У многіх шматпавярхоўках буйных гарадоў няма падвалаў у тым сэнсе, як гэта ўяўляем сабе мы, жыхары райцэнтра. Памяшканні пад першым паверхам кватэр канечне ёсць, але гэта вотчына выключна камунальных службаў, бо там праходзяць трубы камунікацый, знаходзяцца цеплапункты і іншыя спецыяльныя тэрыторыі. А вось невялікіх уладанняў грамадзян, дзе як у нашых кааператыўных і іншых шматкватэрных дамах пад замком захоўваюцца агародніна, “закаткі”, веласіпеды, санкі і многія іншыя рэчы – няма. Таму няма і праблем, якія ствараюць работнікам камунальных арганізацый некаторыя жыхары, што маюць свабодны доступ да падвальных памяшканняў.
Колькасць працаўнікоў камунгаса, якія на мінулым тыдні сабраліся ля дома №2 па вуліцы Ленінскай, міжволі выклікала думку аб нейкай тэхнагеннай катастрофе – прарыве каналізацыі ці выхадзе са строю цеплатрасы. Між тым, восем чалавек з брыгады па абслугоўванні жыллёвага фонду былі занятыя зусім іншай справай. Смецце, горы смецця даставалі працаўнікі з падвалаў дома. “Гэта не значыць, што тут не ўбіралася дзесяцігоддзямі, – кажа пад’ехаўшы намеснік дырэктара УП ЖКГ Дзмітрый Сяргеевіч Шасцярэнь. – Наадварот, парадак наводзіцца планамерна кожны сезон, але завалы з’яўляюцца зноў”.
Пакуль трактарыст адвозіў запоўнены за тры гадзіны прычэп, размаўляў з мужчынамі, занятымі гэтай бруднай справай. “Вынесем, усё вычысцім – любадорага глянуць. А праз некалькі месяцаў такая ж карціна!” – абураюцца рабочыя. Ад іх даведаўся, што ўборкай падвалаў па гарпасёлку яны займаліся не першы дзень. Напрыклад, наводзілі парадак у дамах на вуліцы Віцебскай. Знаходкі самыя розныя – ад старых, але дабротных лыжаў да рарытэтных савецкіх часопісаў: “Канечне, смецце ёсць, але не ў такіх аб’ёмах, такога няма ні ў адным з дамоў!”.
Электрык наладзіў асвятленне ў тых закутках падвала, дзе святла няма, і рабочыя ахвотна правялі мне “экскурсію” па падвальных памяшканнях. Асноўную масу смецця складалі адходы будаўнічых матэрыялаў і рэчы, адслужыўшыя свой век. У праходах складзіраваныя аконныя рамы, дзверы, каробкі, скрыні і кучы дробнага смецця, паходжанне якога адразу і не вызначыш.
Бачна, што свой “уклад” у справу засмечанасці ўносяць і аматары спіртных напояў, якія пакідаюць рэшткі “застолляў”, прычым зрабіць гэта могуць і не “карэнныя” жыхары, бо незаўсёды жыльцы дома зачыняюць дзверы на замок. Але ж, у асноўным, работнікі камунгаса ківаюць на жыхароў, некаторыя з якіх пакідаюць у падвале нават пакеты з бытавым смеццем, хаця да іх пад’ездаў па графіку прыязджае смеццявоз. Ды і пазбавіцца ад бытавых адходаў цывілізавана можна таксама, калі прагуляцца пару соцень метраў да гарадской лазні – тут устаноўлены кантэйнеры.
Жыхары прыгаданага дома неаднаразова папярэджваліся аб неабходнасці захавання чысціні і парадку ў дапаможных памяшканнях, да ліку якіх адносяцца падвалы. З мэтай ўборкі буйнагабарытнага смецця восенню і зімой работнікі камунальнай службы падганяюць да гэтага дома, як і да іншых, прычэп. Але на заклікі прыняць удзел у ачыстцы падвалаў, прыдамавой тэрыторыі адгукаюцца лічаныя жыхары, а колькасць смецця ў падвалах пачынае расці адразу пасля капітальных “зачыстак”.
Для выканання работ УП ЖКГ вымушана накіроўваць сюды людскія рэсурсы з іншых участкаў, прыцягваць дадаткова тэхніку. Між тым, правілы карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў, зацверджаныя пастановай Саўміна Рэспублікі Беларусь №399 ад 21 мая 2013 года, указваюць на тое, што грамадзяне павінны выкарыстоўваць гэтыя памяшканні ў адпаведнасці з іх прызначэннем. Згодна пункта 7.4 правілаў, на жыхароў ускладаецца адказнасць за парушэнні канструктыўных элементаў і інжынерных сістэм у падвалах і санітарнатэхнічнага стану, а паводле пункта 16.6 ім забараняецца “загрувашчванне калідораў, лесвічных маршаў і пляцовак, праходаў, запасных выхадаў і іншых дапаможных памяшканняў”.
Толькі, як бачна, многія на сённяшні дзень працягваюць блытаць падвальныя памяшканні са смеццезбіральнікамі і выкарыстоўваць трубы ліўнёвак у якасці смеццеправоду – у доме №2 яны аказаліся забітымі піўнымі бутэлькамі і пластыкавым посудам. “А потым скардзяцца, што дах цячэ! Дык вадзе ж няма куды дзявацца…” – з сумам зазначаюць рабочыя камунгаса. Не разумеюць несумленныя жыхары і таго факта, што ў выпадку аварыі выпраўляць яе наступствы работнікам камунгаса бывае вельмі складана менавіта зза захламленасці падыходаў да камунікацый.
…Цэлы тыдзень працавалі рабочыя УП ЖКГ над ачысткай падвалаў указанага дома, вывезлі сем прычэпаў смецця. Між тым адміністрацыя камунальнай гаспадаркі адзначае – парушэнне правілаў карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў з’яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем і можа “пацягнуць” на штраф у суму ад 10 да 30 базавых велічынь. Адзначаюць у камунгасе і тое, што хоць і не жадаюць яны даводзіць справу да такіх жорсткіх мер, але прыйдзецца, бо словамі і ўгаворамі выправіць становішча не атрымоўваецца.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.