На мінулым тыдні ў ААТ “Ільюшынскі” падводзілі вынікі прайшоўшага года і ставілі задачы на новы. Нельга сказаць, што 2014-ы стаў для ільюшынцаў вельмі паспяховым па ўсіх накірунках. Дзесьці спрацавалі намнога лепш, дзесьці – горш. Ні адна кампанія не была для іх лёгкай, як заўсёды, сутыкаліся аграрыі з многімі цяжкасцямі, але ў цэлым удалося дасягнуць нядрэнных вынікаў. Чысты прыбытак сельгаспрадпрыемства з дзяржпадтрымкай склаў 2 мільярды рублёў, а без яе – 500 мільёнаў.
Раслінаводства
У 2014 годзе сельгаспрадпрыемству ўдалося сабраць самы вялікі за ўсю гісторыю “Ільюшынскага” ўраджай – 6884 тоны зерня, сярэдняя ўраджайнасць склала 27,7 цэнтнера з гектара. Найбольшую ўраджайнасць – 34,4 цэнтнера з гектара – даў авёс, культура непатрабавальная. Вырошчвалі ў гаспадарцы і прыбытковы ў апошні час рапс, ураджай якога таксама парадаваў – сабрана 617 тон, што да ўзроўню мінулага года склала 107 працэнтаў. Ураджайнасць рапса склала 15,2 цэнтнера з гектара, у той час як у мінулым годзе яна была толькі 11,6 цэнтнера. У выніку ад рэалізацыі рапса гаспадарка атрымала 111 мільёнаў прыбытку.
Вырас і нядрэнны ўраджай кукурузы. Крыху большы атрымалі толькі суседзі з “Вялікадолецкага”. Гаспадарка поўнасцю забяспечыла пагалоўе кармамі: нарыхтавана 5683 тоны сенажу, 11168 – сіласу, 3268 – саломы, 489 – сена, засыпана 954 тоны фуражнага зерня, што ў цэлым склала 27 кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы.
Жывёлагадоўля
“Калі вынікі работы ў раслінаводстве радуюць, то ў жывёлагадоўлі мы спрацавалі на нездавальняючую адзнаку, валавая прадукцыя – 96 працэнтаў да ўзроўню мінулага года”, – адзначыў у сваім дакладзе дырэктар ААТ “Ільюшынскі” С.А.Халімоненка. У жывёлагадоўлю ўкладзена нямала сіл і матэрыяльных сродкаў, але нават на фоне больш нізкіх паказчыкаў іншых гаспадарак няма чым ганарыцца. За 2014 год надой на адну карову склаў 2886 кілаграмаў, а гэта толькі 89,5 працэнта да ўзроўню мінулага года, сярэднясутачныя прывагі – 559 грамаў, ці адпаведна 97 працэнтаў. Адной з прычын змяншэння вытворчасці стала недаатрыманне прыплоду – на 179 галоў менш, чым у 2013-м.
Выручка ад рэалізацыі малака за год склала 11466 мільёнаў рублёў, а ад рэалізацыі мяса – 1889.
Як вядома, зарабіць больш можна ў першую чаргу на якасці. Мяркуйце самі: адзін кілаграм малака сортам “экстра” каштуе 4608 рублёў, а першасортнага – 3740. А за прайшоўшы год “Ільюшынскі” здаў “экстрай” 24 працэнты малака, вышэйшым – 66, першым – 9.
Аналізуючы няпростую працу ў жывёлагадоўлі, было адзначана і тое, што цэны на малако не павышаліся са снежня 2013 года.
Планы на будучае
Падвёўшы вынікі, самы час агучыць планы на бягучы год. У гаспадарцы зноў робяць стаўку на раслінаводства, а для гэтага ўжо зроблены задзел – з восені ўзнята 1100 гектараў зябліва, пасеяна 1060 гектараў азімых, з якіх 460 – пшаніца і 600 – жыта, на палеткі вывезена 11 тысяч тон арганікі, засыпана 600 тон насення зерневых і зернебабовых (плануецца яшчэ папоўніць насенны фонд элітай), 60 тон траў, на 185 гектарах яны ўжо высеяны. Плануецца пашырыць пасевы канюшыны, а таксама адвесці плошчы пад люцэрну, якая дае 3-4 укосы, а значыць і большыя магчымасці для корманарыхтоўкі.
Не за гарамі сяўба, а таму ў цяперашні час актыўна ідзе падрыхтоўка тэхнікі, каля 85 працэнтаў якой ужо выстаўлена на лінейку гатоўнасці.
У ліку асноўных задач – паправіць становішча ў жывёлагадоўлі, тым больш што сёлета нарэшце будзе ўведзена ў строй ферма ў Сержанах з сучаснай даільнай залай. Яна ўжо амаль падрыхтавана да ўкамплектавання жывёлай. Каб павысіць надоі, створаны групы раздою кароў.
Плануецца зрабіць і рамонт памяшканняў майстэрні. Паколькі на падобныя работы патрэбны немалыя грашовыя ўкладанні, то, каб не быць галаслоўнымі, вялікіх планаў не агучвалі, а збіраюцца рабіць усё па меры магчымасцей.
Як зазначыў кіраўнік гаспадаркі, дасягнуць жаданых паказчыкаў не атрымаецца без вытворчай дысцыпліны, а таму яна будзе на вельмі жорсткім кантролі.
Поспех залежыць ад кадраў
Поспех у любой справе ў многім залежыць ад кадраў, іх добрасумленнасці. Сёння ў ААТ “Ільюшынскі” працуе 158 чалавек. Тут не існуе недахопу кадраў і многа працаўнікоў, на каго можна раўняцца. Гэта А.Спірыдзёнак, А.Дайлідзёнак, С.Клопаў, М.Пасах, В.Буйніцкі, У.Лёля, А.Карабань, Ю.Бука, М.Ляхоўскі, А.Крысёнак, Д.Бурак, А.Плігаўка, Н.Вашкевіч, С.Дземідовіч, І.Казачонак, С.Міхейка, М.Пліско, М.Спірыдовіч і іншыя. Асобна былі адзначаны прадстаўнікі моладзі А.Селезень, І.Коўшаль, М.Рэут.
Сярэдння заработная плата працаўнікоў “Ільюшынскага” за год склала 3 мільёны 558 тысяч рублёў (120 працэнтаў да папярэдняга года) і з’яўляецца адной з самых высокіх сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна).
Урачысты момант сходу
Па традыцыі ў “Ільюшынскім” падчас справаздачнага сходу гучаць добрыя словы ў адрас тых, хто адпраўляецца на заслужаны адпачынак. Сёлета гэта аператар машыннага даення Галіна Сямёнаўна Палонская, дыспетчар Наталля Васільеўна Панамарова, вадзіцель Аляксандр Іванавіч Бурак, інжынер па тэхнічным абслугоўванні абсталявання жывёлагадоўлі Генадзь Уладзіміравіч Куц. Кіраўніцтва гаспадаркі шчыра падзякавала ім за добрую працу на карысць прадпрыемства і ўручыла матэрыяльную дапамогу.
У сходзе прыняла ўдзел і старшыня раённай арганізацыі Беларускага фонду міру, “Чалавек года Віцебшчыны-2014” Т.М.Малак. Таццяна Міхайлаўна прыехала да аграрыяў з прыемнай місіяй – падзякаваць ім за неабыякавасць да грамадскай арганізацыі, за тое, што работнікі заўсёды арганізавана ўдзельнічаюць у зборы добраахвотных ахвяраванняў у фонд міру. За мінулы год працаўнікі на чале з дырэктарам і намеснікамі ахвяравалі 2 мільёны 300 тысяч рублёў. З гэтай нагоды Т.М.Малак уручыла сельгаспрадпрыемству Падзяку Віцебскага абласнога аддзялення грамадскай арганізацыі “Беларускі фонд міру”, а таксама памятны падарунак.
А ў адным з самых буйных сельгаспрадпрыемстваў ужо настроіліся на працу ў новым сельскагаспадарчым годзе.
Вольга КАМАРКОВА.