Ужо не першы год Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ў рамках рэспубліканскай акцыі “Сям’я! Служым разам!” праводзіць конкурс дзіцячага малюнка. Арганізатары спаборніцтваў дазволілі юным мастакам імправізаваць: па форме работа магла быць любой, галоўнае – каб у ёй прысутнічала міліцэйская тэматыка. Для другакласніцы Ушацкай школы Дар’і Бабянок у гэтым сэнсе варыянтаў не было: калі разам з вамі жыве ахоўнік правапарадку, каму давяраюць пісталет і сапраўдныя наручнікі, і калі гэты ахоўнік даводзіцца вам татам – хіба можна маляваць нешта іншае?
Як вядома, служба ў органах унутраных спраў дастаткова спецыфічная: у любы момант могуць выклікаць на заданне або дзяжурства, не заўсёды атрымліваецца правесці з блізкімі святы і выхадныя, удзяліць час выхаванню дзяцей. Напэўна таму моманты, калі ўся сям’я збіраецца разам, цэняцца ўсімі яе членамі паасабліваму. Менавіта такі шчаслівы дзень адлюстравала на сваім малюнку Даша, дачка інспектара ДПС аддзялення ДАІ Ушацкага райаддзела міліцыі з 10гадовым стажам Дзяніса Уладзіміравіча Бабянка. Гэтым, відаць, і кранула сэрцы членаў журы – работа ўшачанкі прызнана лепшай у Віцебскай вобласці.
Даша (дарэчы, самы юны лаўрэат з усёй краіны) на ўрачыстым мерапрыемстве падвядзення вынікаў акцыі і конкурсу малюнкаў, якое праходзіла ў Жлобіне, была ўзнагароджана дыпломам і памятнымі падарункамі. Раздзялілі ж з ёй радасныя хвіліны першага значнага творчага поспеху любімыя людзі – мама і тата.