Экспарт турыстычных паслуг для нашага раёна павінен стаць важкай крыніцай даходаў, аднак пакуль гэты патэнцыял выкарыстоўваецца недастаткова. Тое ж можна сказаць і пра ўвесь прыдзвінскі рэгіён. Менавіта ў мэтах развіцця турызму, прыцягнення ў гэтую сферу інвестыцый была прынята падпраграма “Пяцьсот” Рэгіянальнай праграмы інавацыйнага і інвестыцыйнага развіцця Віцебскай вобласці на 20112015 гады, для паспяховага выканання якой застаецца зусім нямнога часу.
Тэме экспарту турыстычных паслуг было прысвечана нядаўняе пасяджэнне, удзел у якім прынялі намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Н.М.Марковіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму І.Ф.Сыроўчанка, іншыя спецыялісты турыстычнай галіны раёна, прадстаўнікі арганізацый, якія аказваюць замежным грамадзянам турыстычныя паслугі, а таксама загадчык сектара турызму ўпраўлення спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама С.А.Астаніна. У час канструктыўнага дыялогу было прааналізавана становішча ў названай сферы, акрэслены шляхі, якія павінны прывесці да паляпшэння паказчыкаў. Святлана Аляксандраўна дала канкрэтныя парады, якія датычацца ў прыватнасці вядзення справаздачнасці па экспарце паслуг, комплекснага падыходу да іх аказання.
Зацікаўленым і эмацыянальным было выступленне дырэктара санаторыя “Лясныя азёры” Ігара Аляксеевіча Шыяна. Недавыкананне раёнам у 2014 годзе даведзенага задання па экспарце паслуг абумоўлена ў вялікай ступені аб’ектыўным фактарам – абвалам расійскага рубля адносна долара. Ігар Аляксеевіч і іншыя ўдзельнікі пасяджэння выказалі прапанову аб мэтазгоднасці змянення адзінкі вылічэння паказчыка экспарту турыстычных паслуг, якой зараз з’яўляецца амерыканскі долар. “Калі лічыць па ложкаднях, то за прайшоўшы год наш санаторый аказаў паслуг расійскім кліентам на 33 працэнты больш, чым у 2013м годзе, адпаведна, прынёс у раённую казну больш валюты. Калі ж рублі пералічылі ў долары, аказалася, што даведзены паказчык нявыкананы. Атрымліваецца парадаксальная сітуацыя”, – аналізаваў становішча І.А.Шыян. Аб цяжкасцях, выкліканых нестабільнасцю курсаў валют і высокімі цэнамі на паляўнічыя пуцёўкі для замежных грамадзян, казалі старшыня РГА “БТПР” В.І.Шэршань і паляўніцтвазнаўца Ушацкага лясгаса А.М.Скарабагаты. Вельмі знізіла цікавасць паляўнічых да нашых угоддзяў і неспрыяльная эпізаатычная сітуацыя, а дакладней, забарона на вываз здабытага падчас палявання мяса дзікоў.
С.А.Астаніна адзначыла, што ў такой няпростай сітуацыі трэба як ніколі беражліва падыходзіць да кожнай магчымасці прыцягнуць на Ушаччыну турыстаў. У прыватнасці, развіваць аб’екты прыдарожнага сэрвісу (іх у раёне зараз налічваецца 8), абсталёўваць пляцоўкі для аматараў моднага зараз кэмпінгтурызму, добраўпарадкоўваць зоны адпачынку і, канечне, актыўна рэкламаваць турыстычны патэнцыял раёна – зрабіць гэта, дарэчы, можна будзе падчас адмысловай выставы, якая хутка пройдзе ў Мінску.
Наталля БАГДАНОВІЧ.
Цікавыя людзі… Ну, навошта шукаць чорную котку у цёмным пакоі, тым больш што коткі там няма. Трэба ўсяго толькі кланаваць «Лясныя азёры».