Виталий Моисеенко оказался самым быстрым слесарем области на конкурсе профмастерства

К профессиональному празднику Образование и молодежь

Адпраўляючыся на абласны конкурс прафесійнага майстэрства, слесар аварыйна-аднаўленчых работ жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віталь Маісеенка вельмі хваляваўся. Яно і не дзіўна, бо з 15 слесараў ААР кіраўніцтва вырашыла зрабіць стаўку менавіта на яго ды і адстойваць гонар ушацкіх камунальнікаў 21-гадоваму юнаку давялося побач з ужо вопытнымі і сталымі работнікамі з усёй вобласці. Забягаючы наперад скажу, што справіўся ён з гэтай задачай добра.

Застаць маладога работніка ў райцэнтры не ўдалося – з самай раніцы, як толькі пачаўся рабочы дзень, брыгада, у складзе якой працуе герой нашага аповеду, адправілася ў Гушчынскую Слабодку. У населеным пункце выйшла са строю помпа ў свідравіне і людзі засталіся без вады. Выправіць сітуацыю было даручана брыгадзе Уладзіміра Васільевіча Клачкова, якая займаецца аварыйна-рамонтнымі работамі пераважна на раёне.

– Учора былі ў Слабадзе, сёння ўжо паспелі пусціць ваду ў Садках, зараз будзем мяняць помпу, каб і жыхары Гушчынскай Слабодкі не пакутавалі без водазабеспячэння. А ўсё гэта магчыма дзякуючы зладжанай рабоце такіх вось працаўнікоў, як Віталь Маісеенка. Ніякіх нараканняў на яго працу няма, аператыўна спраўляецца са сваёй часткай работы, адказны, старанны і, што немалаважна, без усялякіх шкодных звычак! – ахарактарызаваў свайго падначаленага Уладзімір Васільевіч.

Пасля заканчэння Лепельскага дзяржаўнага прафесіянальнага ліцэя па спецыяльнасці слесар-трактарыст-машыніст Віталь вярнуўся працаваць на родную Ушаччыну. Па размеркаванні павінен быў пачаць работу ў “Глыбачанах”, але так склаліся абставіны, што ён уладкаваўся ў жыллёва-камунальную гаспадарку. Зараз ніколькі не шкадуе аб гэтым і вельмі задаволены сваім працоўным месцам, на якім ён ужо амаль тры гады.

Калі хлопец даведаўся, што яму давядзецца выступіць на конкурсе прафесійнага майстэрства, пачаў сур’ёзна рыхтавацца да гэтага мерапрыемства. Пасля працоўнага дня пераглядаў і паўтараў тэарэтычныя пытанні, а ў рабочы час уважліва слухаў і прымаў парады ад старэйшых вопытных калег. На конкурсе (ён прайшоў у Віцебску на мінулым тыдні) камунальнікі выконвалі тэарэтычнае і практычнае заданні. Тэорыя ўключала ў сябе 10 пытанняў, на якія трэба было адказаць за вызначаны час. Віталь правільна даў адказы на большую палову пытанняў. А вось з практыкай малады слесар з Ушаччыны справіўся лепш за ўсіх у вобласці.

Удзельнікам неабходна было за адведзены час ліквідаваць уцечку з поліэтыленавай трубы водаправода. Перад іспытам работнікам паказалі майстар-клас па гэтым заданні. Аднак ніякі прагляд не надасць вопыту, які Віталь набываў падчас рэальных парываў. Ён выдатна справіўся з заданнем і ліквідаваў уцечку за дзве хвіліны, прычым патраціў на гэта толькі на 16 секунд больш, чым спецыяліст паказанага майстар-класа! Такім чынам, хлопец стаў абсалютным пераможцам па практычным заданні, а ў агульным заліку заняў шостае месца. Падтрымлівалі на мерапрыемстве свайго работніка майстар С.Я.Мацюш і намеснік дырэктара Д.С.Шасцярэнь.

В.Маісеенка сціпла расказвае пра свае дасягненні і перажывае, што не справіўся з тэорыяй лепш, у той жа час ён рады, што паспрабаваў свае сілы.

Надоўга адрываць ад работы аднаго з самых прафесійных слесараў ЖКГ не дазволіла сумленне і камунальнікі. Падрыхтаваўшы глыбінную помпу, брыгада накіравалася да свідравіны, каб жыхары вёскі хутчэй змаглі парадавацца з’яўленню вады.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *