Каким быть подъезду — решают его жители

Калейдоскоп

Які выгляд будзе мець ваш пад’езд – цяпер залежыць ад густу і кашалькоў жыхароў. Прыкладна так можна расшыфраваць змест пастановы Міністэрства жыллёва­камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь №12 ад 4 чэрвеня 2014 года. У ёй агавораны пералік відаў работ па бягучым рамонце жыллёвага фонду і парадку кампенсацыі яго кошту. А паколькі нашы жыхары ўжо абмяркоўваюць перамены, мы і паклікалі на інтэрв’ю начальніка планавага аддзела УП ЖКГ А.Д.ХАХЛОВУ.

– Анжэла Джонаўна, па­першае, давайце назавём, што гэта за віды работ?

– Гэта рамонт у пад’ездах (за выключэннем тэхнічных памяшканняў), які ўключае любыя работы, ад задзелкі швоў да афарбоўкі, рамонт печаў і дымаходаў. Не ўваходзіць толькі замена акон, а вось за іх афарбоўку таксама давядзецца заплаціць.

– Калі раней работнікі камунгаса рамантавалі пад’езды ўласнымі сіламі і за сродкі, што кватэранаймальнікі адлічалі на тэхабслугоўванне, то зараз толькі за сродкі жыхароў?

– Так, паколькі пералік работ, якія ўваходзяць у тэхабслугоўванне вельмі вялікі, ад утрымання гарышчаў да замены цеплатрас, а сродкаў, якія пералічаюцца, хапае мала на што, а скарг на стан пад’ездаў, наадварот, вельмі многа – то і была прынята пастанова Міністэрства аб кампенсацыі затрат на пэўныя віды работ. Канечне, для нашых жыхароў гэта нязвыкла, ну а калі перавесці “квадраты” на прыватны сектар: там гаспадар сам падтрымлівае ў парадку і дом, і агароджу, і камунікацыі, а гэта намнога большыя сродкі.

Калі загаварылі пра грошы, то пра якія сродкі ідзе гаворка?

– Кошт рамонту ў пад’ездзе ўкладваецца ад 5 да 10 мільёнаў рублёў. Усё залежыць, канечне, ад колькасці паверхаў і відаў работ. Зразумела, што спачатку з жыхарамі пройдуць сходы, падчас якіх мы і абмяркуем віды работ. А ведаючы нізкую плацежаздольнасць нашага насельніцтва, будзем падбіраць танныя матэрыялы. Зноў жа, якім быць пад’езду – вызначаць самі жыхары. Калі ў пад’ездзе 15 кватэр, а кошт 5 мільёнаў, то на кватэранаймальніка атрымаецца 333 тысячы. Дадам, што яны не будуць налічацца адразу, сума разаб’ецца ў жыроўцы на тры месяцы.

– А калі чалавек не згодны з правядзеннем рамонту, не жадае плаціць?

– Нават калі чалавек не заключыў з намі дагавор на аказанне асноўных жыллёва­камунальных паслуг, у тым ліку на бягучы рамонт, гэта не вызваляе яго ад уплаты за фактычна выкананыя работы. Калі пад’езд будзе адрамантаваны, то аплата будзе выстаўлена і ўказана ў жыроўцы. Няўплата, як па ўсіх іншых відах аказаных паслуг, лічыцца запазычанасцю і можа быць спагнана ў судовым парадку.

– Хто вызначае, патрэбны рамонт у пад’ездзе або не?

– Тут два шляхі. Па­першае, рамонт пад’ездаў ажыццяўляецца па асеннім аглядзе жыллёвага фонду. Рамонт павінен рабіцца не радзей чым раз у дзесяць гадоў. Па­другое, самі жыхары могуць папрасіць выканаць рамонт пад’езда. Сёлета будуць рамантавацца пад’езды дамоў №№1, 3 па вуліцы Ленінскай, а таксама 2 і 4 па вуліцы Камсамольскай.

Гутарыла Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *