з сеткі, каб падрыхтаваць да прарошчвання, то аказалася, што прыблізна палова насення мела зусім не “элітны” выгляд. “Я разумею, што пры затарцы або перавозцы некаторыя клубні могуць сапсавацца, але ж не ў такой колькасці!” – абураўся мужчына. Сапраўды, хаця і характарызуецца “Здабытак” устойлівасцю да хвароб, аднак у адсартаванай частцы многія клубні аказаліся з яўнымі прыкметамі гніення, механічнымі пашкоджаннямі або былі зусім дробнымі, больш падобнымі не на насенны матэрыял, а на “паранку”. Зараз мужчына чакае чарговага візіту прадпрымальніка на рынак (той нібыта ў пятніцу збіраўся гандляваць зноў) і замяніць сапсаваную бульбу на якасную або атрымаць грошы назад, бо насенне па факце атрымалася ўдвая даражэй, але чэка аб набыцці тавару мужчына не мае.

Каб бульба ў сетцы не аказалася “катом у мяшку” раім правяраць якасць тавараў адразу пасля пакупкі. Таксама вы маеце поўнае права запатрабаваць дакументы, якія пацвярджаюць паходжанне прадуктаў, сертыфікат якасці на іх. Калі ж у вас няма чэка, то ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў” вы ўсё роўна зможаце вярнуць або замяніць няякасны тавар пры ўмове наяўнасці сведак яго набыцця.

Падрыхтаваў Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *