С аншлагом прошёл концерт группы «Тяни-Толкай» в Ушачах

Общество

Пры поўным аншлагу прайшоў у чацвер у раённым Доме культуры канцэрт самага вядомага беларускага гурта “Тяни­Толкай”. Білеты на канцэрт пачалі прадавацца ў пачатку месяца і ў першыя ж дні адразу былі раскуплены ўсе месцы на бліжэйшыя рады, а за тыдзень да мерапрыемства наогул усе былі распрададзены. Прычым, узрост прыхільнікаў гурту даволі шырокі – ад маленькіх ушачан, якія яшчэ наведваюць дзіцячы садок і прыйшлі на канцэрт з татамі і мамамі, да людзей пенсійнага ўзросту.

З першай жа песні артыстам удалося “разагрэць” ушацкую публіку, якая актыўна падпявала, танцавала і не шкадавала апладысментаў.

Да нас у госці “Тяни­Толкай” прыехалі ўжо другі раз, цяпер у рамках свайго юбілейнага турнэ па гарадах Беларусі. Сваё 15­годдзе яны адзначаюць разам з прыхільнікамі ў многіх гарадах і райцэнтрах Беларусі, а 25 лютага адбудзецца вялікі канцэрт з нагоды гэтай даты ў Палацы Рэспублікі ў Мінску.

Удзельнікі гурту – Павел Клышэўскі, Кірыл Клішэвіч, Андрэй Заяц і Павел Тараймовіч – прызналіся, што ім спадабалася ў нашым райцэнтры:

– Утульны і прыгожы гарадок, шчырая публіка: перад такой выступаць – адно задавальненне. Мы ўдзячны ўшачанам за цёплы прыём, за поўную залу, за ўсе пажаданні і добрыя словы ў наш адрас. Абяцаем, што гэта не апошні наш візіт ва Ушачы.

Артысты ахвотна адказалі на ўсе пытанні, якія ў пісьмовым выглядзе паступалі з залы, расказвалі анекдоты, праводзілі конкурсы ну і, канечне, праспявалі як вядомыя і любімыя хіты, так і прэзентавалі новыя песні. Сюрпрызам для гледачоў стала з’яўленне на сцэне маленькай зорачкі Дашы Шабека – удзельніцы вядомага праекта “Я пою”, за якім зараз сочыць уся краіна. Адну песню разам з гуртам праспявала і ўдзельніца “Акадэміі талентаў” Алена Косарава. Гэта два вядомыя праекты агульнанацыянальнага тэлебачання, таму і трапілі ўшачане ў аб’ектыў камеры тэлеканала АНТ, якая здымала канцэрт.

Гледачы працяглымі апладысментамі праводзілі артыстаў, якія ў сваю чаргу не пакінулі ні аднаго жадаючага без сумеснага фотаздымка і аўтографа. Таксама “Тяни­Толкай” пажадалі і ўсім чытачам “Патрыёта” поспехаў, шчасця і здароўя.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *