Как без проблем в Ушачах подключить цифровое телевидение ко второму телевизору в доме?

Калейдоскоп

Як вядома, з 1 красавіка бягучага года трансляцыя аналагавага тэлебачання ва Ушацкім раёне будзе спынена. Для прыёму “лічбы” тэлевізарам старога тыпу патрэбна пэўнае тэхнічнае “ўдасканаленне”. Задумаўся пра гэта адзін з жыхароў Кубліцкага сельсавета, які звярнуўся да старшыні сельвыканкама І.В.Ластаўкі з наступнай просьбай. “Ведаю, што для гэтага трэба набыць спецыяльную лічбавую прыстаўку. Аднак як яе выбраць і падключыць – для мяне задача невырашальная. Было б ідэальна, калі б спецыялісты набылі мне і астатнім жадаючым гэты тэхнічны сродак, прывезлі і ўстанавілі. Ну а я б толькі заплаціў патрэбную суму”. Інтэрактыўнае тэлебачанне ZALA ў доме падключана ўжо, аднак па другім тэлевізары мужчыну хацелася б глядзець перадачы ў новым фармаце.

Адразу варта падкрэсліць, што падключэнне лічбавай прыстаўкі – не адзіны варыянт, якім можна скарыстацца ў гэтай сітуацыі. Ёсць іншы шлях – “пракласці” ZALA і да другога тэлевізара ў доме. Па-першае, неабходнае абсталяванне вам выдадуць і, што немалаважна, будуць абслугоўваць супрацоўнікі раённага вузла электрасувязі на працягу ўсяго тэрміну карыстання паслугай абсалютна бясплатна. Па-другое, падключэнне яшчэ адной прыстаўкі ў доме, а таксама сума абаненцкай платы абыдзецца ўдвая дзешавей. Скажам, за 50-канальны пакет праграм правадной ZALA з магчымасцю іх перамоткі і запісу давядзецца заплаціць 14400 рублёў (устаноўка другой прыстаўкі) і 26400 (штомесячная абанплата). Так, спатрэбіцца яшчэ сеткавы кабель, аднак набыць яго і прывезці, прадаставіўшы чэк, могуць самі сувязісты. Некаторым абанентам работнікі РВЭС прапануюць эфірную ZALA. Базавы пакет, у які ўваходзіць 26 каналаў, пры ўмове падключэння другой прыстаўкі, абыдзецца ў 36000 рублёў (устаноўка) і 34050 (абанплата). Не палохайцеся, калі не ведаеце, у чым прынцыповае адрозненне правадной і эфірнай ZALA. Калі ў вас ёсць жаданне стаць абанентам паслугі, проста патэлефануйце ў раённы вузел электрасувязі па нумарах 5-00-58, 5-93-00 – спецыялісты растлумачаць незразумелае, правераць тэхнічную магчымасць падключэння абедзвюх разнавіднасцяў ZALA і пры вашай згодзе прыедуць для ўстаноўкі.

Калі вы ўсё ж вырашылі падключыць да свайго старога тэлевізара лічбавы цюнар, набыты ў гандлёвай сетцы, майце на ўвазе наступнае. З дапамогай такога абсталявання вы зможаце глядзець толькі восем агульнарэспубліканскіх каналаў. У продажы ва Ушачах цюнары беларускай вытворчасці ёсць у магазіне “Тэхнасвет”, іх кошт складае 563 і 582 тысячы рублёў. Работнікі аўталаўкі па папярэднім заказе прывязуць такі тавар у ваш населены пункт. Калі ж сельвыканкам падасць калектыўную заяўку на прыстаўкі, то райспажыўтаварыства знойдзе магчымасць не толькі прывезці, але і ўстанавіць абсталяванне. Для ўпэўненага прыёму сігналу хутчэй за ўсё спатрэбіцца яшчэ антэна. Да плюсаў цюнара можна аднесці адсутнасць абаненцкай платы: раскашэліцца на пэўную суму трэба будзе толькі аднойчы.

Пра тое, ці могуць па папярэднім заказе закупіць для чалавека лічбавы цюнар, прывезці па ўказаным адрасе і ўстанавіць, мы пацікавіліся і ў некаторых індывідуальных прадпрымальнікаў Ушаччыны. Аднак жадаючых узяцца за такую прапанову, на жаль, пакуль не аказалася.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *