Создана новая организационная структура — районный Совет объединения профсоюзов

Общество

На мінулым тыдні ў малой зале райвыканкама прайшло першае пасяджэнне новай для Ушаччыны арганізацыйнай структуры – раённага Савета аб’яднання прафсаюзаў. У яго рабоце прынялі ўдзел прадстаўнікі большасці прафсаюзных арганізацый раёна, а таксама ганаровыя госці з Віцебска на чале з намеснікам старшыні абласнога аб’яднання прафсаюзаў В.М.Лугаўцовым.

Віктар Міхайлавіч паведаміў прысутным, што Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі прынята рашэнне аб стварэнні на базе кожнай адміністрацыйнай адзінкі – у тым ліку на Ушаччыне – раённага аб’яднання прафсаюзаў. Мэта – каардынацыя дзейнасці ўсіх галіновых прафсаюзных падраздзяленняў, іх цэнтралізацыя, стварэнне адпаведнай “вертыкалі”, што дазволіць больш аператыўна і эфектыўна рэагаваць на запыты часу. У нашым раёне кіраўніком названага аб’яднання назначаны М.І.Бухалка, які раней працаваў намеснікам старшыні райвыканкама.

У зваротным слове да прысутных Мікалай Іванавіч акрэсліў галоўныя задачы, ускладзеныя на Ушацкае раённае аб’яднанне прафсаюзаў:

— Мы будзем займацца абаронай працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў членаў прафсаюзаў, у прыватнасці, пры вырашэнні калектыўных і індывідуальных працоўных спрэчак. Важным накірункам у нашай рабоце стане арганізацыя і ажыццяўленне грамадскага кантролю за захаваннем заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб працы і ахове працы. Пры неабходнасці будзем прадстаўляць інтарэсы прафарганізацый і іх членаў у мясцовых выканаўчых і распарадчых органах, судах, у адносінах з іншымі арганізацыямі. Зараз жа асаблівая наша ўвага будзе звернута на падрыхтоўку і правядзенне мерапрыемстваў да 70-годдзя Перамогі, аказанне дапамогі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, іх сем’ям. На парадку дня будзе і падрыхтоўка да не менш значнай падзеі – выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Дарэчы, прагаласаваць прысутным неабходна было ўжо падчас пасяджэння – быў выбраны састаў прэзідыума і намеснік старшыні Ушацкага раённага аб’яднання прафсаюзаў – ім стаў Уладзімір Мікалаевіч Круглік, кіраўнік раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *