СІМВАЛ СЛУЖЭННЯ НАРОДУ
13 сакавіка для прафсаюзнага руху Ушаччыны цяпер стала знамянальнай датай. Менавіта ў гэты дзень пад гукі ўрачыстага маршу Федэрацыі прафесійных саюзаў Беларусі актыву нашага раёна ўпершыню быў прадстаўлены імянны сцяг Ушацкага раённага аб’яднання прафсаюзаў. “Гэта душа прафсаюзаў, сімвал служэння беларускаму народу!” – яскрава характарызаваў урачысты момант старшыня раённага аб’яднання Мікалай Іванавіч Бухалка.
Пасля таго, як імянны сімвал Ушацкага раённага аб’яднання прафсаюзаў заняў пачэснае месца ля Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, удзельнікі мерапрыемства азнаёміліся з гісторыяй прафсаюзнага руху Беларусі. Яна адлічвае ўжо другую сотню гадоў, бо першыя прафсаюзы былі створаны практычна ва ўсіх буйных гарадах Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі яшчэ ў 1904 годзе. Прафсаюзы перажылі складаныя часы, але дзякуючы сацыяльным, накіраваным на патрэбу чалавека мэтам дзейнасці заўсёды былі запатрабаванымі, а ў навейшай гісторыі нашай маладой краіны сталі значнай і дзейснай сілай, эфектыўна супрацоўнічаюць з дзяржаўнымі органамі ўлады ў рамках сваёй дзейнасці. Таму і назвала старшыня раённага Савета дэпутатаў В.М. Захарэнка дату ўручэння сцяга напярэдадні аднаго з галоўных дзяржаўных святаў, Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, “ідэалагічна выверанай”. Адносіны прафсаюзаў і дзяржавы на сучасным этапе Вольга Мікалаеўна характарызавала, як “сацыяльнае партнёрства”, калі працаўнікі, наймальнікі і кіраўніцтва краіны сумеснымі намаганнямі вырашаюць самыя розныя пытанні вытворчай і сацыяльнай сферы.
Сёння ў структуры Ушацкага раённага аб’яднання прафсаюзаў налічваецца 53 прафсаюзныя арганізацыі. Узначальваюць іх як вопытныя актывісты, так і моладзь, якая прыходзіць ім на змену. Напрыклад, Вольга Лапцева, якая зусім нядаўна ўзначаліла і ўдыхнула свежыя новыя крэатыўныя ідэі ў дзейнасць самай шматлікай прафсаюзнай арганізацыі раёна – работнікаў адукацыі і навукі. Таксама даверылі грамадскую справу моладзі ў вялікіх працоўных калектывах УП ЖКГ, ДРБУ-105, дзе старшынямі прафсаюзаў абраны адпаведна Дзмітрый Шасцярэнь і Наталля Круцёнак, не вельмі вялікі працоўны стаж і ў некаторых іншых кіраўнікоў прафсаюзных арганізацый раёна. Зрэшты, галоўнае тут не ўзрост, а лідарскія якасці, камунікатыўнасць і ўменне згуртаваць калектыў.
Напрыканцы мерапрыемства былі абмеркаваны і агульныя надзённыя пытанні, якія стаяць перад прафсаюзнымі арганізацыямі раёна. Слова “прафсаюз” для людзей звыклае і асацыіруецца ў большасці з уручэннем падарункаў да Новага гада і юбілеяў, размеркаваннем пуцёвак на аздараўленне, ды арганізацыю спартыўных і культурна-масавых мерапрыемстваў. Канечне, гэтымі пытаннямі прафсаюзы займаюцца, але яны з’яўляюцца далёка не галоўнымі. У няпростых эканамічных умовах іх дзейнасць павінна быць накіравана ў першую чаргу на сацыяльную абарону сваіх членаў, на сумесныя намаганні па дасягненні дастойных ўмоў працы і яе аплаты, на калектыўную падтрымку чалавека ў цяжкія хвіліны. Неабходна працягваць работу на ўмацаванне і развіццё ўзаемадзеяння з наймальнікам па вырашэнні працоўных спрэчак, сацыяльна-эканамічных праблем членаў калектыву, на выкананне ўмоў калектыўных дагавораў. На жаль, не ва ўсіх арганізацыях назіраецца актыўнасць менавіта радавых членаў. Некаторыя лічаць, што дастаткова проста ўступіць у прафсаюз, а далей пра яго будуць клапаціцца. Але прафесійны саюз становіцца рэальнай сілай, якая можа абараніць правы чалавека, толькі пры яго актыўным удзеле.
Д.Раманоўскі