Як сцвярджае лозунг: кадры вырашаюць усё. Асабліва калі работнік энергічны, мэтанакіраваны і крэатыўны. Усімі гэтымі якасцямі валодае першы сакратар райкама БРСМ Ірына ЦІХАНАВА, з якой мы вырашылі бліжэй пазнаёміць нашых чытачоў.
– Ірына, ведаю, што ты прыехала да нас з Міёрскага раёна.
– Так, нарадзілася і вырасла ў вёсцы Сіцькова. Пасля заканчэння школы паступіла на факультэт сацыяльнай педагогікі і псіхалогіі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава – дарэчы, сёлета атрымала дыплом. Некаторы час працавала выхавальнікам дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №2 г.Віцебска.
– Якім чынам трапіла на Ушаччыну?
– Прыехала ўслед за другой палавінкай. Дарэчы, пазнаёмілася з Яўгенам выпадкова. Ён тады служыў у арміі, а я была студэнткай. Перад цяжкім экзаменам з сяброўкай заключылі пары: калі атрымліваю станоўчую адзнаку – знаёмлюся праз інтэрнэт з якім-небудзь хлопцам і назначаю яму спатканне. Так я знайшла мужа (усміхаецца). Калі ж упершыню прыехала з ім ва Ушацкі раён, раз і назаўсёды закахалася ў тутэйшыя мясціны. Цяпер гэта для мяне другая радзіма. Тут, на Ушаччыне, у 2013 годзе на свет з’явіўся наш сынок Ванечка.
– Да прыходу ў райкам БРСМ некаторы час ты працавала ва Ушацкай школе…
– Так, была сацыяльным педагогам. А яшчэ вяла гурткі ў раённым цэнтры дзяцей і моладзі. У райкам жа прыйшла ў лістападзе 2014-га, дзе да нядаўняга часу выконвала абавязкі першага сакратара.
– Напачатку сакавіка цябе зацвердзілі на пасадзе маладзёжнага лідара ў раёне. Якімі якасцямі павінен валодаць у наш час малады чалавек, каб ім стаць?
– Упэўненасцю ў правільнасці таго, што робіць, што гэта патрэбна іншым, уменнем знаходзіць агульную мову з людзьмі рознага ўзросту і сацыяльнага статусу і, канечне ж, уменнем зацікавіць. Не абысціся і без самакрытычнасці, пачуцця гумару, абаяння.
– Напэўна, ты з малых гадоў была актывісткай – “драмгурток, гурток па фота, а яшчэ спяваць ахвота…”?
– Так, гэта ўсё пра мяне. І спявала, і танцавала, і ў спектаклях удзельнічала. А яшчэ памятаю, як у дзяцінстве мне бабуля неяк сказала, што для таго, каб быць заўважаным і дасягнуць поспеху, трэба брацца за самыя складаныя справы. Вось і ўзяла з таго часу гэтую слушную параду на ўзбраенне.
– Ці можаш назваць свае станоўчыя і адмоўныя рысы характару?
– Да станоўчых хутчэй аднесла б невычэрпны аптымізм, уменне ўсміхацца ў любой сітуацыі, дарыць людзям радасць. Добра ўмею пераконваць, што заўсёды дапамагае і ў жыцці, і ў рабоце. Да адмоўных – празмерную даверлівасць.
– Якія захапленні маеш?
– Хоць вольнага часу і не хапае, стараюся праводзіць яго з блізкімі. Люблю спорт і класічную літаратуру. Дарэчы, не так даўно ў мяне з’явілася магчымасць часцей брацца за любімыя выданні – праўда, не ў зусім звычайным фармаце: па выніках падпіскі на газету “Знамя юности” стала прызёрам рэспубліканскага конкурсу “Я – лідар”, за што атрымала ў падарунак электронную кнігу.
– Як лічыш, ці лёгка сёння жыць маладым?
– Калі дарослае жыццё толькі пачынаецца, заўсёды цяжка, бо не хапае вопыту. Але жыць сёння цікава, бо перад моладдзю адкрыты ўсе дарогі, ёсць шмат магчымасцей – толькі выкарыстоўвай. Да таго ж дзяржава прапануе шэраг праграм, накіраваных на падтрымку маладых людзей.
– Чаго чакаеш ад наступіўшага Года моладзі?
– Упэўнена, што ён будзе насычаны на цікавыя і карысныя мерапрыемствы. Нашым райкамам БРСМ многае запланавана да святкавання 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Акрамя гэтага паспрабуем правесці інтэрнэт-конкурс прафесійнага майстэрства сярод маладых спецыялістаў Ушаччыны. Стаўку робім і на высокія паказчыкі працаўладкавання школьнікаў у канікулярны час. Наогул, лічу, што кожны новы год павінен быць лепшым, чым папярэдні. І для гэтага гатова прыкласці максімум намаганняў!
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ