Рецепты семейного счастья от семей Куленок и Белоусовых

Золотые юбиляры

Знайсці каханне няпроста. Яшчэ складаней захаваць яго на доўгія гады, пранесці праз жыццёвыя выпрабаванні. Героям нашага аповеду гэта ўдаецца. І хоць стаж сямейнага жыцця гэтыя дзве пары маюць зусім розны, яны будуюць свае адносіны на аднолькавых прынцыпах – узаемаразу­менні, цярплівасці і, канечне, каханні.

У мінулым лістападзе Генадзь Іванавіч і Надзея Маркаўна Кулянок адзначылі ізумруднае вяселле – 55 гадоў сумеснага жыцця.

Калі ў канцы 50-х у Лажаншчыну пераехала сям’я Кулянкоў, літаральна ўсе мясцовыя дзяўчаты “паклалі вока” на статнага прыгожага юнака Гену. Ён жа вылучыў між іншых добразычлівую абаяльную Надзю, якая была старэй на два гады. Зажывацца маладой сям’і было няпроста, усяго даводзілася дасягаць цяжкай працай. У трыццаць гадоў Генадзь ужо быў бацькам двух сыноў і дзвюх дачок. Як зараз жартуе, “у тыя ж часы ні тэлевізару, ні нават свету ў нашай вёсцы не было, вось і павялічвалася насельніцтва, не тое што зараз”. Клопат аб дзецях у асноўным лёг на жонку, якая да таго ж паспявала працаваць у паляводчай брыгадзе, даглядаць вялікую гаспадарку. Сам жа галава сямейства ўвесь час праводзіў у полі: спачатку быў трактарыстам, улікоўцам, а з набыццём у тэхнікуме спецыяльнасці агранома – брыгадзірам паляводаў, начальнікам участка. Як з усмешкай адзначае Генадзь Іванавіч, за сваю працоўную кар’еру “перажыў” з дзясятак кіраўнікоў кубліцкай гаспадаркі. На вялікіх урадлівых палях у наваколлі Судзілавіч, Ідуты, Скачых у былы час акрамя зерневых вырошчвалі бульбу, лён, буракі. Ды і людзей на палявых работах было занята шмат: у брыгадзе Генадзя Іванавіча працавала каля 60 чалавек, і большасць з іх жанчыны, многія з якіх праяўлялі цікаўнасць да віднага брыгадзіра. Да таго ж з Полацка пастаянна прыязджалі шэфы са “Шкловалакна”. Мужчына прыгадвае, як аднойчы ў вельмі спякотны дзень гараджанкі на праполцы буракоў распрануліся да ніжняй бялізны. Мужыкі з брыгады не ведалі, куды дзяваць вочы, бо ў той час у вёсцы жанчыны нават купацца хадзілі ў сарочках, а пра бікіні ніхто нават не чуў. Даведаўшыся пра такі “стрыптыз”, асобныя кабеты пагналі сваіх мужоў дамоў. Але ж Надзея Маркаўна ставілася да падобнага з жаноцкай мудрасцю: калі мусіш правесці з мужчынам усё жыццё, трэба ўмець яму давяраць, прапускаць міма вушэй плёткі і нагаворы. “А ўвогуле нам і пасварыцца не было калі, – расказвае жанчына. – Генадзь увесь дзень у полі, а ў гарачую пару і з цёмным. Мне ж таксама не прадыхнуць было ад спраў…”

Здаецца, усё гэта было толькі ўчора, а за плячыма ўжо больш паўвека сумесных дзён і начэй, падзеленых пароўну радасцей і турбот. Даўно раз’ехаліся дзеці, выраслі ўнукі, засталіся ў мінулым напружаныя працоўныя будні, ды і з хатняй гаспадаркі на падворку засталіся толькі куры з качкамі ды некалькі трусоў – каб ужо зусім без справы не сумаваць. Аднак не адчуваецца ў іх утульным доме таго пачуцця адзіноты і безвыходнасці, якім бываюць прасякнуты вясковыя хаты пажылых людзей, асабліва ўзімку. Яму няма тут месца, бо і зараз жыве ў гэтых сценах цяпло праверанага гадамі кахання.

Аказваецца, няпоўны дзясятак пражытых сумесна гадоў завецца ў народзе рамонкавым вяселлем. Ну а калі гэтае сямейнае свята прыходзіцца на Дзень закаханых, хіба гэта не нагода, каб адзначыць яго ў прыемнай кампаніі родных і сяброў?

Дарэчы, дзень 14 лютага Вячаслаў і Юлія Белавусавы абралі для вяселля наўмысна, бо ўжо тады збіраліся штогод ушаноўваць гэтую самую знакавую ў іх жыцці дату. А калі іх шлюб адзначыў пяцігадовы юбілей – упершыню ў гісторыі ўшацкага загса правялі ўрачысты абрад драўлянага вяселля. Да сямейных свят яны рыхтуюцца загадзя: упрыгожваюць кватэру, набыва­юць адзін для аднаго сімвалічныя падарункі. Прычым, робіцца гэта ў адмысловым стылі, вызначаным назвай вяселля. Сёлета ў Юлі асаблівых праблем з дызайнам не было, бо рамонкі – яе любімыя кветкі. Яны падобны на сонейка і… на саму дзяўчыну. А таму, калі чакала мужа з працоўнай камандзіроўкі, зрабіла яму сюрпрыз: паклеіла ў кухні шпалеры з рамонкамі.

Яны ведалі адзін аднаго даўно, але пасябравалі, калі ўладкаваліся на працу ў адну арганізацыю. А дзесьці праз год зразумелі, што іх адносіны ўжо не ўкладваюцца ў рамкі сяброўскіх: пераходам на “новы ўзровень” стаў першы пацалунак. Слава з Юляй захавалі ў сваёй памяці і гэты дзень – і цяпер 1 верасня для іх таксама двайное свята – дата першага пацалунка і дзень, калі ідзе ў школу іх сын Ваня.

Муж і жонка лічаць, што галоўны вораг сямейнага ладу – сум і аднастай­насць быту. А таму кожны праведзены разам вольны дзень намагаюцца напоўніць цікавымі справамі і падзеямі. Выхадны ля тэлевізара – гэта не для іх. Веласіпедныя паходы, экскурсіі, прагулкі па лесе, спартыўныя спаборніцтвы – усё гэта рэгулярна ў распарадку іх жыцця. Вось і сённяшні суботні дзень яны пачалі на спартакіядзе працоўных калектываў.

Як бачна, рэцэпты шчаслівага сямейнага жыцця ў кожнага свае. Галоўнае, трапятліва берагчы каштоўны дар кахання, і тады праз гады рамонкі ператворацца ў ізумруды.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *