Победа Натальи Шах на международном конкурсе

Ими гордятся Общество

Шчыра кажучы, перамогі на прэстыжным міжнародным конкурсе імя М.І.Белабародава, які праходзіў у Туле, ніхто не чакаў. Ні вопытны выкладчык Наваполацкага музычнага каледжа Мікалай Іванавіч Івашкін, ні маці Алена Васільеўна Ціханава, ні сама Наташа Шах. Аднак, калі яшчэ перад афіцыйным падвядзеннем вынікаў да яе падышоў старшыня журы і запытаўся, што яна зможа выканаць на заключным канцэрце – яна ўсё зразумела. Выступаць на ім давалі права толькі лаўрэатам.

І вось – першае месца! Абышоў яе, атрымаўшы Гран-пры, толькі юнак з Варонежскага музычнага каледжа, неаднаразовы лаўрэат розных конкурсаў. Яна ж перамагла ўсіх астатніх баяністаў і акардэяністаў сваёй узроставай групы (18-19 гадоў), хоць і была самай малодшай у ёй. Перамагла, нягледзячы на тое, што палову рэпертуару рыхтавала спецыяльна для конкурсу ў вельмі сціслыя тэрміны. Твор на ваенную тэматыку, паколькі прысвячаўся конкурс 65-й гадавіне Вялікай Перамогі, павольную кампазіцыю і самае складанае – паліфанічны, на чатыры галасы нумар, за які многія проста не браліся. У другім туры конкурсу выконвала буйны твор Баха і сваю любімую “Мчится тройка почтовая». Апладзіравала падчас выканання яе візітоўкі ўся зала.

Малайчына. Зноў змагла сабрацца, сканцэнтравацца і адыграць як заўсёды – па-майстэрску і з душой.

Атрымала Наташа акрамя прыза ў 10 тысяч расійскіх рублёў яшчэ і прапанову на вучобу ад прафесара з Санкт-Пецярбурга. Аднак мяняць свайго выкладчыка М.І.Івашкіна, які таксама неаднойчы атрымліваў запрашэнні на працу ў розныя музычныя ўстановы краіны і Расіі, не збіраецца. Гэта потым час пакажа, дзе працягваць вучыцца. Яшчэ ж толькі другі курс. А яе імя добра вядома за межамі Беларусі. У складзе журы былі заслужаныя майстры культуры Расіі, прафесар інстытута імя Гнесіных, а таксама музыкант з Фінляндыі.

Чарговай перамогай Наташы, канечне, ганарацца выкладчыкі Ушацкай школы мастацтваў. Я ж спадзяюся, не, упэўнена, што гэта не апошняя перамога на міжнародных музычных конкурсах.

В.КАРАЛЕНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *