Адзін, маючы неблагі заробак, едзе на дачу і садзіць там моркву, каб ужываць сваю, без хіміі. Другі выкарыстоўвае некалькі метраў у хляўку і трымае там курэй, трусоў, коз, каб зэканоміць, менш купляючы ў магазіне. Трэці апрацоўвае гектары зямлі, бо жыве з яе. У нашым раёне ёсць і адны, і другія, і трэція. Але самая вялікая колькасць ушачан трымае гаспадарку і не кідае неўзараным участак, бо гэта ўклад жыцця, які не прыносіць вялікага прыбытку, але без якога нельга. Аднак якой бы не была мэта, а на долю прыватных гаспадарак ушачан прыходзіцца чацвёртая частка ўсёй вырашчанай у раёне сельгаспрадукцыі. І на апошнім сумесным пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта разглядалася пытанне аб выкананні Праграмы развіцця і падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак грамадзян на 20112015 гады.
І пад пашу, і пад пару
Трымаць гаспадарку ў апошнія гады стала намнога прасцей? Нехта з гэтым не згодны. Зямлі – і пад пашу, і пад пару, не трэба з затопленых лугоў выцягваць на сена жорсткую балотную расліннасць. Не трэба ганяць статкі за кіламетры – практычна кожны навязвае жывёлу ля дамоў. На змену коням прыходзяць эканомныя агрэгаты, толькі выбірай. Насенне – раяніраванае пад нашы кліматычныя зоны і з кожным годам яго ўсё больш. Не стае асноўнага – жадання. Самая распаўсюджаная кагорта ўшачан – тая, для якой гаспадарка была спрадвечным укладам жыцця – старэе, адыходзіць у нябыт, а для моладзі гэткі ўклад ужо не ў лад.
На першага студзеня ў раёне налічвалася 4899 асабістых падсобных гаспадарак – на 114 меней, чым летась. На Ушаччыне, ва ўсіх 248 вёсках, 6 аграгарадках і гарпасёлку засталося 402 каровы (!!!). На 64 меней, чым у 2013ым. А яшчэ дзесяць гадоў таму палова гэтай колькасці была ў райцэнтры, дзе раніцай у розныя бакі разыходзілася чатыры вялікія статкі. Зараз жа наогул засталося толькі 5 грамадскіх гуртоў, дзе адбываюць па чарзе радоўку: у аграгарадках Глыбачка і Ільюшына, Дубраўцы, Мосары і Старым Сяле. Усе астатнія – на ланцугу недалёка ад дому. Гэта асноўныя прычыны недабору малака: усяго “Стаўр” і “Сямёныч” за мінулы год закупілі 565 тон, ці па 1213 кілаграмаў на карову, што, аднак, на 131 кілаграм больш, чым у 2013ым.
Прывязуць дадому, забяруць з агарода
У апошні час я не памятаю ніводнай скаргі на праверку тлустасці малака. Не тэлефануюць у рэдакцыю і наконт іншых праблем, хіба толькі на дастаўку гною… Скарачэнне скарг на здачу малака канстатавала ў сваім дакладзе і Л.М.Міхаль, спецыяліст аддзела па інтэнсіфікацыі сельскагаспадарчай вытворчасці райсельгасхарча.
І сапраўды, дзякуючы рэальнай дзейнасці Праграмы падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак, праблем у прыватнікаў практычна не існуе. Маладняком буйной рагатай жывёлы вяскоўцаў забяспечваюць пераважна гаспадаркі – прададзена 803 галавы. На тэрыторыі ветстанцыі круглы год прадаюцца як курынясушкі, так і кураняты, гусяняты, качаняты – а гэта асноўная жыўнасць на ўсіх падворках. Многія былі вымушаны адмовіцца ад утрымання свіней, што звязана з неспрыяльным становішчам з афрыканскай чумой свіней на 1 студзеня 2015 – 776 галоў ці 90 працэнтаў да 2014 года. Зза прыпынення дзейнасці не забяспечыла як раней парсюкамі ўшачан ПУП “Сарочына”. Каб спрасціць задачу па дастаўцы кармоў, аўтакрамы райспажыўтаварыства развозяць іх па заяўках у кожны двор, а таксама дастаўляюць плёнку, насенне, угнаенне. Пашыраны продаж ажыццяўляецца падчас вясенніх і восеньскіх кірмашоў, якія праходзяць не толькі на плошчы гарпасёлка, але і ў аграгарадках і буйных вёсках. Райспажыўтаварыства заключае з патэнцыяльнымі здатчыкамі дагаворы аб прыёмцы лішкаў прадукцыі. На рынку адведзены месцы, дзе менавіта гэта катэгорыя нашых землякоў дзеліцца вырашчаным. Спецыялісты ветэрынарнай станцыі выязджаюць на дапамогу хворай жывёле ў любы куток, адкуль паступіла тэлефанаванне. Дарэчы, сёлета імі было аказана паслуг на 35 мільёнаў рублёў. Акрамя гэтага яны штогод вакцынуюць жывёлу, сёлета – на 2,9 мільёна рублёў. На старонках газеты ўсё часцей з’яўляюцца аб’явы аб тым, што прадпрыемства акажа паслугі па апрацоўцы ўчастка. Хоць прыватнікі прывыклі і звяртаюцца за ўзворваннем, касілкай ці абмалотам менавіта ў сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, у якіх працавалі.
Можам і лепш
Людзі не пакінуты самнасам з са сваімі праблемамі. Тым не менш пытанні існуюць. Вельмі нізкім застаецца закуп цялят у насельніцтва. Прычына відавочная – у гаспадарак няма сродкаў, каб заплаціць на выгадных умовах і канкурыраваць з прадпрымальнікамі. Аднак магчыма было б заключаць дагаворы, у якіх прапісваць іншыя паслугі насельніцтву за здачу, напрыклад, апрацоўку зямлі ці забеспячэнне кармамі. Не выконвае раён і задання па закупцы пладоў і агародніны. Па апошняй напэўна не задавальняе кошт, хоць райспажыўтаварыства і закупляе па межавай, устаноўленай вобласцю. А па яблыках у першую чаргу адбілася леташняя праблема з перапрацоўшчыкамі, якія не маглі прыняць усяго ўраджаю нашых садоў. А вось райспажыўтаварыства прымала на выгадных для насельніцтва ўмовах, заязджаючы прама ў двор, хоць і паасцярожнічала загадзя прыняць у сховішча, якое сёлета існуе, дастатковую колькасць ушацкіх яблыкаў ці груш. Яны прадаваліся і былі, напэўна, самымі таннымі толькі ранняй восенню. Затое план закупкі бульбы перавыкананы, для захоўвання агародніны таксама працуе спецыяльнае сховішча. Прымаюцца практычна ўсе лішкі садавіны і агародніны, а вось шкуркі трусоў ці воўну ў нас не закупляюць. Кіраўніцтва райспажыўтаварыства абяцала вывучыць пытанне цэнтралізаванага закупу. Больш разнастайны па відах і ўзросце жывёлы павінен завозіцца і камбікорм.
Калі падагуліць работу па выкананні Праграмы па падтрымцы і развіцці асабістай падсобнай гаспадаркі, то яна хоць і прызнана недастатковай, але актывізаваць яе даволі проста: для гэтага кожнаму суб’екту, які прапісаны ў Праграме, трэба больш актыўна працаваць.
Вольга КАРАЛЕНКА.