Даволі значную дапамогу работнікам міліцыі ў ахове грамадскага парадку аказваюць добраахвотныя дружыны. Зараз ва Ушацкім раёне іх зарэгістравана 20, у склад якіх уваходзіць 120 чалавек. Нельга сказаць, што трапіць у такую групу можа кожны: існуюць пэўныя патрабаванні. Дружыннік не павінен мець дзеючага адміністрацыйнага спагнання, ды і накладанне такога пакарання з’яўляецца падставай для выключэння з радоў добраахвотных памочнікаў.
Як заўважыў участковы інспектар РАУС Сяргей Мікалаевіч Таргонскі, актыўнасць членаў добраахвотных дружын нашага раёна пастаянна расце. Прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскага аб’яднання БРСМ патрулююць разам з супрацоўнікамі міліцыі вуліцы раёна, удзельнічаюць у рэйдавых мерапрыемствах па выяўленні фактаў незаконнага захоўвання алкаголю, выступаюць у ролі панятых.
– Спадзяюся, што колькасць актыўных памочнікаў райаддзела міліцыі і проста нераўнадушных людзей будзе больш, – адзначыў першы намеснік начальніка РАУС Аляксей Уладзіміравіч Андросаў падчас уручэння васьмярым ушачанам пасведчанняў дружынніка. – Мы ж у сваю чаргу зробім усё, каб іх дзяжурствы праходзілі без эксцэсаў, а кіраўніцтва арганізацый і прадпрыемстваў, у якіх працуюць, прадугледзела дадатковае стымуляванне. Напрыклад, ва Ушацкім ПМС за “баявыя” выхады на дзяжурства ўжо зараз дружыннікам даюцца дадатковыя дні да водпуску.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.