Цёплае сухое надвор’е для многіх стала знакам для пачатку навядзення парадку на прысядзібных участках. І хоць у Беларусі выпальванне сухой расліннасці забаронена законам, жаданне пазбавіцца з дапамогай запалкі ад смецця і мінулагодняй травы ў грамадзян не знікае. На жаль, такая практыка выкарыстоўваецца і на прыдарожных тэрыторыях – уздоўж палёў, сенажацяў, абочын ужо пацягнуліся з’едлівыя струменьчыкі белага дыму.
Практычна кожны год вясновыя палы прыводзяць да няшчасных выпадкаў: узгаранняў жылых дамоў, гаспадарчых пабудоў, траўміравання і гібелі людзей. Летась у рэспубліцы адбылося 3204 такія пажары, у агні загінула пяцёра чалавек. На жаль, Ушаччына ў гэтым сэнсе не была выключэннем: у раёне ад выпальвання сухой расліннасці адбылося пяць пажараў, у выніку якіх знішчана пяць будынкаў.
Нагадаю, што ў адпаведнасці з артыкулам 15.57 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь за выпальванне сухой расліннасці, травы на корані, пажніўных рэштак на палях, непрыняцце мер па ліквідацыі палаў прадугледжана адказнасць – накладанне штрафу ад 10 да 40 базавых велічынь. А за распальванне вогнішчаў у забароненых месцах да парушальніка можа быць прыменена санкцыя ў выглядзе папярэджання ці штрафу да 12 базавых.
В.КАРЭЙША, інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
На здымку: пажар у Завячэллі ў сакавіку 2014 года. У выніку падпалу невядомай асобай сухой расліннасці знішчаны дом і гаспадарчая пабудова.