Як вядома, вайна не заканчваецца тым доўгачаканым момантам, калі змаўкае зброя. Яна доўга напамінае аб сабе: пакуль жывыя матулі, страціўшыя сваіх сыноў, пакуль баляць раны воінаў. І нават пасля дзесяцігоддзяў яна прыходзіць у снах і ўспамінах да “ваяваўшых дзяцей неваяваўшых бацькоў” – так часта называюць воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Толькі неадкладныя, сапраўды важныя справы або ўсё часцей падводзячае здароўе могуць перашкодзіць ім сабрацца 15 лютага. З адкрыццём у нашым райцэнтры памятнага знака воінам-інтэрнацыяналістам у ветэранаў лакальных войнаў з’явілася яшчэ адно месца, куды яны прыходзяць ускласці кветкі і хвілінай маўчання ўшанаваць памяць землякоў і сяброў, загінуўшых на той далёкай вайне, і тых, хто пайшоў з жыцця ўжо ў мірны час.
“Паўгода на такім ад’ездзіў – адзін у адзін!” – паказвае на ўстаноўлены на пастаменце БТР пагранічнік Аляксандр Аўдошка, які разам з братам Анатолем аднымі з апошніх з ушацкіх хлопцаў прымалі ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Афганістана. Нават ім ужо далёка за сорак, а ў некаторых воінаў-інтэрнацыяналістаў сёння падрастаюць унукі, як, напрыклад, у кіраўніка раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Анатоля Рудкоўскага. Разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Вольгай Мікалаеўнай Захарэнкай ён усклаў вянок да памятнага знака, пасля чаго ўсе ўдзельнікі мерапрыемства накіраваліся ў музей народнай славы, дзе ў выставачнай зале прадоўжылася ўрачыстая частка.
У адрас воінаў-інтэрнацыяналістаў гучалі словы ўдзячнасці ад раённай улады. І хоць большасць з іх з’яўляюцца салдатамі і афіцэрамі запасу, але “гонар, доблесць і патрыятызм у адстаўку не выходзяць”. Гэтымі словамі В.М.Захарэнка падкрэсліла актыўную жыццёвую пазіцыю ветэранаў-афганцаў, іх уклад у ваенна-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, разам з намеснікам старшыні райвыканкама Наталляй Мікалаеўнай Марковіч і намеснікам ваеннага камісара раёна Віталем Генадзьевічам Леснічэнкам уручыла воінам-інтэрнацыяналістам кветкі і падарункі.
Месцам правядзення мерапрыемства музей быў абраны невыпадкова. На працягу амаль двух тыдняў тут адкрыта тэматычная выстава з Віцебскага гарадскога музея воінаў-інтэрнацыяналістаў, дапоўненая ўласнымі фондамі нашай установы культуры. Сярод іх асаблівае месца займаюць стэнды, прысвечаныя загінуўшым у Афганістане землякам.
Да месцаў пахавання баявых сяброў, да іх бацькоў накіраваліся неўзабаве дэлегацыі ветэранаў-афганцаў і прадстаўнікоў улады. Матэрыяльную дапамогу, а таксама падарункі ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” атрымалі таксама і сем’і ваеннаслужачых, якія загінулі пры праходжанні тэрміновай воінскай службы ў мірны час. А вось у Дубінец сёлета ехаць не давялося, бо маці загінуўшага воіна-інтэрнацыяналіста Аляксандра Клачка знаходзілася ў райбальніцы, дзе яе са словамі ўдзячнасці за сына наведалі В.М.Захарэнка і А.В.Рудкоўскі.
У Мажуйках ужо даўно чакалі “хлопчыкаў” Міхаіл Макаравіч і Ганна Тарасаўна Ключонкі. Пасля гібелі ў Афганістане іх сына Мікалая яны з асаблівай нерастрачанай бацькоўскай любоўю кожны год 15 лютага сустракаюць яго таварышаў. На жаль, амаль з кожным годам расце і “геаграфія” такіх паездак. На маршруце да Вялікіх Долец акрамя Двор Пліна, Мажуек, Афераўшчыны, Весніцка, Воснава наведалі воіны-інтэрнацыяналісты і вясковыя могілкі Заазер’я. Тут яны схілілі галовы ля свежай, яшчэ без помніка, магілы Валерыя Ляхоўскага, якога аўтакатастрофа зусім нядаўна вырвала і так з нешматлікіх радоў ветэранаў афганскай вайны. Зараз на ўліку ва Ушацкім райваенкамаце засталося 36 удзельнікаў баявых дзеянняў у Афганістане: “Амаль кожны год прыходзіцца кагосьці хаваць”, – з сумам гаворыць А.Рудкоўскі.
Падчас такіх мерапрыемстваў яны заўсёды акунаюцца ва ўспаміны, хоць і сустракаюцца часта, але кожны год прыгадваюць нешта новае, знаходзяць агульных знаёмых, а некаторыя нават высвятляюць, што служылі ў адзін час і ў адным падраздзяленні, а вось пазнаёміліся толькі пасля вяртання дадому на Ушаччыну. А некаторыя, наадварот, трапілі ў наш раён, калі прыехалі жыць і працаваць сюды па запрашэнні аднапалчан, якія сталі для іх баявымі братамі. Так, напрыклад, вялікадальчанін Аляксандр Пугач “перацягнуў” сюды ўраджэнца Гомельшчыны А.Рудкоўскага.
У няспешных і задуменных размовах пачуў і яшчэ адзін цікавы факт. Аказваецца, ёсць сярод ушацкіх воінаў-афганцаў і “інтэрнацыяналістка” – праўда, пражывае яна зараз у Віцебску: ураджэнка Чарапоўшчыны Марыя Мікалаеўна Быкава з 27 кастрычніка 1986 года да 4 лютага 1989 года, амаль да канца вываду абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў з Афганістана, служыла медсястрой у цэнтральным ваенным шпіталі Кабула.
26 год прайшло з той пары, як апошні воін-інтэрнацыяналіст вярнуўся на радзіму. Але чым больш праходзіць часу з той вайны, чым больш сівых валасоў з’яўляецца на галовах гэтых знешне нічым не адметных ад сваіх аднагодкаў мужчын, тым больш яскравей высвечвае памяць падзеі тых дзён. Яны вайну не выбіралі, але яна, страшная і чужая, назаўсёды стала іх гісторыяй, лёсам і болем.
Дзмітрый Раманоўскі.