Возвращение вкладов гарантировано государством. На вопросы читателей ответила директор центра банковских услуг №221 ОАО АСБ «Беларусбанк» Жанна Валентиновна Шевченко

Зваротная сувязь

“Прамая лінія” з дырэктарам цэнтра банкаўскіх паслуг № 221 ААТ “ААБ Беларусбанк” Жаннай Валянцінаўнай Шаўчэнка – гэта па сутнасці лікбез па фінансавай граматнасці. Паколькі літаральна ўсе пытанні датычацца асабістых матэрыяльных інтарэсаў грамадзян. Кожнага індывідуальна, аднак паколькі яны аднолькавыя для ўсіх кліентаў банка – адказы на іх будуць карыснымі нашым чытачам.

– Прачытала ў “Патрыёце” аб тым, што пенсіянерам выдаецца льготны крэдыт, і звярнулася да вас. Папярэдне патэлефанавала, мне пацвердзілі, што сапраўды магу яго атрымаць. Наняла машыну, з работы адпрасіўся паручыцель, аформілі ўсе паперы, прапаноўвалі нават большую суму, а праз пэўны час адмовілі ў крэдыце.

Адказ заяўніцы Жанна Валянцінаўна дала пасля вывучэння дасье.

– Прычына адмовы – запазычанасць па разліках за крэдыт вашага паручыцеля. Нашы супрацоўнікі пытаюцца як у асобы, якая атрымлівае крэдыт, так і ў паручыцеля, ці мае ён крэдыты ў нашым або іншых банках, аднак гэта знаходзіцца на іх чэсным слове. Потым правяраюцца ўсе даныя, высветлілася і пра пратэрмінаваную запазычанасць паручыцеля па крэдыце. Таму раім улічваць і гэтую акалічнасць.

– Ёсць валютны ўклад у вашым банку. Ці вернуць мне мае зберажэнні ў поўным аб’ёме?

– Дзяржава гарантуе поўную захаванасць і кампенсацыю 100 працэнтаў укладаў як у беларускіх рублях, так і ў замежнай валюце (артыкул 186 Банкаўскага кодэкса, Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №22 ад 4 лістапада 2008 года і Закон Рэспублікі Беларусь “Аб гарантаваным вяртанні кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб”.

– Не атрымаецца так, што ўклад мне вернуць у беларускіх рублях?

– Не атрымаецца. Вяртанне ўкладу ажыццяўляецца ў валюце ўкладу.

– Купляў у вашым банку аблігацыю Міні­стэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь у доларах ЗША, неўзабаве наступіць тэрмін пагашэння. Як хутка я змагу атрымаць грошы?

– Пры наступленні тэрміну пагашэння аблігацыі грошы вам вернуць па першым патрабаванні, прычым у любым аддзяленні банка, а не абавязкова ў тым, дзе набывалі.

– Набыўшы аблігацыю, я магу датэрмінова вярнуць грошы?

— Не, вяртанне па аблігацыях ажыццяўляецца толькі пры наступленні тэрміну пагашэння. Аднак вы напэўна ведалі пра гэта, калі набывалі аблігацыю, якая мае шэраг пераваг, а дакладна – больш высокі працэнт. Напрыклад, зараз “Беларусбанк” прадае аблігацыі з даходнасцю 6,5 і 7 працэнтаў гадавых, тады як даходнасць у замежнай валюце па ўкладзе “Валютны экспрэс” ніжэйшая – за першы месяц захоўвання – 5,5, за другі – 6, а за трэці – 6,5. Пры здзелках па аблігацыях, як пакупка, так і продаж, не патрэбны пашпарт, аблігацыю можна падарыць.

– Калі не атрымаецца ў тэрмін зняць сродкі па валютным укладзе, пад які працэнт яны будуць знаходзіцца пасля заканчэння тэрміну дагавору?

– На гэты конт не варта клапаціцца, паколькі па заканчэнні тэрміну дагавору па ўкладзе “Валютны экспрэс” ён можа тройчы перазаключацца на аналагічны тэрмін. А з 30 студзеня па гэтым укладзе прадугледжаны дадатковыя ўзносы. Так што ўсе банкаўскія прадукты маюць свае перавагі.

– Чаму пры станоўчым адказе на атрыманне крэдыту банк не адкрывае крэдытнай лініі?

– У сілу абмежаванняў, уведзеных Нацыянальным банкам (Пастанова №786 ад 19 снежня 2014 года) усім банкам, у тым ліку і “Беларусбанку”, даручана не дапускаць прыросту патрабаванняў да эканомікі ці, іншымі словамі, прыпыніць заключэнне новых крэдытных ліній на спажывецкія патрэбы акрамя крэдытаў па ўказе Прэзідэнта №574 (на аплату экстракарпаральнага апладатварэння). Тыя асобы, якія атрымалі станоўчы адказ на атрыманне крэдыту, будуць запрошаны банкам для заключэння дагавораў, як толькі абмежаванні будуць зняты.

Хачу дадаць, што пры ўзнікненні пытанняў вы можаце звярнуцца ў кантакт-цэнтр нашага банка па нумары 147 або ў любое аддзяленне. Мы заўсёды рады дапамагчы і цэнім нашых кліентаў.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *