Молодёжь Ушаччины приняла участие в марафоне «Поезд Победы» и побывала в Бресте

70-годдзе Перамогі Образование и молодежь

Напрыканцы лютага на чыгуначным вакзале горада Віцебска разгарнулася не зусім звычайнае дзейства. 124 пасажыраў, апранутых у ваенна­палявую форму, урачыста праводзілі да спецыяльнага саставу, які накіроўваўся ў Брэст. У няблізкі шлях удзельнікі патрыятычнай акцыі адправіліся пад гукі легендарнай песні “Дзень Перамогі” і дружнае “ўра” соцень сабраўшыхся.

Маштабна адсвяткаваць 70­годдзе Вялікай Перамогі і даць выдатны старт Году моладзі на Віцебшчыне вырашылі арганізатары марафону “Цягнік Перамогі” – абкам БРСМ, галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, абласныя аддзяленне Беларускага фонду міру і аб’яднанне прафсаюзаў, турыстычная фірма “Кабзар”. Удзел у акцыі прыняла і дэлегацыя Ушацкага раёна (на здымку).

Наказ у дарогу юнакам і дзяўчатам – актывістам БРСМ і прафсаюзнага руху з ліку студэнцкай і працуючай моладзі Віцебшчыны – давалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Падпалкоўнік у адстаўцы І.А.Паўлаў, які прымаў удзел у вызваленні Мінска і Віцебска, шчыра пазайздросціў моладзі:

– Я і сам з задавальненнем адправіўся б у Брэст разам з вамі, прайшоўся па месцах баявой славы, успомніў мінулае, яшчэ раз пакланіўся загінулым таварышам. Не забывайце пра тых, хто прынёс свабоду на нашу зямлю. Слухайце ветэранаў і ведайце праўду пра вайну, вывучайце гісторыю з кніг і аповядаў пакуль яшчэ жывых сведак тых гадоў, – пажадаў вандроўцам Іван Андрэевіч.

Арганізатары марафону як след паклапаціліся пра культурную праграму. У першыя ж хвіліны пасля адпраўлення цягніка быў дадзены старт конкурсу на лепшае тэматычнае афармленне кубрык­купэ «Маё ваеннае жыццё». Фантазіі і творчасці моладзі не было межаў: плакаты і сцягі, лампады, маскіровачныя сеткі, фатаграфіі знакамітых землякоў­герояў змянілі інтэр’ер цягніка. Песні пад гітару і гармонік, сцэнкі на франтавую тэматыку, цэлыя ваенныя балады складалі юнакі і дзяўчаты прама ў дарозе.

Першым прыпыначным пунктам «Цягніка Перамогі» стала станцыя Орша. На ўрачысты мітынг ля помніка легендарнаму камбрыгу, Герою Савецкага Саюза Канстанціну Заслонаву сабраліся прадстаўнікі мясцовай улады, Аршанскага чыгуначнага вузла, ветэраны, школьнікі, працуючая моладзь і навучэнцы, вайскоўцы, члены ваенна­патрыятычнага клуба ЮНЭСКА «Русічы». Удзельнікі марафону ўсклалі вянкі да помніка, паспыталі салдацкай кашы – і зноў у шлях.

Конкурсная праграма працягнулася патрыятычнымі песнямі. У выкананні маладых людзей гучалі як аўтарскія на тэму Вялікай Айчыннай вайны, так і кампазіцыі мінулых гадоў. Знаёмыя і любімыя з дзяцінства мелодыі не сціхалі ў вагонах да позняй ночы.

У 7.42 «Цягнік Перамогі» прыбыў у Брэст. На трох камфартабельных аўтобусах з экскурсаводамі моладзь Віцебшчыны адправілася на святую зямлю Брэсцкай крэпасці. У адзіным архітэктурна­мастацкім ансамблі мемарыяла знаходзяцца руіны старой крэпасці, месцы баёў, манументальныя скульптурныя кампазіцыі. Сёння «Брэсцкая крэпасць­-герой» – найбуйнейшы на тэрыторыі былога СССР помнік мужнасці савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай. У далёкім 41­м менавіта тут пачалася вайна, кавалася будучая Перамога, за якую аддалі жыцці столькі герояў. Удзельнікі марафону ўшанавалі подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці хвілінай маўчання, усклалі вянкі да мемарыяла, наведалі музей абароны крэпасці, пазнаёмілася з экспазіцыямі, пабывалі на выставе ваеннай зброі.

Пазнавальнай стала і наступная экскурсія – у Кобрын, пра гісторыю і сучаснасць якога мы даведаліся падчас наведвання ваенна­гістарычнага музея і іншых знакавых месцаў горада. Станоўчых эмоцый і ўражанняў дадалі насельнікі страусінага ранча каля вёскі Казішча Кобрынскага раёна. Тут мы змаглі не толькі ўбачыць дзіўных птушак і паназіраць за іх звычкамі, але і паспытаць у спецыялізаваным кафэ далікатэсныя стравы з яйкаў і мяса страусаў.

Праграму другога дня прадоўжыла экскурсія па Брэсце, а ў 20.30 «Цягнік Перамогі» адправіўся ў зваротны шлях. І зноў поўная гатоўнасць да творчых спаборніцтваў! Займальна прайшлі конкурсы на лепшыя агітбрыгаду, карыкатуру. Па іх выніках пераможцы атрымалі памятныя падарункі. Спрабавалі сябе ўдзельнікі марафону і ў амплуа аператараў, рэжысёраў, фатографаў. Дарэчы, іх відэа­ і фотарэпартажы можна ўбачыць ў групе ў сацыяльных сетках «ВКонтакте»: http://vk.com/vitebsk_region_brsm.

Непрыкметна праляцеў час, пакінуўшы незабыўны след у сэрцах удзельнікаў акцыі, значнасць якой цяжка пераацаніць. Бо акрамя сацыяльна важнай функцыі «Цягніка Перамогі» юнакі і дзяўчаты набылі новых сяброў, атрымалі масу ўражанняў.

– Складана вызначыць, што стала самай запамінальнай падзеяй паездкі, – кажа ўдзельнік марафону, работнік Ушацкага ПМС Сяргей Дунік. – Спадабалася абсалютна ўсё! Надоўга запомніцца абарона нашага ваеннага кубрыка, яркія эмоцыі ад экскурсіі ў Брэсцкую крэпасць.

– Гэты марафон, прысвечаны 70­годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, паслужыў высакароднай мэце патрыятычнага выхавання моладзі, – дадала прадстаўніца райкама БРСМ Юлія Белавусава. – У 2015 годзе нашым грамадскім аб’яднаннем запланаваны шэраг падобных акцый і мерапрыемстваў. Мы пастараемся дайсці да кожнага ветэрана Ушаччыны, каб падзякаваць за Перамогу.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *