Нядаўна банк падаваў раздрукоўку ўладальнікам некалькіх картак па выплатах – у магазіне “Родны кут” двойчы была знята адна і тая ж сума за адну пакупку. Нельга сказаць, што гэта наўмыснае ашуканства прадаўцоў. Хутчэй за ўсё недастатковая кампетэнтнасць ці сцёк абставін. Але факт застаецца фактам. І такога не адбылося б, калі б у пакупнікоў, якія ажыццяўлялі пакупку карткай, была падключана паслуга SMS-інфармаванне. Пра яе, а таксама іншыя аперацыі з карткамі і расказвала кіраўніцтва РКЦ №37 у г.п. Ушачы “Белаграпрамбанка” падчас сустрэч з калектывам КУСГП “Вялікадолецкае” і старшакласнікамі Ушацкай і Ільюшынскай школ. З імі – сённяшнімі і патэнцыяльнымі карыстальнікамі картак гутарка вялася ў форме дыялога, падчас якога яны даведаліся пра крэдыты, авердрафт, дзіцячыя карткі, рэгуляванне сродкамі і многае іншае.
А з нашымі чытачамі сёння хочацца замацаваць адну тэму – SMS-інфармаванне. Яна бывае абмежаваная, – калі на тэлефон праз SMS паведамляецца толькі пра асноўныя грашовыя паступленні ці поўная – калі літаральна аб усіх. Такім чынам пры зняцці сумы ў магазіне адразу прыходзіць паведамленне і гэта б перасцерагло ад зняцця двайной аплаты. Дарэчы, саму намесніцу дырэктара РКЦ №37 І.Б.Бурак гэта паслуга перасцерагла ад двайной уплаты буйной сумы.
– У “Дионисе” я адмовілася другі раз аддаць картку, калі мне паведамілі, што аперацыя не прайшла, паколькі атрымала SMS аб тым, што грошы зняты. Калі пачалі разбірацца, высветлілася, што проста закончылася стужка, – тлумачыць Ірына Барысаўна. – Быў выпадак, што сусед, які дапамагаў пажылому чалавеку і ведаў пінкод, потым выкраў картку, аб тым, што з яе пачалі здымаць сродкі, уладальніку прыйшло паведамленне. З дапамогай SMSінфармавання лёгка даведацца пра астатак на картцы, пра паступленні. З яе дапамогай можна кантраляваць аперацыі, калі вы перадалі картку некаму з блізкіх. Гэтую паслугу ажыццяўляюць усе банкі і плата на месяц сімвалічная – 10 тысяч за поўную паслугі і ўсяго тры за абмежаваную.
Вольга КАРАЛЕНКА.