Проектному бюро — 25 лет

Юбилейные даты

Праз рукі гэтых жанчын праходзіць кожны праект будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў, афармленне праектна­каштарыснай дакументацыі на капітальны рамонт, рэканструкцыю жылых дамоў, пабудоў і многае іншае. Пачатак сакавіка ў гэтым годзе для праектнага бюро – выключна жаночага калектыву – адметны двума святамі: 25­годдзем утварэння арганізацыі і Днём жанчын.

Праектнае бюро было ўтворана 1 сакавіка 1990 года, і першым яго начальнікам стала Галіна Віктараўна Дымман. Першапачаткова яно было пры галоўным архітэктары Ушацкага раёна (на той час ім быў Леанід Андрэевіч Крукоўскі). Асноўнай дзейнасцю бюро была і застаецца распрацоўка праектна­каштарыснай дакументацыі, генпланаў зямельных участкаў.У пачатку 90­х гадоў у раёне назіраўся пік будаўніцтва, у тым ліку з дзяржаўнай падтрымкай. Актыўна будаваўся раён катэджнай забудовы, аэрадрома, вуліц Дуброўскага, Е.Лось, Кветкавай, Мамкіна, Палявой, Лугавой.

– Праекты чарцілі на мілімятроўцы, затым пры дапамозе тушы капіравалі на кальку, затым размнажалі экзэмпляры на спецыяльным абсталяванні. Праектаў было столькі, што каб паспець зрабіць дакументацыю ў тэрмін, бралі работу на дом, працавалі і ў выхадныя. Пры гэтым быў час, калі калектыў складаўся з васьмі чалавек, – успамінае Вера Мікалаеўна Салачэнка, якая з 1998 года і па сённяшні дзень узначальвае бюро.

У 2000 годзе арганізацыя перацярпела змяненні і стала камунальным унітарным прадпрыемствам. Зменшыўся калектыў, але нязменнымі засталіся яго задачы. Аблегчыў працу работнікаў тэхнічны прагрэс, сёння бюро аснашчана камп’ютарнай, ксеракапіравальнай тэхнікай. Праекты на жылыя дамы зараз распрацоўваюцца на камп’ютары ў спецыяльнай праграме “Аўтакад” і нават у каляровым выкананні. Усё гэта прыйшлося паступова асвойваць работнікам, перастройвацца са старога ладу на новы.

Вялікая колькасць самых розных праектаў новабудоўляў прайшло праз бюро за 25 гадоў, нямала дакументаў на капітальны рамонт і рэканструкцыю падрыхтавана за гэты час. Многія ўшачане скарысталіся льготным крэдытам на рэканструкцыю сваіх жылых памяшканняў, а падрыхтоўка дакументаў на крэдытаванне таксама праходзіць праз праектнае бюро. Прадпрыемства працуе не толькі з фізічнымі асобамі, падрыхтоўка ўсёй неабходнай дакументацыі для сельгасарганізацый, якія праводзілі рэканструкцыю жывёлагадоўчых ферм – таксама справа рук гэтага невялікага калектыву.

– Які ж ваш самы любімы ці самы складаны праект за гэтыя гады? – пытаюся ў Веры Мікалаеўны.

– Ведаеце, нават складана вылучыць які­небудзь з усіх праектаў. Кожны з іх асаблівы па­свойму і абсалютна ў кожны ўкладваем душу, стараемся зрабіць як мага лепш. Ад гасцей раёна даводзілася чуць, што вельмі ўдалым атрымаўся наш праект будынка, які “згладзіў” вугал дома Ленінскай,16, дзе цяпер размяшчаецца цэнтр МТС і раней было кафэ “Ірына”. Будынак удала ўпісаўся ў архітэктуру і ўпрыгожыў цэнтр гарпасёлка. Кожнаму індывідуальнаму забудоўшчыку дапамагаем знайсці свой жаданы праект, падказваем. Калі прыходзяць людзі афармляць крэдыт на рэканструкцыю – раім, напрыклад, уключыць у каштарыс не шыфер, а металачарапіцу – яна больш даўгавечная і выглядае прывабна – хочацца, каб у нашай мясцовасці было больш прыгожых дамоў.

Юбілей утварэння арганізацыі гэты жаночы калектыў сустрэў у складзе трох чалавек. Кожная з іх выконвае сваю важную і патрэбную частку работы. Хоць зараз не назіраецца масавага буму будаўніцтва ў раёне, аднак жанчыны ні хвіліны не сядзяць без справы. Вера Мікалаеўна Салачэнка афармляе ўсю патрэбную дакументацыю, самы малады работнік калектыву – тэхнік­архітэктар Кацярына Яўгенаўна Ляхоўская займаецца непасрэдна распрацоўкай праектаў на камп’ютары, ну а бухгалтар Тамара Пятроўна Ражноўская працуе ў бюро з таго самага дня ўтварэння і ў яе веданні ўсё лічбы і падлікі.

Работа ў праектным бюро патрабуе дакладнасці, акуратнасці, уседлівасці, скрупулёзнасці, а гэтыя рысы найбольш характэрныя для жанчын, якія паспяхова канкурыруюць у гэтай сферы з мужчынамі. Ну а станоўчыя водгукі забудоўшчыкаў у адрас нашых ушацкіх жанчын з праектнага бюро толькі падкрэсліваюць іх кампетэнтнасць і стараннасць.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *