Ёсць людзі, якія спалучаюць у сабе адразу некалькі якасцей вышэйшай пробы. Сярод іх дырэктар Касарской школы М.П.Хоміч.
Перш за ўсё, як расказваюць яго калегі, Міхаіл Пятровіч спаўна адпавядае званню “дырэктар”. Душэўная раўнавага, добразычлівасць, імкненне быць дарадчыкам, кожнага зразумець, кожнаму, хто мае патрэбу, прыйсці на дапамогу. Як вядома, трымаць сябе ў такіх межах удаецца не кожнаму кіраўніку. А яму гэта нескладана, бо выхаванасць, інтэлігентнасць у ім – якасці арганічныя.
Настаўніка здаўна паважалі на вёсцы, на яго прымяралі сябе, а ўжо тым больш калі ён – кіраўнік педагагічнага калектыву. Міхаіл Пятровіч, канечне, добра разумее гэта. Дырэктар стварае ў школе атмасферу павышэння свядомасці настаўнікаў і разам з тым цэніць падначаленых, дзякуючы чаму ў калектыве Касарской школы добрая маральная атмасфера. Вопытныя і маладыя – як адно цэлае. Навучальны і выхаваўчы працэсы спалучаюцца, дапаўняюць адзін аднаго. Школа за гады кіраўніцтва М.П.Хоміча, а гэта амаль два дзесяцігоддзі, вызначалася па многіх напрамках. Некалі на яе базе праводзіўся рэспубліканскі эксперымент – яна была апорнай па ўкараненні дзесяцібальнай сістэмы. Займала першыя месцы па добраўпарадкаванні. У прайшоўшым Годзе гасціннасці школа прыняла ўдзел у прэзентацыі дэндрапарка Касарскога лясніцтва. Быў аформлены раздзел стэнда, на якім змешчаны і прыгожы здымак дырэктара школы на фоне багатых здабыткаў яго “ціхага палявання” – грыбы ён любіць збіраць даўно.
На працягу ўсяго працоўнага шляху побач з Міхаілам Пятровічам знаходзіцца яго жонка Галіна Уладзіміраўна. Іх педагагічны тандэм фарміраваўся яшчэ ў Мазырскім інстытуце. Хаця і на розных факультэтах займаліся (ён – на аддзяленні фізікі і агульнатэхнічных дысцыплін, яна – на філалагічным), але тое, якім павінен быць настаўнік, засвоілі лепшым чынам. З усімі школьнымі клопатамі спраўляюцца разам. Так, вельмі шмат сумесных сіл укладзена ў добраўпарадкаванне тэрыторыі і непасрэдна будынка школы. Пры гэтым Міхаілу Пятровічу спатрэбіўся вопыт, атрыманы ў будаўнічым студэнцкім атрадзе. За час вучобы і службы ў арміі таленавіты малады чалавек асвоіў каля дзесяці відаў дзейнасці: апрацоўку металу і дрэва, разьбу, чаканку, саломапляценне… Развіў і памножыў свае ўменні за час работы настаўнікам працы ў Вялікадолецкай СШ, куды яго і жонку накіравалі пасля атрымання вышэйшай адукацыі. Пад яго кіраўніцтвам у школьнай майстэрні выраблялі карнізы, кухонныя наборы і нават дзіцячую мэблю. Узровень вырабаў дазваляў браць заказы ў насельніцтва і прадаваць. Мадэліраванне самалётаў, танкаў, караблёў асабліва грэла душу педагога, ён жа ў час выбару прафесіі вельмі хацеў вучыцца на лётчыка.
Напэўна, ён мог бы стаць і добрым спартсменам, бо ў школьныя гады займаўся баскетболам, добра страляў, выступаў на абласных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы. Вось што прыгадвае былы вучань Вялікадолецкай і Касарской школ Дзмітрый Раманоўскі:
– Упершыню я ўбачыў сям’ю Хомічаў, калі іх як маладых педагогаў прадстаўляў нам на лінейцы дырэктар Вялікадолецкай школы. Адразу не запомніў, што выкладае Міхаіл Пятровіч, таму, убачыўшы, як амаль на кожным вялікім перапынку ён робіць складаныя практыкаванні на турніку ў школьным спортгарадку, вырашыў, што ён настаўнік фізкультуры. Сваю прыхільнасць да здаровага ладу жыцця ён прывіваў сваім вучням і настаўнікам. Зараз гэта цяжка ўявіць, але ў канцы 90-х, калі Міхаіл Пятровіч узначаліў Касарскую школу, на яе базе праводзілася вясковая спартакіяда па розных відах спорту, у якой удзельнічалі каманды вучняў, настаўнікаў і тры каманды мясцовых працоўных калектываў.
А вось яшчэ адзін былы вучань Пётр Алексяёнак расказвае наступнае:
– Што на яго як на кіраўніка і чалавека можна спадзявацца, я асабліва пераканаўся, калі стаў працаваць у Касарскім клубе. Калі паабяцаў, ніколі не падвядзе. Наогул, адразу пасля прыезду сям’і Хомічаў у Касары, да Міхаіла Пятровіча пацягнуліся людзі, бо бачылі ў новым суседзе аўтарытэтную асобу, разумнага дарадчыка, дастойнага сем’яніна. Да яго звяртаюцца тыя, каму, скажам, трэба тэрмінова адвезці хворае дзіця ў бальніцу, і ён ніколі не адмовіць.
Дырэктар школы вёў у нас фізіку і інфарматыку. Вёў даступна, з энтузіязмам. Калі пазней мы набывалі прафесіі, сталі працаваць у калектывах, валоданне камп’ютарам яшчэ не было такім усеагульным. І мы, выпускнікі невялікай вясковай школы, ганарыліся сваімі навыкамі ў гэтай сферы, якія набылі дзякуючы Міхаілу Пятровічу.
І сапраўды, у свой час М.П.Хоміч без прамаруджвання пачаў асвойваць інфармацыйныя тэхналогіі, бо ведаў: за імі – будучыня, таму ўзняў на прыступку прагрэсу і педагогаў школы. Па словах былой настаўніцы рускай мовы і літаратуры Лідзіі Гаўрылаўны Ільюшэвіч, Міхаіл Пятровіч не толькі наладзіў для калег “лікбез”, але і садзейнічаў набыццю настаўнікамі асабістых камп’ютараў. Вазіў іх на сваёй машыне ў горад, падбіраў у магазіне ўсё неабходнае, дапамагаў аформіць дакументы на растэрміноўку.
Перадаваць свае навыкі, уменні, захапленні тым, хто побач, – усё гэта Міхаіл Пятровіч. А самы-самы занятак для душы – гітара. Ён (а часам і з жонкай) можа бясконца іграць і спяваць, вучні і настаўнікі – бясконца слухаць. Асабліва памятны для многіх адзін незапланаваны канцэрт пасля выпускнога балю. Міхаіл Пятровіч іграў для ўчарашніх старшакласнікаў на гітары ў нязмушанай абстаноўцы некалькі гадзін.
Мы, удзельнікі калектыву аматараў літаратуры і песеннай творчасці раённага цэнтра культуры і народнай творчасці “Муза”, сябрамі якога з’яўляюцца і Міхаіл Пятровіч з Галінай Уладзіміраўнай, таксама нямала радасных гадзін правялі сярод такіх цікавых творчых людзей.
У сёлетні першы калядны дзень Міхаілу Пятровічу споўнілася 50. Прыгожая дата. Наш юбіляр поўны сіл і светлых думак, нягледзячы на тое, што існуе вялікая праблема: з-за скарачэння колькасці вучняў у школе можа стаць пытанне яе закрыцця. Але ж для педагога ўвогуле ніякія сітуацыі не здольны захінуць асноўнага: набыткаў яго вучняў, якія ў розныя часы выходзілі ў вялікі свет. Яны працягваюць вучыцца далей, працуюць у розных сферах. І канечне ж, нясуць па жыцці яго навуку. Нездарма ж, калі аднойчы вучні для напісання сачынення атрымалі тэму “На каго ты хочаш быць падобным?”, абсалютная большасць іх напісала: “На Міхаіла Пятровіча”.
Г.Варатынская.