К счастью через муки. История ветерана войны Валентины Станиславовны Ильюшевич

70-годдзе Перамогі

Сваё цяперашняе прозвішча ўраджэнка вёскі Абруб Глыбоцкага раёна Валянціна Станіславаўна Ільюшэвіч атрымала ад мужа, таксама ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. Дзявоцкае ж прозвішча Маўчун ёй зусім не падыходзіць – расказвае жанчына цікава, жыва і звязна. Гэта абсалютна не стасуецца з тым, што ў Валянціны Станіславаўны няма ніякай адукацыі – нават пачатковай. “На пана працавала, потым вайна, зноў праца, вось і не было калі ў школу хадзіць, – з усмешкай каменціруе маё здзіўленне ветэран. – Чытаць і пісаць мяне ўжо дарослую навучыў муж, Васіль Паўлавіч, які быў вельмі пісьменным, бо да вайны скончыў сямігодку”.

Парадокс, але каб не суровыя выпрабаванні, яны, магчыма, і не ведалі б адзін пра аднаго. Сапраўдная вайна для дзяўчыны пачалася са страты блізкіх людзей – нехта з аднавяскоўцаў выдаў немцам яе бацьку, які быў падпольшчыкам і трымаў сувязь з партызанскай брыгадай імя Суворава.

– Каб не аўчарка, дык тата ўцёк бы, – у чарговы раз успамінае трагічны момант жыцця Валянціна Станіславаўна. – Яна дагнала яго, паваліла, а карнікі застрэлілі. Акрамя нашай сям’і ў той дзень многа людзей яны схапілі. Цяпер як успомню – слёзы душаць, плачу, а тады – як усё роўна і не з намі гэта было, нібы з боку назірала за іншымі. Паліцай ударыў маму рукаяткай пісталета прама ў твар, выбіў зубы. Размаўляць не дазвалялі, загналі ў Зябкі і на адкрытай платформе павезлі ў Глыбокае, дзе як сям’ю “бандыта” кінулі ў турму. Будынак і цяпер перад вачамі стаіць – старажытны, з кратамі на вокнах. Зачынілі, як скаціну, есці не давалі. Праз двое сутак мужчын адправілі пілаваць і калоць дровы, а мяне з сястрой – убіраць у пакоі афіцэра. Запомніла яго, бо даў нам па кавалку хлеба з маргарынам і па два пячэнні, але падзяліцца з роднымі не дазволіў, паказаў, каб елі ў памяшканні – мабыць, не хацеў, каб убачылі яго хвілінную “слабасць”.

Цётка Валянціны Станіславаўны, працаваўшая ў пана, змагла неўзабаве забраць іх да сябе. А калі маці з дзецьмі вырашылі наведацца на магілу бацькі, то сустрэлі партызан, якія дапамаглі ім перабрацца ў зону, вольную ад немцаў. Валянціна Станіславаўна з маці, дзвюма сёстрамі і двума братамі апынуліся на хутары Гарэлы Бор.

– Партызаны часта наведваліся: з брыгад Мядзведзева, імя Суворава, 2-ой Сіроцінскай Кароткіна, – працягвае ўспамін жанчына. – Ва ўладальніка хутара Антонія Пяткевіча было пяцёра сваіх дзяцей. Карміць яшчэ і нас было вельмі складана, але ён ніколі і словам не абмовіўся пра гэта. Дапамагалі партызаны, а мы ў сваю чаргу стараліся быць карыснымі для іх. Я ў Зябкі ездзіла за прадуктамі, бульбу вазіла, соль, запалкі, разносіла лістоўкі.

У пачатку 1944 года Валянціна Станіславаўна трапіла ў партызанскі атрад:

– Пачыналася блакада, немцы бамбілі запальнымі бомбамі. Помню фамілію камандзіра – Грыдзін, які звярнуўся да мяне з сястрой і дачкі Пяткевіча: “Хто не баіцца параненых перавозіць?” – так я трапіла ў шпіталь брыгады. Ніколі не забуду ваенурача Лідзію Рыгораўну Кротаву, якая для параненых байцоў была і доктарам, і сястрой, і маці. Наогул, мне ў жыцці шанцавала сустракаць добрых людзей, ад іх вучылася цярпенню і чалавечнасці нават у самых складаных умовах. Раненыя ляжалі па двое на ложках, катастрафічна не хапала бінтоў. Іх, акрываўленыя, я мыла ў першых кастрычніцкіх лужынах. Помню, нахіляешся, а ў вадзе ад вошай ажно шэра! Немцы наступалі, і паўстала пытанне эвакуацыі шпіталя. Тых байцоў, якія не маглі хадзіць, грузілі на падводы, а тых, хто хоць крыху мог перасоўвацца самастойна, замацавалі за намі, грамадзянскімі. Намеснік камандзіра брыгады наведаў нас, казаў, “калі хто пакіне раненага – расстрэл!” Я вяла Фёдара Новікава, раны яго ўжо зацягнуліся, але быў хлопец вельмі слабы.

Не памятае ўжо Валянціна Станіславаўна ўсе назвы населеных пунктаў, праз якія праходзілі ў тыя страшныя дні, а некаторыя, наадварот, з памяці не выкінеш, як бы ні стараўся:

– Як на Падсвілле ехаць, паміж Кульчаёў і Загацця, пры пераходзе чыгункі трапілі на варожую засаду. Трэба было прарвацца, пераадолець адкрыты ўчастак мясцовасці. Завязаўся хуткабежны, але вельмі жорсткі бой. Узбіраліся на высокі насып, я ў немца мёртвага вінтоўку падабрала, але не для таго, каб страляць – абапіралася на яе і Фёдара валакла, а кулі кругом свішчуць! Толькі калі на другі бок насыпу скаціліся – паверыла, што жывыя, а вось страху не было. Баец мой зусім знясіліў. На нагах у яго былі пасталы з каровінай скуры, па слоце зусім размоклі, а тут яшчэ ў калючым дроце зачапіліся і адсталі ад нашых. Выйшлі да крушні камянёў, прыселі. “Валя, больш не магу! Пакінь мяне, ратуйся сама”, – прасіў Фёдар. На наша шчасце неўзабаве з лесу выйшлі два партызаны, пераапранутыя ў нямецкую форму. Іх камандаванне брыгады накіравала паглядзець, ці застаўся хто з нашых ля насыпу жывымі, яны нас і падабралі.

За ўратаванне жыцця байца, дзяўчыне перад строем народных мсціўцаў намеснік камандзіра брыгады зачытаў падзяку. І хоць не лічыць яна, што ваявала па-сапраўднаму, але на той момант была патрэбна дапамога кожнага. І той факт, што праз дзесяцігоддзі пасля вайны на адкрыццё помніка ля возера Шо, дзе дыслацыравалася брыгада імя Суворава, яе адшукаў і запрасіў асабіста камісар брыгады, сведчыць аб многім.

Яшчэ некалькі дзён і начэй яны ішлі пешшу, везлі раненых да аэрадрома, пад бамбёжкамі і абстрэламі перапраўляліся праз рэкі. Вельмі кранаюць успаміны жанчыны пра ад’ютанта камандзіра брыгады Віктара Гладышава, які па-бацькоўску адносіўся да яе, падтрымліваў, пра загінуўшых маладых сяброў-яўрэяў, разведчыкаў Бірмана і Донду, якія зусім нямнога не дажылі да вызвалення. Пасля яго людзі вярталіся ў родныя мясціны, з нуля пачыналі мірнае жыццё. Акрамя бацькі вялікая сям’я Валянціны Станіславаўны страціла яшчэ і брата, а сама яна апынулася ў Вільнюсе, дзе працавала нянькай і хатняй работніцай у сям’і маёра савецкай арміі. Тут яе і адшукаў Васіль Ільюшэвіч, былы партызан брыгады імя Суворава.

– Васіль Паўлавіч тады ў Савецкай Арміі служыў, быў старэй за мяне на дзесяць год, – з усмешкай успамінае Валянціна Станіславаўна. – Для мяне было вялікай нечаканасцю, калі прыехаў, бо чым я магла яму прыглянуцца? Гэта ўжо ў Вільнюсе гаспадары, якія вельмі добра да мяне адносіліся, адкармілі, і я была ладная, а калі ў атрадзе знаходзілася – скура ды косці. Маці жартавала, што гэта з-за таго, што нарадзілася я 11 верасня, на поснага Яна – худзенькая і невялікая была ўсё жыццё. Дык вось, калі Васіль знайшоў мяне ў Літве, тады пасаромелася прызнацца, што хатняй гаспадыняй працую. Потым пісьмы мне пісаў, а калі звольніўся ў запас і вярнуўся ў роднае Рагозіна, то і я пераехала да маці на Глыбоччыну, каб быць бліжэй да яго. Гаспадары не хацелі мяне адпускаць, нават замуж спрабавалі аддаць за маладога старэйшага лейтэнанта, але я для сябе ўжо вырашыла, што акрамя Васіля мне ніхто не трэба. Зараз у гэта цяжка паверыць, а ён да мяне на спатканні хадзіў пешшу за 40 кіламетраў у адзін бок!

У яе ж, калі на Тройцу ў хату пастукаліся сваты, прыданага не было ніякага, а ўбор на вяселле збіралі па ўсёй радні. Без утойвання расказвае, што свякроў яе не любіла, бо “хацела для сына лепшай долі”:

– Яна ўжо і нявесту была нагледзела, мясцовую – Васіліну Мікалаеўну, настаўніцу з Адворыцы. Але Васіль сказаў, як адрэзаў: “Я ў прымакі не пайду, а багацце самі нажывём!”

І нажывалі, працуючы за “палачкі” ў калгасе. Трымалі многа жывёлы, будавалі дом, разам вялі гаспадарку, нарадзілі сына і тры дачкі, дапрацавалі да пенсіі. Гэты перыяд – самы шчаслівы і памятны ў няпростым жыцці Валянціны Станіславаўны, бо напрыканцы яго яе зноў чакалі выпрабаванні. На Хрышчэнне споўнілася 12 год, як памёр яе Васіль Паўлавіч,  таксама ўжо пайшлі з жыцця  дачка і сын, які ў апошнія гады ў халодную пару забіраў маці ў горад. Сёлетнюю ж зіму яна знаходзіцца ў сацыяльнай палаце Вялікадолецкай бальніцы. Не з-за таго, што дочкі забыліся пра яе, бо тэлефануюць і наведваюць маці пастаянна – проста не хоча іх абцяжарваць, ды і ўмовы пражывання ў сацыяльнай установе называе выдатнымі.

– Тут такі калектыў цудоўны, – усхвалявана дзеліцца ўражаннямі ветэран. – Доктар Ала Мікалаеўна Крыштопенка, як кажуць, урач “ад Бога”, ды і астатнія дзяўчаты клапоцяцца аб нас, знямоглых, як аб родных: мыюць мяне, а я плачу – калісьці я так за параненымі глядзела… Зноў мне на добрых людцаў пашанцавала!

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *