Какой товар можно вернуть или обменять? 15 марта — День потребителя

Общество

Дзень спажыўца, які адзначаецца 15 сакавіка, мае адносіны да любога з нас, бо ў сучасным грамадстве кожны чалавек шукае і атрымлівае розныя тавары і паслугі. Жыццё паказала, што многае ва ўзаемаадносінах тых, хто аказвае і атрымлівае паслугу, трэба рэгламентаваць законам. Закон ёсць, але і пытанні не заканчваюцца. Напярэдадні Дня спажыўца мы папрасілі начальніка аддзела эканомікі райвыканкама Таццяну Уладзіміраўну ХАНЯК адказаць на пытанні, патлумачыць сітуацыі, з якімі сутыкнуліся нашы чытачы.

– Ці можна вярнуць прадаўцу ці абмяняць на іншую купленую камп’ютарную мышку, якой не карысталіся, але вынялі яе з упакоўкі, ускрыць якую немагчыма без пашкоджанняў?

– Як правіла якасны тавар можна абмяняць ці вярнуць на працягу 14 дзён з моманту пакупкі, калі вы зразумелі, што ён вам не падыходзіць. Аднак у такім выпадку спажывец павінен прынесці тавар у тым жа стане і з тымі ж уласцівасцямі, што і пры пакупцы. Значыць, калі вы ўжо пашкодзілі ўпакоўку камп’ютарнай мышкі, то прадавец не прыме і не абмяняе тавар.

– Напярэдадні 8 сакавіка купіў у якасці падарунка жонцы параварку ў “Пятым элеменце”. Але так атрымалася, што яна не ўтрымлівала ўсіх функцый і магчымасцей, якія б хацелася бачыць. Таму праз некалькі дзён мы звярнуліся ў магазін з мэтай вярнуць купленую параварку і набыць у іх жа больш дарагую і функцыянальную, аднак нам адмовілі. Хацелася б даведацца, ці правамернай была адмова ў замене (здачы) купленай тэхнікі? Упакоўка не пашкоджана, параварка ў рабочым стане.

– Так, дзеянні прадаўца правамерныя. Пастановай урада Рэспублікі Беларусь № 778 ад 14.06.2002 зацверджаны Пералік нехарчовых якасных тавараў, якія не падлягаюць абмену ці вяртанню. Згодна з ім нельга вярнуць ці абмяняць якасныя тэхнічна складаныя тавары бытавога прызначэння, на якія ўстаноўлены гарантыйныя тэрміны і ў тэхнічным пашпарце маецца адзнака аб даце продажу. Параварка якраз і адносіцца да такіх тавараў.

– Падчас наведвання магазіна “Родны кут” захацеў купіць садавіны. Доўга чакаў, калі мне яе ўзважаць, не дачакаўшыся, паклікаў прадаўца, на што ў адказ пачуў абурэнне, што пакупнікі павінны самі ўзважваць тавар, уводзячы нейкі код і цану.

– Канечне, у гэтым выпадку прадавец не правы. Калі пакупнік збіраецца купляць тавар, то прадавец павінен падысці і ўзважыць яго. У некаторых магазінах існуе такая практыка, што пакупнік можа сам узважыць тавар, калі ведае, як гэта робіцца.

– Купілі на рынку ў рыбным аддзеле два селядцы. Вечарам, калі дасталі іх для прыгатавання стравы, аказалася, што адзін свежы і смачны, а другі амаль гнілы. Калі б на наступны дзень я звярнулася ў гандлёвую кропку, мне абмянялі б сапсаваны тавар?

– Вы маеце поўнае права вярнуць няякасны харчовы тавар. Гэта прадугледжана Законам Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў”. Калі ж у вас няма чэка з гандлёвай кропкі, які пацвярджае, што менавіта тут вы купілі тавар, то абмен магчымы пры наяўнасці сведкаў.

– Здалі ў рамонт мабільны тэлефон, ужо тры тыдні, як яго рамантуюць. У сэрвісным цэнтры ужо некалькі разоў абяцалі аддаць тэлефон заўтра. Што рабіць?

– Тэрмін ажыццяўлення гарантыйнага рамонту не можа перавышаць 14 каляндарных дзён. У выпадку парушэння гэтага тэрміну вы маеце права патрабаваць выплаты няўстойкі ў памеры 1% ад кошту вашага тэлефона за кожны дзень пратэрміноўкі, а таксама права на замену тавару на новы.

Падрыхтавала В.КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *