“Трэба стварыць духі з водарам Беларусі. Паспрабаваць перадаць у іх пах палявых кветак, прыгажосць лесу, увабраць усё гэтае хараство”. Зінаіда Лявонаўна Усцін на першых хвілінах знаёмства ашаламіла мяне красамоўнасцю нават не слоў – не, яны былі быццам бы звычайнымі, а думкі. Увабраць у флакончык непаўторнасць Беларусі. Задача не з простых, калі наогул вырашальных. “Толькі ў параўнанні можна адчуць гэта. Я жыла ў Венгрыі, а іх гарады яшчэ ў савецкія часы танулі ў прыгажосці кветак. Я жыла ў Казахстане. Толькі ў нас самая прыгожая, зялёная, азёрная зямля. Я вось і флажок Беларусі пастаянна трымаю з сабой. У нас лепш чым дзе”.
Твар Зінаіды Лявонаўны свяціўся. Ад прадаўца маленькага магазінчыка ў такой жа невялікай вёсцы Сорзава Кубліцкага сельсавета веяла незвычайным спакоем і ўпэўненасцю. А за яе спіной на стэлажах з таварам сапраўды красаваўся беларускі флажок.
Такой упэўненай яна была не заўсёды. Зусім не была, напрыклад, калі засталася з пяццю дзецьмі на руках, малодшае з якіх – немаўля, у чужым Казахстане пасля развалу Савецкага Саюза. Гэта для тых, хто лічыць, што яму цяжка жыць!!! Ні працы, ні заробку, ні аліментаў, ні родных паблізу. Пакуль бацька не забраў яе з дзецьмі ў родныя Скачыхі. Так іх невялікі дом стаў гаманкім і адначасова вельмі цесным для васьмярых. Толькі праз сем гадоў яна пераехала ў выдзелены КУСГП “Кублічы” службовы тыпавы дом, дзе зараз, наадварот, прытуліла і пагарэльца бацьку. Працаваць пайшла даяркай. Але гэта толькі частка той працы, якую ўзваліла на сябе. Трымала дзве каровы, трэцяя ў маці, парсюкоў, гусей, качак і коз. Не выходзіла з лесу, дзякуй, што побач за вёскай пачынаецца багатая Цытавізна. Не ведала, што такое водпуск ці адпачынак. Нікуды не магла паехаць – на каго ж пакінеш такую гаспадарку. “Добра, што дзяцей змагла падняць,” – гэта Зінаіда Лявонаўна адказвае на маё пытанне аб самым прыемным у яе жыцці. – Я імкнулася, каб у іх было ўсё патрэбнае”.
І выраслі яны – Алег, Паша, Каця, Рыта і малодшая Даша вельмі дружнымі. Кожныя выхадныя ў яе нехта гасціць. А летась на юбілей дом ледзь умясціў усю вялікую радню. Дзякуй Богу, што дзеці жывуць недалёка – практычна ўсе, акрамя ўшачанкі Каці – у Полацку. Нават старэйшы Алег перабраўся бліжэй да радзімы з Расіі. У яе ўжо 12 унукаў, і менавіта яны зараз грэюць душу больш за дзяцей. І любімая работа.
“Люблю людзей, шкада, што чаргі тут няма практычна ніколі. Люблю гэту работу, я ж і да замужжа працавала ў вялікім магазіне ў Полацку, і ў Венгрыі ў ваенным гарадку”.
І ў яе атрымоўваецца. Пярэстая выкладка разнастайнага тавару на паліцах не адпавядае шэраму выгляду старога будынка. Тут хапае ўсяго – ад агародніны свежай, да замарожанай. Аказваецца, на вёсцы карыстаецца попытам нават тавар з градкі. Не ва ўсіх урадзіла. Ці не ва ўсіх хапае сіл вырошчваць. А яшчэ яе пакупнікі любяць тое, што і сама Зінаіда Лявонаўна. “Бабуль сваіх прывучыла да марожанай агародніны. Карысна і лёгка ў прыгатаванні – паклаў на патэльню і тушы. Не толькі з пернікамі чай п’юць, але і з пірожнымі. Даяркі нашы ніколі не абмінаюць магазін, нават калі могуць набыць тавар і ў Кублічах”. Здзівіў мяне і званок ад аднавяскоўкі, якая ў гэты дзень была ва Ушачах, аднак цікавілася, ці хопіць ёй батона.
– Яны ж ведаюць, што я завожу тавар пад іх, што калі застанецца – гэта на мне, – адказвае на мой здзіўлены позірк прадавец. – Тут практычна не бывае чужых, заезджых пакупнікоў. Усе свае і цяпер, і ўлетку, калі з прыездам дачнікаў і ўнукаў выручка вырастае ўдвая. А яшчэ я назаўсёды запомніла падыход да кліентаў венгерскіх прадаўцоў. Столькі кавалачкаў мяса пакажуць, перш чым задаволіць пакупніка. І ўсё ветліва, спакойна.
Вось і ўсіх, хто заходзіў, вітала па імя. Тлумачыла, што заказала каву патанней, што папоўніцца разабраны пасля зарплаты асартымент каўбас, што да 8 Сакавіка прывязуць тарты.
Шчыра кажучы, тартамі Зінаіда Лявонаўна мяне не здзівіла, паколькі я ўжо ведала, што да Новага года яна завозіла ў магазін (!) ананасы. Пра гэта, а дакладней, пра шырокі асартымент, завозы пад заказ і свайго любага прадаўца мне расказалі менавіта пакупнікі – даяркі фермы Капылоўшчына.
А ананасы раскупілі. Зінаіда Лявонаўся смяецца, што не баялася за пратэрміноўку – плод любіць сама, таму б не заляжаўся.
А яшчэ яе дом улетку не зблытаеш ні з якім іншым – ён дагледжаны і патанае ў кветках. На пытанне, што вырошчвае, жанчына бойка адрапартавала: “Усё: крокусы, ліліі, вяргіні, цюльпаны… Зямлі ж хапае”. Любімыя ж па ранейшаму палявыя – усе, любыя, хоць яна ніколі не складае з іх кампазіцый і дзецям, якія беглі з букетамі, забараняла рваць жывое. “Мы ж выкінем праз пару дзён, а так яны столькі будуць радаваць вока. Дзеці ведаюць, што я вельмі люблю кветкі і заўсёды радавалі мяне букетамі – і ў Венгрыі, і ў Беларусі”. Самыя распаўсюджаныя яе дароныя кветкі – сакавіцкія цюльпаны і лістападаўскія хрызантэмы – на жаночы дзень і імяніны. І хоць я завітала да Зінаіды Лявонаўны 3 сакавіка, на рабочым стале ўжо стаяла белая хрызантэма. Жанчына папраўляла пялёсткі, пракручвала ў памяці такія хуткацечныя гады і ўсміхалася. Кветкі створаны, каб падымаць настрой, а Зінаіда Лявонаўна мае ў гэтым патрэбу як і кожная жанчына. А мабыць і больш за іншых. Як кампенсацыю за ўсе слёзы і боль. Як бальзам для рамантыка, якім яна і застаецца.
Пакідаючы Сорзава, я ў чарговы раз пераканалася, што непаўторнасць Беларусі не ў азёрах і лясах, а ў яе людзях.
Вольга КАРАЛЕНКА