У суботу адбылася традыцыйная “Віцебская лыжня2015”, але на гэты раз самае масавае абласное спартыўнае мерапрыемства прайшло не ў Віцебску, а ў Гарадку. І хоць зіма ўжо здае свае пазіцыі, у тым, што свята адбудзецца, ніхто не сумняваўся: новая лыжаролерная траса размясцілася ў такім месцы Віцебшчыны, дзе снег і марознае надвор’е трымаюцца больш, чым у іншых кутках нашага краю. Лыжнікі з усіх рэгіёнаў вобласці апрабавалі новую трасу. Па традыцыі ў турніры прынялі ўдзел чыноўнікі, работнікі розных прадпрыемстваў і арганізацый, студэнты. Разам са старшынёй Віцебскага аблвыканкама М.М.Шарстнёвым на старт выйшлі кіраўнікі большасці раёнаў вобласці. Сёння ў краіне ўдзяляецца вялікая ўвага масаваму спорту і здароваму ладу жыцця і прыцягваць людзей да гэтага трэба менавіта асабістым прыкладам – лічыць губернатар.
Ушацкі раён у лыжным забегу прадставілі Ігар Пятровіч Шышко, Андрэй Вітальевіч Галяковіч, Аляксей Казлоўскі і Святлана Леанідаўна Дулуб. І хоць не прыйшлі на фініш першымі – зусім не перажывалі, бо галоўнае ў “Віцебскай лыжні” не спартыўныя дасягненні, а ўдзел, а таксама эмоцыі і зарад бадзёрасці, які атрымалі на лыжнай трасе разам з калегамі з усёй вобласці. Узначальвала нашу спартыўную дэлегацыю старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка. Яна, як і многія іншыя ўдзельнікі, была ўражана спартыўнай падрыхтоўкай губернатара вобласці Мікалая Мікалаевіча Шарстнёва, які выдатна справіўся са сваёй дыстанцыяй.
У праграме свята былі не толькі лыжныя эстафеты і індывідуальныя гонкі, але і спаборніцтвы па шахматах, шашках, дартсе, гіравым спорце, перацягванні каната, армрэстлінгу і мініфутболе, у якіх таксама прынялі ўдзел ушачане.
У гэты ж дзень побач з лыжаролернай трасай прайшло і абласное свята провадаў зімы “Масленічны разгуляй”. Гасцей мерапрыемства частавалі блінамі, салдацкай кашай і гарбатай, стравамі беларускай нацыянальнай кухні. Работнікі культуры Віцебшчыны падрыхтавалі тэатралізаванае прадстаўленне і канцэрт. Нікога з удзельнікаў свята не пакінуў раўнадушным конкурс снежных фігур, а таксама паказальныя выступленні выратавальнікаў, дэсантнікаў і парашутыстаў.
С.КІСЛЫ, старшыня ФСК “Ураджай”.