Дзеці – галоўная каштоўнасць нашага жыцця. Усведамляючы гэта, мы тым не менш зусім няшмат часу выкройваем для непасрэдных стасункаў з імі, спасылаючыся то на занятасць (пагуляй адзін, мне трэба памыць посуд), то на стомленасць (не прыставай, я на рабоце замарыўся). Вось чаму верш у выкананні 4гадовага хлопчыка пра тое, як яны з татам збіраліся пагуляць у касманаўтаў, але той не змог пераадолець прыцягненне канапы, выклікаў жывыя эмоцыі ў дарослых, якія сабраліся на пасяджэнне клуба “Сям’я” ў дзіцячым садзе №1.
Гэтая цікавая сустрэча была прымеркавана да Дня закаханых, бо ставіла мэтай яшчэ раз нагадаць усім, што няма на свеце больш цудоўнага пачуцця, што цеплыня адносін патрэбны і зусім маленькім, і сталым. Тэме кахання былі прысвечаны ўсе выступленні выхаванцаў 2ой малодшай групы. Захапленне і замілаванне дарослых выклікалі як вакальныя нумары, так і танцавальныя: усім спадабаліся чароўныя дзяўчаткіцыганачкі, нельга было без смеху глядзець на нумар “Бабулькі”, калі пераапранутыя ў старых пляткарак хлопчыкі абгаворвалі “вольныя паводзіны” сучаснай моладзі і ліха вытанцоўвалі з кіёчкамі. І калі дома таты і мамы, як прыгадвалася вышэй, не заўсёды знаходзяць час на гульні, то ў гэты вечар “адкруціцца” ім не ўдалося. Дарослыя і дзеці памяняліся месцамі: першыя бегалі навыперадкі, складвалі кубікі, гулялі ў жмуркі, а сынкі і дочкі заўзята перажывалі за сваіх бацькоў.
– Клуб “Сям’я” дзейнічае ў нашай установе ўжо не першы год, з’яўляецца дадатковым кампанентам выхаваўчага працэсу і, можна сказаць, нашай “візітоўкай”, – расказвае загадчык ясляўсада №1 Святлана Віктараўна Ушакова.
Вядома ж, важна не толькі прыдумаць цікавую ідэю, але і ўдала яе ўвасобіць. Кіраўнік клуба Алена Мікалаеўна Падгола імкнецца зрабіць так, каб кожнае пасяджэнне праходзіла ў цёплай абстаноўцы, было не толькі забаўляльным, але і карысным. Гэты вопытны спецыяліст пастаянна шукае новыя варыянты правядзення пасяджэнняў клуба: апошняе, напрыклад, прайшло ў форме сямейнага свята. А завяршылася яно агульным карагодам, які сімвалізаваў галоўную мэту мерапрыемства – яшчэ больш з’яднаць маленькіх і дарослых членаў сямей.
Наталля БАГДАНОВІЧ.