Творческое занятие для души. Галина Арсентьевна Колычева с деревни Слобода вышивает самые разнообразные картины

Наш современник Экономика и малый бизнес

Галіну Арсенцьеўну Колычаву са Слабады застала якраз за работай, дакладней сказаць – за любімым заняткам. Жанчына вышывала чарговую карціну.

– Вось дачка папрасіла вышыць для яе “Камни умиления”, убачыла карціну ў інтэрнэце, спадабалася, раздрукавала мне ўзор, і я цяпер з задавальненнем працую над гэтай незвычайнай выявай, – расказвае жанчына, паказваючы мне сапраўды нестандартны малюнак з мноствамі адценняў зялёнага, чорнага і шэрага колераў.

Здавалася б, у такім узросце ўжо падводзіць зрок і вышываць крыжыкам не самы прыемны занятак, а для Галіны Арсенцьеўны ж – зусім наадварот. Гэтая карпатлівая работа прыносіць задавальненне і займацца ёй можа гадзінамі, адклаўшы ўсе справы. У кожным пакоі дома адчуваецца творчая рука гаспадыні. Сцены ўпрыгожваюць самыя розныя карціны, вышытыя крыжыкам, ад простых да складаных. Прыгожыя ружы і лілеі, макі і архідэі, імклівыя коні і стройныя чаплі, як жывы тыгр і прыгожыя пейзажы. Побач з абедзенным сталом карціна, на якой дзве бабулі каля самавара за чаяпіццем. Дарэчы, гэты шэдэўр Галіна Арсенцьеўна вышыла ўжо шмат гадоў таму, а глядзіцца ён і зараз выдатна, хоць і зроблены яшчэ на старой канве. Спецыяльна для кухні вышыла карціны з кубачкамі кавы і гарбаты. А колькі вышыванак за гэтыя гады падорана дзецям, родным, сябрам і знаёмым! Для кожнай работы знаходзіцца і падыходзячая рамка – ці то купленая ў магазіне, на рынку, ці то зробленая пад заказ.

Вышываць Г.А.Колычава пачала яшчэ ў дзяцінстве, напэўна, гэты дар быў закладзены генетычна, бо заўсёды вышывалі маці і цёткі. Спачатку гэта былі больш простыя вышыўкі гладдзю, а потым і крыжыкам. У маладосці не хапала часу на гэты занятак, бо было мноства дамашніх клопатаў: сям’я, праца, хатняя гаспадарка і агарод. Калі ж з дому паехалі дочкі Ніна і Жанна, калі жанчына засталася без свайго вернага спадарожніка жыцця, калі балела сэрца і апускаліся рукі, яна стала больш займацца творчасцю. Апошнія 16 гадоў пасля выхаду на пенсію не праходзіць ні аднаго дня без гэтага любімага занятку. Галіна Арсенцьеўна сцвярджае, што ме­навіта вышыванне крыжыкам вельмі супакойвае і адцягвае ад дрэнных думак. Тут, як вядома, пастаянна трэба падліч­ваць клетачкі і крыжыкі – не дарэмна ж псіхолагі заўсёды раяць нам лічыць да ста, каб супакоіць нервы.

Ідэі для сваіх работ Галіна Арсенцьеўна чэрпае з журналаў “Гаспадыня”, “Ксюша”, штосьці раяць дзеці, убачыўшы цікавыя знаходкі ў інтэрнэце.

Як прынята ў многіх дамах, у кутку галоўнага пакоя Г.А.Колычавай размясціліся іконы. Адрозненне гэтых ад звычайных купленых – яны выраблены сваімі рукамі. Здаецца, што вышываць іконы задача не з лёгкіх – шмат тонкасцей, колераў. Для нашай жа майстрыхі зусім наадварот: лягчэй за ўсё даюцца менавіта іконы! Неяк уся справа ідзе на адным дыханні, выяву Уладзімірскай Божай маці вышывала дзесьці каля месяца, а на Мікалая Угодніка пайшло каля двух тыдняў.

Адна з ікон вышыта крыжыкам не ніткамі, як гэта звычайна робіцца, а бісерам. Гэта яшчэ больш складана і карпатліва, але ж вынік уражвае сваёй прыгажосцю. Так, акрамя вышывання паспрабавала сябе жанчына і ў папулярным бісерапляценні. Пачала з вельмі простых матылькоў, чарапах і падобных, якіх пляла для ўнучкі, потым перайшла да больш складаных фігур. Справа зацягнула, і сёння ў інтэр’еры дома ёсць кветкі, дрэўцы і многае іншае з бісеру.

Галіна Арсенцьеўна пастаянна чаргуе свае творчыя заняткі, крыху павышываўшы, зоймецца бісерам. У гэтых справах і праходзіць кожны дзень жанчыны. І нават калі ў мінулым годзе зламала левую руку, пасядзела без любімага занятку толькі тыдзень-другі, а потым і з хворай рукой усё роўна прынялася за вышыванне!

Пераймаюць творчыя здольнасці бабулі і любімыя ўнучкі. Нават суседку, якая сумнявалася ў сваіх здольнасцях, навучыла вышываць крыжыкам. Усім пачынаючым Г.А.Колычава раіць абіраць самы просты малюнак, выкарыстоўваючы спачатку толькі адзін колер нітак, паступова пераходзіць да больш складаных выяў і адценняў. Паспрабуйце, магчыма і вы з галавой акуняцеся ў цікавы свет творчасці!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *