Из воспоминаний историка, ветерана Великой Отечественной войны И.К.Подворного

70-годдзе Перамогі

У той час мы жылі ўжо заможна. Бацька быў намеснікам старшыні  калгаса па жывёлагадоўлі. Спачатку ж працаваў на будоўлі чатырохраднага кароўніка на 100 галоў, потым свінарніка, пабудовы для малацьбы льну і зерня. Малатарні прыводзіліся ў  рух  канямі. Маці даглядала цялят. Мы, трое падлеткаў – на перавозцы ўраджаю, а таксама баранаванні. У сям’і атрымлівалася тысяча працадзён. І хоць аплата была слабай – 3 і 5 кілаграмаў бульбы за працадзень – такім чынам у 1939 годзе мы мелі 5 тон бульбы і больш тоны сабралі са сваіх 30 сотак.

Бульбай  і зернем з агарода кармілі свіней. Трымалі і свінаматку, якая прыносіла па 8­12 парасят, якіх на кірмашы ў Кублічах прадавалі па 5­10 рублёў за галаву. Мы, дзеці, здавалі ў нарыхтоўчыя ларкі  кару лазы. Так што грошы ў сям’і былі. У магазіне ў Вялікіх Дольцах мы куплялі матэрыял для верхняга адзення, выхаднога абутку. Паўсядзённым жа былі драўляныя туфлі ці лапці, бялізна з саматканага матэрыялу.

За пакупкамі ў магазін бацька накіроўваўся, калі ведаў, што быў прывоз. Падымаўся ў тры гадзіны раніцы і ішоў у Дольцы, каб заняць чаргу, якая дасягала 150­200 метраў. Не заўсёды тавару хапала. Аднойчы бацька, адстаяўшы 5 гадзін  у чарзе, прынёс дадому зусім не тое, за чым пайшоў – патэфон і дзве пласцінкі (песня на грузінскай мове і вясельная яўрэйская). Маці, канечне, лаялася на бацьку, аднак затое ля нашага дома потым збіралася моладзь, калі мы ставілі гэтую вясельную на іўрыце. Да 1940 года ў нас ужо быў самаробны радыёпрыёмнік, які да ад’езду зрабіў брат Міхаіл. Ён быў дэтэктарны, не патрэбны былі батарэі сілкавання, толькі высокая антэна. Такім чынам у нас было акно ў свет, мы набылі адны навушнікі і слухалі навіны. Акрамя патэфона ў доме была скрыпка,
на якой  зрэдку іграў бацька, гармонік трохрадны – інструмент Міхаіла, на якім ён  выконваў усе бытавыя песні і ўсю танцавальную музыку.

Да свят мы мелі магчымасць купляць паўбелы хлеб – 1 рубель 70 капеек. Белы  каштаваў 3.60 і для нас гэта было дорага. Калі­нікалі куплялі кілаграм цукру – 3.80 і кускавога па 4 рублі 10 капеек. Чай у магазіне быў у пачках – (маса цеста) і называўся фруктовым.

У вёсцы прытрымліваліся ўсіх праваслаўных свят, хоць і не было царквы, аднак у кожнай хаце захаваліся іконы. Яны віселі звычайна ў чырвоным куце, накрытыя ручніком. Ну а мы ўгаварылі маці перанесці ікону на кухню. Хата дасталася маці ад бацькоў. Складалася з істопкі, сеняў без падлогі і столі, якая злучала першую з домам. У 1939 бацька пачаў перабудоўваць хату. Выкінуў з дома печ і паставіў групку (шчыт), у сені – рускую печ, зрабіў падлогу і столь, такім чынам наша карысная плошча павялічылася ў два разы. Пафарбавалі вокны і налічнікі на іх. А зімой 1941 года бацька пачаў будаваць новую хату. Рубіў у агародзе адразу за малаказаводам – так называлі прыёмны пункт, куды калгаснікі здавалі малако па абавязковых пастаўках, а таксама і малочнатаварную ферму. Малаказавод размяшчаўся ў канцылярыі і клубе, якія калгас прадаў гэтай арганізацыі.

Я ж хадзіў у свой выпускны 10 клас. За два гады мы згуртаваліся, пасябравалі, сталі калектывам. У нас было некалькі дзяўчат і юнакоў яўрэйскай нацыянальнасці,  якія трымаліся крыху адасоблена. Аднак на  Вялікдзень яны імкнуліся прыйсці ў школу раней, каб пакласці нам на парты  кавалачкі мацы – паўсухі блін з мукі высокай якасці. Мы ж на сваё свята частавалі іх чырвонымі яйкамі. Мацу, якая была абсалютна поснай, мы зусім не любілі, аднак выгляду не падавалі, каб не пакрыўдзіць, а заварочвалі ў паперу ці хустку, як падарунак. Так дружна мы жылі.

А перад новым 1941 годам на сходзе нам сказалі, што  для старшакласнікаў  (8­10) уведзена плата за абучэнне (чуткі пра гэта хадзілі з лістапада). За год – 150 рублёў. Нам, дзесяцікласнікам, паведамілі, што за другое паўгоддзе неабходна ўнесці 75 рублёў. Для многіх з нас гэта аказалася, як цяпер гавораць, ударам ніжэй пояса. Дзе так тэрмінова ўзяць грошы, калі за працадзень налічалі 2 капейкі? За нашых 100 працадзён мы атрымалі 20 рублёў.

Мы на сямейным савеце вырашылі, што паспрабуем сабраць грошы, і я  пасля канікул пайшоў у школу. У класе – меней паловы вучняў, у асноўным мясцовыя і практычна ўсе яўрэі. Дырэктар сказаў, што паведаміў пра гэта ў РайАНА і там сказалі, што пры неўкамплектацыі класаў яны будуць зачынены. А жадаючыя працягваць вучобу пасля аплаты змогуць перайсці ва Ушацкую школу. Так разваліўся наш клас.

Дадому гэтым марозным халодным днём я вяртаўся з нярадаснымі думкамі, што давядзецца кідаць школу. Нават калі б і сабралі грошы, то жыць давядзецца ва Ушачах у інтэрнаце, а на гэта таксама патрэбны грошы. Дадому за 20 кіламетраў не находзішся і ежы на тыдзень не набярэшся. І мы рашылі, што пакуль я застануся дома, а там будзе бачна.

Атрымаў каня, сані з прычэпам (падсанкам) і пачаў вазіць авіясасну – тоўстыя бярвенні даўжынёй 6,5 метра без сукоў. У брыгадзе было 8 возчыкаў.  Выязджалі мы зацемна за 16 кіламетраў ад Старыны ў бок Малых Долец, у лесе загружаліся і ехалі ў Тартак на бераг возера (пункт лесасплаву), дзе атрымлівалі бохан хлеба і стакан гарачага чаю. Вярталіся дадому каля васьмі, а назаўтра зноў у шлях. Каням конюх акрамя сена даваў кілаграм аўса. Параіўшыся з бацькам, я з другога дня пачаў паўбохана аддаваць каню. Цяжка ім было, многія ішлі марудна, а мая Ленка – добра. Тады і астатнія мужыкі пачалі даваць свой хлеб коням.

І вось 12 студзеня 1941 года  я вячэраў. На стале ляжаў свежы нумар  раённай газеты “Прымежны калгаснік”.  На чацвёртай старонцы натрапіў на аб’яву: “Лепельскае педагагічнае вучылішча аб’яўляе набор навучэнцаў на шасцімесячныя курсы па падрыхтоўцы настаўнікаў пачатковых класаў. Прымаюцца асобы, якія маюць сярэднюю адукацыю, а таксама тыя, хто вучыўся ў 10 класе”. Я падняў на бацьку вочы і сказаў: “Заўтра я пайду ў Лепель”. Ён запытаў: “Пешшу?”. І мы не сталі прасіць у брыгадзіра каня. Бацька за мяне паехаў у лес, а я за 7 гадзін дайшоў да Лепеля (35 кіламетраў). На наступны дзень паспяхова здаў экзамены і стаў студэнтам са стыпендыяй 15 рублёў. Паколькі ў інтэрнаце не было вольных месцаў, знялі назаўтра з бацькам кватэру. Ён прывёз мне бялізну і самае неабходнае. Заняткі ў другую змену, а да 15 гадзін я даглядаю малых дзяцей гаспадароў, за што з мяне з часам знялі аплату. Дадому я схадзіў толькі на 1­2 мая. Бацька як будучаму настаўніку зрабіў дарагі падарунак – карычневы касцюм. 15 чэрвеня я здаў першы экзамен, 21 – другі, засталося яшчэ два…

Працяг будзе.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *