ОАО «Деменец»: большие планы маленького хозяйства

Сельское хозяйство

На галоўны сход года, які адбыўся ў ААТ “Дземенец” яшчэ ў пачатку сакавіка, сабраліся практычна ўсе працаўнікі гэтага невялікага, але зладжанага калектыву, які, дарэчы, адзіны з усіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна захаваў мінулагоднюю колькасць – новы цыкл сезонных работ тут зноў пачынаюць 45 чалавек. Гэты фактар дырэктар гаспадаркі Аляксандр Віктаравіч Шарыпенка назваў бадай што галоўным дасягненнем дзейнасці, хаця азнаёміўшыся з вытворчымі паказчыкамі, прыходзіш да высновы – пахваліцца тут, як заўсёды, ёсць чым. Хапае і праблем, але ў мясцовых аграрыяў ёсць бачанне, як іх пераадолець.

На працягу 11 апошніх уборачных кампаній яны першыя ў раёне па ўраджайнасці зерневых культур. За гэты час аб’ёмы вытворчасці выраслі ў 10 разоў, ураджайнасць – у тры. У мінулым годзе нарыхтавалі ў два разы больш кармоў, рапсу – 180 працэнтаў да паказчыкаў 2013 года. Ні ў адной гаспадарцы раёна няма такой разнастайнасці сельскагаспадарчых культур, якія прадпрыемства прапаноўвае на рэалізацыю: акрамя традыцыйных ячменю і пшаніцы тут культывуюць лубін, грэчку, травы, гарох.

Раслінаводства дае 80 працэнтаў ад усёй выручкі прадпрыемства. Таму прадукцыя гэтай сельскагаспадарчай галіны дапамагае разлічвацца па зарплаце і ў зімовыя месяцы. Сярэдняя зарплата за мінулы год склала 3184 тысячы рублёў – сярод сельскагаспадарчых арганізацый вышэй яна была толькі ў ААТ “Ільюшынскі”. Немалаважна і тое, што выплачвалася яна своечасова, а на момант правядзення сходу “Дземенец” з’яўляўся адзінай гаспадаркай, якая разлічылася па зарплаце за студзень бягучага года, ёсць сродкі на закрыццё зарплатнай ведамасці і на бліжэйшыя месяцы.

Калі па выніках 2013 года выручка на 1 работніка складала 111,5 мільёна рублёў, то ў мінулым годзе яна ўзрасла амаль на 50 працэнтаў і дасягнула 158,1, а прадукцыйнасць працы склала 139,7 працэнта да ўзроўню 2013 года, на аднаго работніка выраблена амаль 203 мільёны рублёў. Удзельная вага фонду аплаты працы ў выручцы – 27,8 працэнта, гэта адзін з самых лепшых паказчыкаў у раёне, аднак не дацягвае да нормы – не вышэй 25. Няпроста вырасціць, але яшчэ складаней у сённяшніх умовах выгадна прадаць прадукцыю з­за невысокіх закупачных цэн і попыту на фуражнае зерне. Тут галоўнай прычынай А.В.Шарыпенка бачыць скарачэнне свінагадоўчых комплексаў на Віцебшчыне, якія былі асноўнымі спажыўцамі збажыны. Нельга сказаць, што ў гаспадарцы сядзелі склаўшы рукі. У мінулым годзе прыкладалі намаганні па рэалізацыі зерня прыватнікам, накіроўвалі аўтамабіль па вёсках раёна. У Дубраўцы, напрыклад, за гадзіну прадалі чатыры тоны, але насельніцтва зараз трымае не вельмі шмат жывёлы ў асабістых падсобных гаспадарках, таму патрэбы іх задаволілі хутка.

Куды больш праблем у жывёлагадоўлі. Пры адным з самых нізкіх сабекоштаў малака – 3410 тысяч рублёў за тону (камбікармы не куплялі – хапала ўласнага зерня), тут самы нізкі сярэдні кошт рэалізацыі адной тоны малака – 3413 тысяч рублёў, а вытворчасць мяса наогул вельмі стратная. Вось і выходзіць, што “кормяць” калектыў практычна адны паляводы.

Паляпшэнне стану спраў у жывёлагадоўлі і вытворчасці малака – задача першачарговая і стратэгічная. “Добра, што ёсць “Кублічы”, ды “Райаграсэрвіс”, а то былі б па выніках гадавой зводкі першыя знізу” – нявесела жартаваў падчас выступлення дырэктар. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы на 1 студзеня бягучага года склала 191 галаву, у тым ліку: кароў – 148 (3,2 % ад раённага пагалоўя). За мінулы год атрымалі 303,6 тоны малака. Самай нізкай сярод гаспадарак раёна была і яго таварнасць – 88,1 працэнта. Праблему толькі пагаршала і нізкая якасць малака, бо “экстры” тут за мінулы год не атрымалі ніводнага літра, толькі 15 працэнтаў – вышэйшага гатунку, 85 – другога, а некалькі тон з Лепельскага малочнакансервавага камбіната вярнулі назад. Нават пры невысокіх надоях толькі на якасці малака гаспадарка страціла 275 мільёнаў рублёў – амаль двухмесячны фонд заработнай платы. Удалося атрымаць усяго 43 галавы прыплоду супраць 80 у мінулым годзе – 54 працэнты, на 100 кароў і цялушак атрымана толькі 28 цялят. Для параўнання: у ААТ “Агра­Селішча” ад такой жа колькасці жывёлы атрымана 87 цялят, у КУСГП “Вялікадолецкае” і “Арэхаўна” – па 86. Таму і ўскладаюць у гаспадарцы вялікія надзеі на выпраўленне становішча з прыходам новых спецыялістаў пад кіраўніцтвам галоўнага заатэхніка Альфрэда Альфрэдавіча Квача.

І не без падстаў, бо на працягу апошніх месяцаў назіраецца станоўчая дынаміка. Зараз у “Дземенцы” плюсуюць практычна па ўсіх паказчыках. Ужо ў студзені бягучага года 85 працэнтаў малака было здадзена вышэйшым гатункам і атрымана 15 працэнтаў доўгачаканай “экстры”, што дазволіла атрымаць дадатковыя 22 мільёны рублёў.

Ферма ў гаспадарцы адна, таму ўсе працаўнікі як на далоні. Умовы нармальныя: малакаправод, новы халадзільнік, лічыльнікі індывідуальнага ўліку малака на кожную групу. Да даярак, даглядчыкаў і пастухоў некаторыя пытанні ёсць, але ў цэлым асноўныя прэтэнзіі – да вартаўнікоў, якія сваю работу не выконваюць як след. Ёсць прыклады нявыхадаў на працу, крадзяжу малака і канцэнтратаў…

Адной з самых злабадзённых тэм з’яўляецца праблема неплацяжоў, так як не ўсе прадпрыемствы разлічыліся з гаспадаркай за мінулагоднія пастаўкі, а яна ў сваю чаргу, мае намнога большую запазычанасць перад перапрацоўшчыкамі. Таму і разглядалі ўважліва работнікі раздадзеныя на сходзе прайс­лісты Лепельскага малочнакансервавага камбіната і Полацкага камбіната хлебапрадуктаў, якія прапаноўваюць для авансавання зарплаты і разлікаў да 30 працэнтаў натураплаты і згаджаліся з тым, што хочаш не хочаш, а браць давядзецца. 100 бычкоў запазычылі “Дземенцу” ў Глыбоцкім раёне за пастаўлены сянаж, вось толькі не прыдумаў яшчэ дырэктар, як імі распарадзіцца: памяшканне для ўтрымання ёсць, толькі трэба яго адрамантаваць, але існуе варыянт, калі працаўнікі прадпрыемства могуць узяць жывёлу сабе ў кошт зарплаты.

Выказаў А.В.Шарыпенка і прагноз наконт таго, што сельгаспрадпрыемствы хутчэй за ўсё чакае хваля рэарганізацый і ўзбуйнення, таму эканамічна “слабыя” гаспадаркі будуць ліквідаваны ў першую чаргу. Сваю кіраўнік справядліва такой не лічыць, але ўсё ж заклікаў да актыўнасці назіральны Савет акцыянернага таварыства. “У сённяшніх няпростых умовах трэба, каб не толькі дырэктар думаў, як выжываць. Я, па вялікім рахунку, пастаўлены кіраваць вытворчасцю, а асноўныя рашэнні павінен прымаць менавіта Савет. Атрымліваецца ж, што ўся ініцыятыва, пошук шляхоў развіцця, вырашэння праблем і вытворчых пытанняў замыкаюцца толькі на асобе кіраўніка. Неабходна ўсім уносіць прапановы як дзейнічаць у няпростыя часы”, – Аляксандр Віктаравіч з радасцю гатовы падзяліцца “шапкай Манамаха”.

Між тым, рыхтуючыся да справаздачы, ён ужо паспеў аб’ехаць землі гаспадаркі, а іх з кожным годам прырастае. Агледзеў азімыя, якіх у мінулым годзе пасеялі ў два разы больш папярэдняга – 850 гектараў. Тэхніка і працаўнікі “Дземенца” зараз гатовы да сяўбы яравога кліна, а гэта яшчэ 1000 гектараў. Сёлета ў гаспадарцы, якую ўжо і язык не павернецца назваць малой, намечана атрымаць мінімум 4,5 тысячы тон зерневых, пры ўраджайнасці не менш 30 цэнтнераў з гектара, асцярожна прагназуюць павелічэнне надояў і якасці малака. Тут не ставяць перад сабой нерэальных планаў, а ў выкананні агучаных спадзяюцца і абапіраюцца ў першую чаргу адзін на аднаго – працаўнікі на вопытнага кіраўніка, а ён – на  калектыў, які, па словах Аляксандра Віктаравіча, працэнтаў на 90 складаецца з “выдатных людзей”.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



3 комментария по теме “ОАО «Деменец»: большие планы маленького хозяйства

  1. Шарыпенко Александр Викторович Вы не из деревни Липовец, сестра Людмила Викторовна, привет Вам из г. Мариуполя от Бородулина Станислава Викторовича, дайте знать, буду очень благодарен за связь с Вами, мой адрес: бульвар Шевченко, 73, кв.7, г. Мариуполь, Донецкая область, 87549, м.т.: 0988232441

  2. уточнение адреса: Украина, бульвар Шевченко, 73, кв.7, город Мариуполь, Донецкая область, 87549, моб.тел.: 0988232441

  3. Господи, сколько может длиться проверка моего комментария, неужели это так сложно и недоступно? С.В. Бородулин 01.09.2021, С праздником — Днём Знаний!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *