Прачытаўшы ў студзені на старонках “Патрыёта” аб магчымасці падключэння лічбавага эфірнага тэлебачання ZALA, жыхар Дубраўкі Мікалай Аляксандравіч Барадулька падаў у раённы вузел электрычнай сувязі адпаведную заяўку. І, як высветлілася, зрабіў гэта ў самы ўдалы момант, бо стаў тысячным абанентам гэтай папулярнай паслугі!
На гэтым тыдні мнагадзетнага бацьку разам з сынам і дзвюма дочкамі запрасілі ва Ушацкі РВЭС, каб ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыць дагавор на атрыманне паслугі, а таксама сертыфікат на бясплатнае карыстанне лічбавым эфірным тэлебачаннем на працягу года з “бонусам” у выглядзе дадатковых тэматычных пакетаў “Дзіцячы”, “Пазнавальназабаўляльны”, “Фільмавы” і “Для душы”.
Прыемную місію ўзнагароджання юбіляраў выканаў дырэктар Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам” А.І.Бохан. Перад тым як уручыць падарункі і кветкі, Аляксандр Іванавіч выказаў словы падзякі ў адрас работнікаў Ушацкага РВЭС, якія першымі сярод сельскіх раёнаў вобласці дасягнулі лічбы ў 1000 абанентаў эфірнага тэлебачання ZALA.
– Між іншым, гэта і не дзіўна, бо менавіта ў нашым раёне 3 кастрычніка 2013 года быў падключаны да названай паслугі першы на Віцебшчыне кліент: ім стала жыхарка вёскі Ваўчо, – расказвае спецыяліст па маркетынгу Н.В.Круміня, якая афармляла той “гістарычны” першы дагавор.
Адметна, што на тэрыторыі Ушаччыны размешчаны самы магутны ў вобласці рэтранслятар. Менавіта таму лічбавая эфірная ZALA зараз можа “прыйсці” літаральна ў кожны дом нават самых аддаленых населеных пунктаў, бо для яе не патрэбна будаўніцтва дарагіх па кошце вузлоў перадачы даных і пракладка оптыкавалаконнай сеткі.
– Асаблівую прыцягальнасць набывае гэтая паслуга зараз, бо, як вядома, ужо з 1 красавіка ў нашым раёне будзе спынена трансляцыя аналагавага тэлебачання, і падключэнне лічбавага тэлевяшчання ZALA – адзін з аптымальных варыянтаў рашэння праблемы, бо не патрабуе набыцця дадатковых прыбораў: дастаткова мець тэлевізар і антэну, а ўсё неабходнае абсталяванне на час дзеяння дагавора мы даем кліентам бясплатна, – нагадвае начальнік Ушацкага РВЭС А.У.Шакута.
Не моцна ўдарыць па кашальку і абаненцкая плата, якая зараз складае 34 тысячы рублёў за базавы пакет, у які ўваходзіць 26 каналаў. Да слова, іх пералік змяняецца ў залежнасці ад рэйтынгу і запатрабаванасці. Так, нядаўна ў склад пакета ўвайшоў спартыўны канал “Беларусь 5”, які заваяваў вялікую аўдыторыю прыхільнікаў. З задавальненнем расказвалі пра тое, якія каналы будуць іх любімымі, і члены сям’і Барадулька. Трэцякласнік Максім плануе глядзець “Паляванне і рыбалку”, бо і сам любіць пасядзець з татам на беразе возера, што побач з іх хатай. Першакласніца Мілана, канечне, будзе шчоўкаць пультам, выбіраючы на дзіцячых каналах самыя цікавыя мульцікі, ну а яе старэйшая сястра Даша любіць глядзець кіно. Дзяўчына найлепш разбіраецца ў тэхніцы, таму менавіта на яе ўскладзена функцыя навучыць астатніх “кіраваць” ZALAй. А вось Мікалаю Аляксандравічу любімыя перадачы часта глядзець не давядзецца, бо ў галавы сямейства, які з-за складаных жыццёвых абставін вымушаны гадаваць дзяцей адзін, вольнага часу мала. А з пачаткам палявых работ у працаўніка “Райаграсэрвіса” яго стане яшчэ менш. Правесці вольны ад вучобы і дамашніх спраў час пад наглядам бабулі Валянціны Генадзьеўны Сталбуновай сястрычкам і браціку дапамогуць 44 тэлеканалы новага тэлебачання.
Наталля БАГДАНОВІЧ.
На здымку: на пярэднім плане – Даша, Максім і Мілана; на заднім – А.Шакута, М.Барадулька, А.Бохан, Н.Круміня.
! На 1 студзеня 2015 года ва Ушацкім раёне зарэгістравана 3368 абанентаў праваднога і эфірнага тэлебачання ZALA.