Лепшы кантралёр гандлю – безумоўна, пакупнік, аднак і райспажыўтаварыства сістэматычна аналізуе вынікі работы сваёй сеткі, улічвае ранейшыя памылкі, ставіць новыя задачы. На мінулым тыдні тут пры ўдзеле загадчыкаў магазінаў і прадаўцоў дэталёва абмяркоўвалі работу за прайшоўшы месяц.
У цэлым люты выдаўся неблагім, і тэмп росту па райспажыўтаварыстве склаў больш за 100 працэнтаў. Аднак далёка не ўсе магазіны выканалі даведзены ім план. Калі гаварыць пра лідараў, то ў гэтым спісе апынуліся такія магазіны райцэнтра, як “Родны кут”, дзе тэмп росту склаў 114 працэнтаў, “Вікторыя” (108%), “Раніца”(107%), “На Калінінскай” (101%). Парадавала і “Мясная лаўка”, дзе значна перавыкананы план і за люты атрымана выручка ў 420 мільёнаў рублёў. Сярод магазінаў нехарчовых тавараў у фаварытах “Абутак” і трэці паверх універмага, дзе тэмп росту склаў 125 і 115 працэнтаў адпаведна. Выканалі план магазіны вёсак Мосар, Ліпавец, Глыбачка, Старое Сяло, Касары, Вялікія Дольцы, Малыя Дольцы. Асобна быў адзначаны магазін вёскі Сорзава, дзе тэмп росту склаў 133 працэнты.
Не справіліся з даведзеным планам тавараабароту магазіны “На Віцебскай”, “Прадукты” (больш вядомы як “тройка”), у ліку праблемных і нехарчовыя “Гаспадар”, ”Будматэрыялы” і “Мэбля”, дзе тэмп росту пастаянна складае 6070 працэнтаў. Сярод сельскіх магазінаў найменшы тавараабарот склаўся ў Завячэллі, Вяркудах, Старынцэ, Вашкове, Двор Пліне. На сходзе былі заслуханы некаторыя прадаўцы “адстаючых” магазінаў, нізкі тавараабарот яны тлумачылі рознымі прычынамі, напрыклад, у Завячэллі – хваробай прадаўца, у Вашкове – невялікай колькасцю адпачываючых у санаторыі “Лясныя азёры”, у Вяркудах – нізкай зарплатай у сельгаспрадпрыемстве і наяўнасцю канкурэнтапрыватніка, які, напрыклад, завозіць больш танныя бессартавыя каўбасы з іншых абласцей і кандытарскія вырабы з Расіі. Прадаўцы іншых магазінаў адзначалі і тое, што частку тавараабароту “адбіраюць” паштальёны, якія разам з поштай разносяць па дамах свае тавары.
Між іншым, у райспажыўтаварыстве гатовы ісці насустрач кожнаму пакупніку, у прыватнасці – прадаць пэўныя тавары у крэдыт, выканаць любыя заяўкі, у тым ліку дапамагчы з дастаўкай буйнагабарытных (халадзільнікі, пральныя машыны, мэбля і іншае).
Міністэрства гандлю актыўна праводзіць праверку гандлёвых кропак па ўсёй рэспубліцы і прыпыняе іх дзейнасць у выпадку наяўнасці парушэнняў. Таму прадаўцам і загадчыкам магазінаў падчас мерапрыемства ў чарговы раз было нагадана пра бездакорнае выкананне правіл гандлю. Як у зале, так і складскіх памяшканнях павінен быць ідэальны парадак. Немалаважную ролю для пакупнікоў адыгрывае прыгожая выкладка тавараў, а таксама знешні выгляд і паводзіны прадаўца. Усе гэтыя фактары таксама ўплываюць на тавараабарот. Намеснік старшыні райвыканкама В.Л.Хамёнак, якая прысутнічала на сходзе, прывяла прыклад, што падчас адной з нядаўніх праверак у магазіне Вялікіх Долец парадак быў далёкі ад ідэальнага, хаця раней гэты магазін ставілі ў прыклад іншым. Валянціна Леанідаўна зазначыла, што парадак у гандлёвых кропках павінен быць заўсёды, а не толькі ў выпадку плануемых праверак.
Наблізіўся веснавы сезон, а значыць райспажыўтаварыства пачне апытанне насельніцтва наконт заключэння дагавораў аб здачы лішкаў садавіны і агародніны.
Абмеркавана і пытанне нарыхтоўкі другаснай сыравіны – макулатуры і шклабою. Па нарыхтоўцы апошняга, дарэчы, станоўча быў ацэнены магазін вёскі Старынка.
* * *
На наступным тыдні на чарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў будзе разглядацца пытанне аб гандлёвым абслугоўванні насельніцтва Ушацкага раёна. Свае меркаванні, прапановы вы можаце выказаць загадзя, патэлефанаваўшы па нумарах 27846, 27058, 27339.
Вольга КАМАРКОВА.